• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Экстрэмісцкімі фармаваннямі» абвясцілі «БюроМедиа» і «Палітвязынку»

    9 красавіка 2025 года МУС Беларусі абнавіла Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці. У яго ў ліку іншых уключаны праект «БюроМедиа».

    У дакуменце на сайце Міністэрства ўнутраных спраў пазначана, што рашэннем Камітэта дзяржбяспекі Беларусі ад 1 красавіка 2025 года «экстрэмісцкім фармаваннем» прызнаная «група журналісцкага праекта «БюроМедиа». У якасці датычных сілавое ведамства пералічвае беларускіх журналістаў: Аляксандра Ярашэвіча, Вольгу Альхіменка, Аляксея Карпеку, Ксенію Вязнікоўцаву.

    «Экстрэмісцкая дзейнасць», на думку КДБ Беларусі, ажыццяўляецца праз інтэрнэт-рэсурсы медыяпраекта:

    • сайт buromedia.io,
    • Telegram-канал (ідэнтыфікатар t.me/buroBY),
    • Insta­gram-акаўнт (ідэнтыфікатар instragram.com/buromedia_by),
    • X‑акаўнт (ідэнтыфікатар x.com/BuromediaBY).

    Анлайн-выданне «Бюро медыя» напрыканцы лістапада 2023 года стварылі былыя журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтра. «Мы выкрываем тых, хто выкарыстоўвае грошы і ўладу на шкоду грамадству. Мы знаходзім і расследуем схемы з прыкметамі карупцыі, каб наблізіць перамены да лепшага», — так акрэслівае мэты сваёй дзейнасці каманда праекта.

    Беларускія ўлады рэагуюць вельмі востра на з’яўленне на старонках «Бюро медыя» эксклюзіўнай інфармацыі. Так, 5 студзеня 2024 года літаральна праз паўгадзіны пасля публікацыі расследавання пра замежныя камандзіроўкі супрацоўнікаў «Беларускага Чырвонага Крыжа» доступ да сайта выдання на тэрыторыі Беларусі заблакавалі.

    Далей цягам месяца інтэрнэт-старонкі «Бюро медыя» былі прызнаныя рашэннем суда «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» і ўнесеныя ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    А ў ліпені 2024 года стала вядома, што Аляксандра Ярашэвіча, Аляксея Карпеку і Вольгу Альхіменка абвесцілі ў міждзяржаўны вышук на тэрыторыі Беларусі і Расіі. Супраць журналістаў-расследавальнікаў распачалі крымінальныя справы паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў.

    Журналісты, якія працуюць у «Бюро медыя», неаднаразова перамагалі ў творчым конкурсе Беларускай асацыяцыі журналістаў «Вольнае слова». Уганараваныя за сваю прафесійную дзейнасць яны былі ў 2018 — 2022 гадах і ў  2024 годзе.

    Таксама ў абноўлены 9 красавіка пералік «экстрэмісцкіх фармаванняў» уключаныя ініцыятыва «Палітвязынка», створаная для падтрымкі беларускіх жынчын-палітзняволеных, і праект «Хрысціянская візія» — міжканфесійнае аб’яднанне святароў і вернікаў, якое адсочвае факты рэпрэсій у Беларусі па рэлігійных і палітычных матывах, каб інфармаваць пра іх беларускую і міжнародную грамадскасць.

    Паводле дзеючага беларускага заканадаўства, асобы, прызнаныя ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па артыкулах «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» (арт. 361–1 КК) ці  за «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361–4 КК). Санкцыі гэтых артыкулаў — да 10 гадоў пазбаўлення волі.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці