«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: TikTok-акаўнты «Нашай Нівы», Reform.news і інтэрв’ю Ціханоўскай
10 чэрвеня Міністэрства інфармацыі Беларусі чарговы раз абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Выява створана БАЖ з выкарыстаннем ChatGPT
Паводле рашэння суда Маскоўскага раёна Мінска ад 6 чэрвеня 2025 года ў «экстрэмісцкі» спіс на сайце Мінінфарма ўключылі старонку ў TikTok з назвай «nnvideotv» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@nnvideotv). «Самае цікавае з сюжэтаў «Нашай Нівы», — так прэзентуе сябе гэты відэарэсурс.
У той самы дзень, 6 чэрвеня 2025 года, суд Маскоўскага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» старонку ў TikTok з назвай «Неделя цитат» (Phoenix INFO)» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@quotesweek). Гэта акаўнт беларускага анлайн-выдання Reform.news. Рэсурс мае больш за 5 тысяч падпісчыкаў. Іншыя інтэрнэт-рэсурсы медыя ўключалі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў раней. Да прыкладу, яшчэ адна яго старонка ў TikTok з назвай «reformculture» была прызнаная «экстрэмісцкай» сёлета ў красавіку.
4 чэрвеня 2025 года суд Ленінскага раёна Магілёва пастанавіў лічыць «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» відэаролік «Светлана Тихановская: “Страшно почти каждый день, но…” Откровенное интервью» на YouTube-канале «И Грянул Грэм». Ідэнтыфікатар відэароліка на сайце Мінінфарма не ўказаны, згадваецца толькі ідэнтыфікатар канала, які мае 1,2 мільёна падпісчыкаў. Сёлета ў красавіку «экстрэмісцкімі матэрыяламі» былі прызнаныя Telegram-каналы гэтага медыяпраекта — «И Грянул Грэм», «И Грянул Грэм Chat».
