Кароткая гісторыя беларускай журналістыкі: адраджэнне, вынішчэнне і выгнанне
БАЖ сабраў слухачоў на лекцыю па найноўшай гісторыі беларускай журналістыкі «Што ўзлятала, а што згасала? Незалежныя беларускія СМІ ад 90‑х і да сёння». Выбралі найважнейшыя моманты з гэтага выступу.

Незалежная прэса ў Мінску. Фота: Канстанцін Амялюшкін (DELFI)
Пачатак: без інтэрнэта і камп’ютараў
У канцы 1980-ых гадоў не было інтэрнэта і камп’ютараў, без якіх немагчыма уявіць цяперашняе жыццё. З чаго тады пачыналася беларуская незалежная журналістыка?
На медыйным небасхіле правілі баль дзяржаўныя газеты «Звязда» і «Советская Белоруссия». Пры гэтым «Звязда» з’яўлялася не самым рэтраградным выданнем: там згуртаваўся асаблівы калектыў, ад якога пазней будуць адгаліноўвацца розныя беларускамоўныя асяродкі. Таксама дзейнічала маладзёвае выданне «Знамя юности», якую ўзначальваў у свой час аналітык Аляксандр Класкоўскі.
Першы нумар газеты «Свабода» выйшаў у 1990 годзе і прысвячаўся Дню Волі. Друкавалася выданне недзе ў краінах Балтыі, якія служылі «тылавай базай для развіцця незалежных СМІ». Па тым часе буханка чорнага хлеба каштавала 20 капеек, а гэтае выданне — 30 капеек, так што незалежная прэса каштавала дарагавата.
Першы нумар «Студэнцкай думкі» выйшаў яшчэ ў 1988 годзе як орган згуртавання «Сьвітанак». Менавіта з гэтага бюлетэня, які і па стылістыцы, і па змесце адносіў нас да беларускага друку 1920–1930 гадоў, пазней паўстануць незалежныя выданні CityDog і 34mag. Усе тры друкаваныя медыі аб’ядноўвае асоба Ірыны Віданавай.
Як новыя беларускія медыі выбіралі сабе назвы? У Беларусі існавала традыцыя вяртацца да вытокаў пачатку 20 стагоддзя. Новае пакаленне журналістаў імкнулася вярнуць ранейшыя набыткі.
Таму і вярнулася «Наша Ніва», якая стала легендай. Яе рашылі аднавіць Сяргей Дубавец і група ягоных аднадумцаў.
Незавершаная трансфармацыя
Ад траўня да жніўня 1991 прайшлі літаральна месяцы. Аднак унутрыбеларуская сітуацыя рэзка змянілася: разбураецца СССР, з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Беларускія СМІ робяцца непазнавальнымі, з’яўляюцца абсалютна новыя магчымасці.
Комсомольская «Знамя юности» выходзіць з лозунгам «Жыве Беларусь!».
Асяроддзе, у якім парцуюць журналісты, пастаянна мяняецца. У жніўні 1991 года, пасля спробы дзяржаўнага перавароту — ГКЧП — наступіла новая эпоха ў беларускіх СМІ.

