«Экстрэмісцкім фармаваннем» прызналі ініцыятыву «Plan B»
У абноўлены 13 лістапада 2025 года «Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» дадалі ініцыятыву «Plan B». Гэта беларускае аўтарскае медыя, якое піша пра палітыку, эканоміку і ўсё, што хвалюе беларусаў у сваёй краіне і ў замежжы.

Галоўная рэдактарка выдання «Plan B.» Вольга Лойка.
Фота: planbmedia.io
Паводле інфармацыі на сайце МУС, гэтая ініцыятыва «Plan B» прызнана «экстрэмісцкай» паводле рашэння КДБ ад 5 лістапада 2025 года. У ім згаданыя Вольга Лойка, Андрэй Махоўскі і Дзмітрый Смірноў — у якасці ўдзельнікаў «экстрэмісцкага фармавання». Апрача іх, туды нібыта ўваходзіць яшчэ група неназваных грамадзян.
Таксама на сайце МУС згадваюцца інтэрнэт-рэсурсы, праз якія нібыта здзяйсняецца «экстрэмісцкая» дзейнасць. Гэта інтэрнэт-сайт «Plan B» (ідэнтыфікатар https:\\planmedia.io), аднайменныя старонкі ў Facebook (ідэнтыфіктар https://www.facebook.com/mediaplanb); Instagram ( ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/planmediaio); X (ідэнтыфікатар https://www.x.com/Planmediaio) і Telegram-канал «План В» ( ідэнтыфікатар https://t.me/planbmediaio).
Сайт і сацсеткі інтэрнэт- выдання, а таксама яго Telegram-канал і YouTube-канал разам з лагатыпам у ліпені 2023 года былі прызнаныя «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».
«Для нас новы статус не мяняе нічога. Мы будзем працаваць для вас гэтаксама, як і раней», — піша сайт «Plan B». Але рэдакцыя папярэджвае чытачоў, што цяпер супрацоўніцтва з ініцыятывай будзе лічыцца «садзейнічаннем экстрэмісцкай дзенасці», за якое ў Беларусі прадугледжваецца крымінальная адказнасць.
@bajmedia