• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Элеанора Язерская: яркае жыццё і незайздросны фінал першай беларускай тэлезоркі

    Гэта яркая жанчына была першай беларускай тэлезоркай і свецкай ільвіцай, якая мела мноства ўплывовых прыхільнікаў. Яна была каралевай эпатажу, а на розныя фестывалі вазіла з сабой ката, якому прыносілі ежу проста ў гасцінічны нумар. У Элеаноры Язерскай, здавалася, было ўсё — слава, малады кавалер і насычанае на падзеі жыццё. Але ж усё скончылася трагічна і сумна.

    Элеанора Язерская

    Элеанора Язерская ўсё сваё жыццё пражыла ў беларускай сталіцы і называла сябе карэннай мінчанкай. Але гэта быў адзін з міфаў, якімі тэлевядучая любіла сябе акружаць на працягу ўсяго жыцця.

    Насамрэч ейная маці Аўгуста нарадзілася ў Ніжнім Ноўгарадзе. Туды ж у 1942 годзе пасля ранення трапіў малады ўраджэнец Гомельшчыны Аркадзь Язерскі. У шпіталі ён закахаўся ў прывабную доктарку і вырашыў забраць яе да сябе на радзіму.

    Першым у Язерскіх нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Толікам. Але ягоны лёс будзе вельмі кароткім і трагічным — перад адыходам з Мінска нацысты замініравалі многія будынкі, і малы падарваўся на адным з нямецкіх снарадаў і загінуў. 

    Дзяўчынка Элеанора з’явілася на свет у 1946‑м. Мінск тады стаяў у руінах, і Язерскія жылі ў адным з нешматлікіх ацалелых дамоў на вуліцы Савецкай. Жытло гэта было прэстыжнае, бо Аркадзь Язерскі ў 27 гадоў стаў кіраўніком транспартнай службы пры савеце міністраў БССР і адказваў за аўтамабілі, у якіх вазілі рэспубліканскую наменклатуру. Для разумення — большасць мінчукоў у той час жыла ў драўляных бараках.

    Увогуле, жыццё Язерскіх моцна адрознівалася ад жыцця звычайнай савецкай сям’і. За гаспадаркай сачылі служанкі, а за вялікім сталом у кватэры часта збіраліся госці, якія спявалі і танцавалі. А зусім побач з домам, на плошчы Леніна, праходзілі вайсковыя парады, якія вельмі любіла маленькая Элеанора.

    З пяці гадоў дзяўчынка пачала выходзіць на подыум. У доме мадэляў для Элі шылі модныя строі, якія пасля выкупляла яе маці. Але ў выніку дзяўчына выбрала для сябе музычную адукацыю: скончыла вучэльню, а затым і кансерваторыю. 

    Элеанора Язерская

    У застойным СССР Язерская працягвала жыць багемным жыццём. Яе суседзямі былі знакамітыя асобы: напрыклад, вядомы кампазітар Яўген Глебаў, да якога ў госці часта прыходзілі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Пімен Панчанка і іншыя славутыя творцы. А ў кватэру да выпускніцы кансерваторыі завітвалі зоркі ўсесаюзнага ўзроўню: кампазітар Ціхан Хрэннікаў, аўтар музыкі да фільмаў Таркоўскага Эдуард Арцем’еў, акцёр Вахтанг Кікабідзэ і нават Уладзімір Высоцкі. 

    У прыгожай жанчыны было мноства прыхільнікаў, у тым ліку заможных і ўплывовых. Яна карысталася іх увагай, не адмаўляючы ў жаданні дарыць ёй прыгожае жыццё. У той жа час Язерская нікога не падпускала занадта блізка, бо лічыла сябе эгаісткай, якая павінна жыць адна. А таксама прызнавала, што ў яе вельмі складаны характар, якому не зможа даць рады ніводны кавалер.

    Калі Элеаноры Язерскай было 26 гадоў, ёй прапанавалі стаць кіраўніцай музычнай рэдакцыі Беларускага радыё. Але менеджарская кар’ера ніколі дзяўчыну не цікавіла — і яна проста адмовілася. У пачатку 80‑х чарговы кавалер спрабаваў перацягнуць беларуску ў Маскву, і, каб не даць гэтаму адбыцца, кіраўніцтва рэспубліканскага Дзяржтэлерадыё зрабіла ёй унікальную прапанову.