Газета «Свабода» падчас жнівеньскага путча 1991 года
Пачалася вялікая трансфармацыя дзяржаўных СМІ ў грамадскія, якая, на жаль, была перарваная ў 1994 годзе. На месца старых выданняў прыйшлі новыя.
Канешне, беларусы не дзейнічалі па-пралетарску: «весь мир насилья мы разроем до основанья, а затем…» Вельмі цяжка стварыць новыя СМІ з нуля (хаця часам і ўдаецца, як, напрыклад, у «Газеты выборчай» у Польшчы). Куды прасцей будаваць нешта новае на базе старога. У Беларусі з’явілася перспектыва ператварыць тры асноўныя дзяржаўныя СМІ ў грамадскія СМІ, а з дзяржтэлебачання можна было стварыць грамадскае ТБ, як LRT у Літве.
Не паспеў Лукашэнка прыйсці да ўлады, як аб’явіў вайну незалежнай прэсе.
Ужо 23 снежня 1994 года «Советская Белоруссия», «Звязда» і «Республика» выйшлі з белымі плямамі на месцы, дзе павінен быў размяшчацца антыкарупцыйны даклад дэпутата Сяргея Антончыка. З гэтага моманту вынішчэнне незалежнай прэсы набыло перманентны характар.
Нараджэнне новай прэсы
1988–1996 гады — гэта перыяд выспявання і нараджэнне новай прэсы. Яны былі слабейшыя ў тэхнічным плане, але больш свабодныя.
Самы яркі прыклад — газета «Свабода». Калі здарыўся ГКЧП, то дзяржаўныя СМІ баяліся і маўчалі ў анучку, а Свабода» выступіла з заклікам не падтрыміваць хунту. Нязменным галоўным рэдактарам славутай газеты з’яўляўся Ігар Гермянчук. Ён, як, дарэчы, і рэдактар гродзенскай газеты «Пагоня» Мікола Маркевіч, быў дэпутатам апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 склікання. Фактычна гэта быў першы парламент незалежнай Беларусі, хоць урад і спрабаваў маніпуляваць ім.
«Свабода» — палітычна ангажаванае выданне, яно друкавалася тарашкевіцай. Магчыма, менавіта з‑за яе тыраж выдання не мог перавысіць пэўных лічбаў. Максімальны наклад «Свабоды» складаў 43 тысячы экземпляраў, хаця ў выходных звестках указвалася: «агульны наклад — 100 тысяч, першы завод – 43 тысячы». Сапраўднай лічбай лічыцца якраз другая. Для параўнання: «Знамя юности» на піку папулярнасці мела наклад 800 тысяч, «Народная газета» — 600 тысяч, «Звязда» — да 250 тысяч.
Штотыднёвік «Свобные новости» выйшаў са «Звязды». Гэта, відаць, была ці не першы замах на беларускі таблоід. Спонсарам выдання напачатку быў уладальнік фірмы «Серж» Сяргей Атрошчанка. Аднак пасля шляхі рэдакцыі і асноўнага спонсара разышліся, а газеце давялося змяніць назву: з 2002 года яна выходзіла пад назвай «СН плюс».

Так выглядаў штотыднёвік «Свобные новости плюс»
У гэтыя гады ў беларускай медыяпрасторы з’яўляюцца газеты «Наша Слова» і «Наша Ніва». Першыя гады пасля аднаўлення «Наша Ніва» выступала як літаратурнае выданне, друкавала на першай старонцы апавяданні Дж.Сэлінджэра ці Эдгара По.
Гэтая ж газета стала адзіным беларускім выданнем, якое не паведаміла пра перамогу Лукашэнкі ў 1994 годзе. Аднак адгукнулася на гэтую падзею творам «Акупацыя».

«Наша Ніва», 1994 год
З 1996 года ў «Нашай Ніве» змяняецца не толькі галоўны рэдактар, але і фармат: газета становіцца грамадска-палітычнай.
З’яўленне эканамічнай прэсы
У пачатку 1990-ых у краіне нараджаюцца выданні зусім іншага тыпа — эканамічныя і блізкія да бізнесу. Легендарнай фігурай з’яўляецца Вячаслаў Хадасоўскі, які заснаваў і доўгія дзесяцігоддзі рэдагаваў эканамічны штотыднёвік «Белорусский рынок» (якой пасля давялося змяніць назву на «Белорусы и рынок»). Дарэчы, літаральна з тыдзень таму з турмы выйшаў дырэктар выдання Канстанцін Залатых.
Культавай у 1990-ыя гады стала выданне «Белорусская деловая газета», у якім друкавалася шмат рэкламы. Выдавец — Пётр Марцаў. Да папулярнасці БДГ прывёў Павел Шарамет, якога ўзарвалі ў 2016 годзе ў Кіеве.

БДГ
«Белорусская газета», якая выдавалася з 1995 года, таксама была пазнавальнай, прынамсі, карыкатуры з зайцамі сталі візітоўкай выдання. Там працаваў знакаміты пісьменік Віктар Марціновіч.
Газета «Свабода» пасля першага закрыцця з 2000 годзе выданне выходзіла пад назвай «Наша свабода». Аднак журналіст Міхаіл Падаляк напісаў артыкул пра Анатоля Тозіка — прыбліжанага да Лукашэнкі чыноўніка, які падаў на газету ў суд. Прысуджаны гіганцкі штраф, пасля чаго «Наша свабода» зачынілася. Віктар Шэйман зачыніў Свабоду», а Анатоль Тозік – «Нашу свабоду». Тады рэжым Лукашэнкі практыкаваў эканамічны метад: даць нелаяльнаму выданню непасільны штраф, пасля якога наступае яго смерць.
Фенаменальнага росквіту дасягаюць і рэгіянальныя выданні, якія адыгралі вялікую ролю «ў падрастанні травы свядомасці». Дакладчык называе іх «фенаменальна прасесійнымі рэгіянальнымі СМІ», сярод якіх найбольш заўважным стаў Intex-Press з Баранавічаў.
Рэдактар-легенда Іофіс Сярэдзіч
Адметную ролі ў гісторыі незалежнай журналістыкі адыграў Іосіф Сярэдзіч. Ён выйшаў з СССР-скіх выданняў, а ў часы незалежнасці выбіў стварэнне «Народнай газеты» — органа Вярхоўнага Савета, якая імгненна стала папулярнай.
У 1995 годзе Лукашэнка зняў з пасады галоўнага рэдактара Іосіфа Сярэдзіча, бо разумеў, што журналіст не стане гандляваць сваім сумленнем. А той тут жа стварыў новае выданне «Народная воля».
Газета выдалася на дзвюх мовах: і па-беларуску, і па-руску — чым яна на той час і была ўнікальнай. Сярэдзіч адчуваў і магчымасці, і сваю аўдыторыю. Ён арыентаваўся не на ідэальны народ, а рэальны.
Галоўны рэдактар удала выбраў назву сваіх медый: «Народная газета» і «Народная воля» пішуцца аднолькава і па-беларуску, і па-руску.

Іосіф Сярэдзіч. Фота: svaboda.org
Эра агрэгаратаў і парталаў
Сайт «Хартыя-97» цяпер асацыюецца выключна з Наталляй Радзінай. Але стваралі выданне выдатнейшыя журналісты: Мікалай Халезін, Алег Бебенін, Фёдар Паўлючэнка. «Хартыя-97» выбрала фармат агрэгатара, які браў усё ва ўсіх.
Arche — гэта літаратурнае выданне, адказ наступнага пакалення пакаленню Сяргея Дубаўца.
На пачатку 1990-ых гадоў з’яўляецца першае незалежнае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, якое заснаваў Алесь Ліпай.
У 2010-ыя гады пачынаецца эра агрэгатараў і парталаў. У 2000 годзе пачынае працаваць легендарны TUT.BY, які заснаваў Юрый Зісер. Налета з’явіцца яго асноўны канкурэнт — Onliner.

Юрый Зісер. Фота: TUT.by
Эпоха аўтарытарызму
2015–2020 гады ў Беларусі — эпоха аўтарытарызму.
Новая эра — новыя медыі. Ігар Лосік старыў шалёна папулярны тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга», які ідэальна падыходзіў для інтэрнэт-эпохі. Гэта прадукт не класічнай журналістыкі. Як, зрэшты, і тэлеграм-канал NEXTA Сцяпана Пуцілы.
Пры ўсёй разнастайнасці ацэнак гэтых рэсурсаў, яны рэальна робяць штосьці, што запатрабаванае вялікай колькасцю людзей. «Газета мусіць быць зубастай» — казаў у свой час Іосіф Сярэдзіч. Па меркаванні лектара, зубастасць у гэтых рэсурсаў ніхто не адыме.
А пасля 2020 года ў беларускім незалежным медыясектары наступіла новая эра. І далей нас чакаюць ужо новыя медыі і новыя людзі.
                        @bajmedia