    Так з’явіўся «Музычны салон Элеаноры Язерскай» — першая праграма на савецкім тэлебачанні, названая ў гонар яе аўтара. У эфіры вядучая расказвала пра музыку і кампазітараў, запрашала да сябе музыкантаў, але самае галоўнае — гэта быў цалкам ейны асабісты праект.

    У выніку, «Музычны салон» перажыў і ліхаманку перабудовы, і ўтварэнне новай дзяржавы. Хаця яго вядучая была далёкай ад нацыянальнага руху, яна старалася надаваць больш увагі айчыннай культуры і ў эфіры нават перайшла на беларускую мову. Апроч таго, Элеанора Язерская вядомая як аўтар культавай фразы, якая бліскуча характарызуе як рэжым Лукашэнкі, так і ягоную эстэтыку.

    Калі ў Беларусі зноў зрабілі дзяржаўным чырвона-зялёны сцяг, менавіта Язерская назвала яго «заход над балотам». 

    Пры гэтым тэледзіва заставалася чалавекам савецкай эпохі. Але Савецкі саюз у яе быў свой — з прыслугай, рэстаранамі, Высоцкім у гасцях, паездкамі ў Вільню за 3 рублі і размовамі пра высокае. Шэрасць і дэфіцыты, якія былі рэальнасцю для дзясяткаў мільёнаў іншых грамадзян, ніяк не тычыліся эфектнай жанчыны.

    У 90‑я беларуская свецкая львіца змагла адкрыць для сябе Еўропу — яна з задавальненнем хвалілася журналістам, як перастала лічыць, колькі разоў была ў Парыжы, Венецыі ці Рыме, а таксама як любіць плаваць у Лігурыйскім моры.

    Элеанора Язерская

    У 48 гадоў яна закруціла раман з малодшым за сябе ўдвая калекцыянерам Віталём Жукавым. Хаця з гэтага саюза нічога не атрымалася, бо пара часта сварылася. Жукава жанчына лічыла сваім галоўным каханнем, якое працягнулася амаль два дзесяцігоддзі. Прычым, кавалера Язерская называла на французскі манер: Віталі Жукоф.

    Тым часам імкліва мяняліся эпохі. Калі ў савецкія гады тэлеглядач быў пазбаўлены выбару і глядзеў усё, што паказваюць, то канец дваццатага стагоддзя адзначыўся імклівым прагрэсам тэлебачання, што вымусіла каналы змагацца за аўдыторыю. Тут беларускі тэлевізар стаў заўважна адставаць ад расійскага, бо ў Маскве былі і бюджэты, і больш цікавыя праекты і харызматычныя вядучыя.

    У 2001‑м на БТ вырашылі адмовіцца ад «Музычнага салона», які выходзіў амаль 20 гадоў. Элеаноры Язерскай прапанавалі займацца іншымі праектамі, але яна катэгарычна заявіла начальству, што калі нешта і будзе рабіць на экране, то толькі свой «Салон». Жанчына не магла змірыцца з сітуацыяй, склікала прэс-канферэнцыі, на якіх называла закрыццё перадачы расправай і зачытвала лісты кампазітараў у сваю падтрымку.

    Але нічога не дапамагло — праграму не вярнулі. Нягледзячы на тое, што Язерскай амаль адразу прапанавалі весці эфіры на радыё, яна вельмі цяжка перажывала сыход з тэлебачання. Часам яна была ў дэпрэсіўным стане, а таксама перажыла складаную аперацыю на страўніку і пераезд праз трагедыю на Нямізе, якая здарылася амаль пад вокнамі яе кватэры. Элеанора Язерская расказвала, што больш не магла знаходзіцца ў доме на тагачасным праспекце Машэрава і баялася спускацца ў метро, таму пераехала на плошчу Перамогі.

    Элеанора Язерская

    Былой тэледзіве было цяжка прыняць перамены на экране і сваю незапатрабаванасць. Яна актыўна крытыкавала маладых тэлевядучых, таму што, на яе думку, яны былі непісьменныя і недастаткова адукаваныя. А калі ў 2004 годзе за хабары затрымалі кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова, які прыклаў руку да звальнення Язерскай, тая заявіла, што пры ім БТ ператварылася ў руіны. За гэта Рыбакоў проста з турмы падаў у суд на свецкую львіцу. І ў выніку перамог: ён змог адсудзіць у Язерскай каля аднаго мільёна рублёў, што тады складала каля 500 даляраў.

    З наступленнем старасці былая зорка ўсё часцей стала ўпадаць у дэпрэсію. Яна магла адключыць тэлефон і некалькі тыдняў ні з кім не сустракацца. 

    Яе інтэрв’ю ператварыліся з набораў неверагодных гісторый з жыцця ў невясёлыя споведзі. У іх яна шкадавала, што так і не займела сям’і і не нарадзіла сына. Дарэчы, жанчына вельмі любіла сваіх пляменнікаў і дзяцей знаёмых, вадзіла іх па тэатрах і ў цырк. Сярод тых, каго няньчыла тэлевядучая, быў будучы пераможца «Еўрабачання» Аляксандр Рыбак, які нарадзіўся ў Мінску і быў сынам яе калегі. 

    З іншага боку, калі псіхалагічны стан Элеаноры Язерскай быў у парадку, то візуальна яна фантаніравала эпатажам.

    Яна ўсё ж вярнулася ў тэлевізар. На тэлеканале СТБ яна вяла рубрыку ў штотыднёвай праграме, дзе расказвала пра жыццё дзеячаў мастацтва, здымалася ў розных тэлепраектах і ездзіла на фестывалі. Прычым нярэдка падарожнічала не адна — але не з мужчынам, а са сваім катом, спачатку першым, Казановам, а пасля і другім — якога афіцыйна звалі Рамэа, а неафіцыйна — Ромачка ці нават Раман Аркадзевіч.

    Тэледзіва вельмі ганарылася тым фактам, што сняданкі ў нумар прыносілі толькі ейнаму гадаванцу і Мусліму Магамаеву. А на «Славянскім базары» ў Віцебску вядучая патрабавала ў арганізатараў, каб яе кату давалі асобны бэйджык з акрэдытацыяй. Свайго гадаванца Ромачку яна актыўна аддавала на здымкі рэкламы ды серыялаў і нават хвалілася, што зарабіла такім чынам некалькі тысяч даляраў.

    Пры гэтым харызма і ўменне прыцягваць да сябе людзей у Элеаноры Язерскай нікуды не падзеліся. Ужо ў салідным узросце яна завязала сяброўства з Юрыем Чыжом і Уладзімірам Япрынцавым — аднымі з найбольш уплывовых беларускіх бізнэсоўцаў нулявых. 

    Элеанора Язерская

    Бізнэс-партнёры падтрымлівалі яе матэрыяльна і дапамагалі з ейнымі патрэбамі. Напрыклад, зрабіць рамонт. Наогул, кватэра вядучай нагадвала музей з карцінамі вядомых мастакоў, антыкварнымі гадзіннікамі і іншымі раскошнымі прадметамі. Да сябе Элеанора Язерская любіла запрашаць гасцей і журналістаў, якім расказвала пра свае новыя падарожжы і прыгоды. Хаця хутчэй за ўсё, у апошнія гады гэта былі проста прыдумкі ці пераказаныя старыя гісторыі, каб ствараць уражанне, што ейная зорка яшчэ не закацілася.

    У біяграфіі жанчыны ёсць і некалькі кінароляў — ад маленькіх эпізадычных да даволі сур’ёзных. У фільме «Эскіз на маніторы» Язерская сыграла былую настаўніцу Ірму Адамаўну. Прычым, грала разам з адной вельмі вядомай сёння персонай. Ролю ейнай дачкі Стэлы выканала Вера Палякова, будучая жонка міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея.

    У апошнія гады свайго жыцця першая беларуская тэледзіва ператварылася ў чалавека, якога цяпер прынята называць фрыкам. Эпатажныя вобразы не ўражвалі звычайных беларусаў, а хутчэй здзіўлялі. І калі некаторыя звыкаюцца з гэтым і спрабуюць паймець нейкія плюсы, то для Язерскай гэта было чарговай трагедыяй. Яна пасварылася са сваім найбліжэйшым сябрам Віталём Жукавым і стала ўсё часцей замыкацца ў сабе. Жанчына сядзела дома і бясконца глядзела тэлевізар, дзе было ўсё больш расійскай папсы і прапаганды, і ўсё менш — культурнага прадукту, які жанчына вельмі высока цаніла. Супрацоўнікаў БТ яна называла дылетантамі і непрафесіяналамі, якія ствараюць кантэнт нізкага інтэлектуальнага ўзроўню.

    Нешта крытыкаваць Язерская ніколі не саромелася. Яна разносіла беларускіх артыстаў за прымітыўную творчасць і наракала на «Славянскі базар» за засілле беларускай папсы. А ў інтэрв’ю абуралася — чаму ў Мінску французскі сыр каштуе ў разы даражэй, чым у Вільні?

    Элеанора Язерская чакала, што са з’яўленнем беларускай прэміі «Тэлевяршыня» арганізатары адзначаць яе вялікі ўнёсак у развіццё беларускага тэлебачання. Але гэтага так і не здарылася. Гераіняй шматлікіх перадач яна стане толькі пасля смерці, пра якую стане вядома 16 мая 2014 года. 

    Праўда, памерла Язерская амаль за тыдзень да таго. Увесь гэты час у кватэры гарэла святло і працаваў тэлевізар. 

    Пасля сваякам вядучай давялося апраўдвацца за гэта на тэлеэфірах. 

    З першай беларускай тэлезоркай, якая сышла на 68‑м годзе жыцця, развітваліся ў будынку Белтэлерадыёкампаніі. Пахавалі яе на Усходніх могілках побач з маці Аўгустай і ейным другім мужам, героем Савецкага саюза Аляксандрам Антонавым. Прычым з гэтым чалавекам звязаная яшчэ адна неверагодная гісторыя з жыцця Элеаноры Язерскай.

    Яе бацькі праз 30 гадоў шлюбу вырашылі развесціся — Аркадзь Язерскі пакахаў адну са сваіх сакратарак і пайшоў да яе. Старэйшая дачка, убачыўшы пакуты маці, заявіла той, што абавязкова выдасць яе замуж. І сваё слова стрымала.

    Элеанора Язерская

    Фота: «Камсамольская праўда» ў Беларусі

    У маі 1977-га Элеанора Язерская здымалася на «Беларусьфільме» ў эпізодзе аднаго з фільмаў. У перапынку жанчына выйшла купіць газіроўкі ў аўтамаце з вадой і пабачыла побач прадстаўнічага мужчыну з зоркай Героя Савецкага саюза. Яна адразу ж вырашыла пазнаёміцца з салідным мінаком. Аказалася, што Аляксандр Антонаў адзінокі і жыве ў сваёй асобнай кватэры. Ён пазначыў у нататніку тэлефон нейкай Аўгусты Яфімаўны, якой мусіў пазваніць, каб пазнаёміцца, і праз некаторы час выканаў сваё абяцанне. Ужо праз два тыдні знаёмства Антонаў зрабіў Аўгусце Язерскай прапанову рукі і сэрца. Разам яны пражылі 17 шчаслівых гадоў.

    На магіле Элеаноры Язерскай стаіць сціплы, але прыгожы помнік. На ім няма фота, але вобраз адразу пазнаецца ў мінімалістычнай залатой выяве жанчыны ў капелюшы, любімым галаўным уборы тэлевядучай. Ад часу некаторыя літары і лічбы на магільнай пліце адваліліся.

    Элеанора Язерская

    У лютым 2015-га на сметніцы побач з домам Элеаноры Язерскай знайшлі мноства рэчаў, якія ёй належалі: спадніцы, пінжакі і яркія паліто. На хвалі скандалу сваякі прызналіся, што выкінулі тое адзенне, якое было ў кепскім стане. А калекцыі сукенак, капялюшыкаў і карцін яны планавалі кудысьці перадаць ці прадаць праз дабрачынны аўкцыён. Таксама блізкія тэлевядучай аддалі ейныя архівы і рукапісы ў музей літаратуры і мастацтва.

    Праз год пасля смерці сваякі спрабавалі прадаць тую самую кватэру Язерскай на Плошчы Перамогі. За двушку тады прасілі 140 тысяч даляраў, і пакупнік не знайшоўся.

    Праз восем гадоў маёмасць тэледзівы выставілі на продаж у другі раз — але на гэты раз цалкам адрамантаваную. У новым мінімалістычным дызайне немагчыма пазнаць музейную атмасферу былой гаспадыні. У 2023‑м за кватэру ў сталінцы хацелі на 20 тысяч даляраў менш.

    Элеанора Язерская

    Кватэра Язерскай. Фота: realt.by

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці