Ці адменіць «Журфак па суботах» «апакаліпсіс» у беларускіх медыях? Барыс Гарэцкі — пра новы адукацыйны курс
10 лютага заканчваецца набор навучэнцаў на адукацыйную праграму «Журфак па суботах» у Вільні і Варшаве, якая паклікана рыхтаваць кадры для незалежных медыяў.
Адукацыйны праект будзе праходзіць цалкам афлайн па адзінай адукацыйнай праграме (у залежнасці ад краіны, у якой жыве ўдзельніца ці ўдзельнік). Навучанне трохэтапнае: для пачаткоўцаў, для тых, хто ўжо працуе ў медыях, але жадае пашырыць свае кампетэнцыі, а таксама спецыялізацыя для тых, хто хацеў бы атрымаць паглыбленыя веды і навыкі па вызначанай спецыяльнасці.
Напярэдадні старту праекта БАЖ прыадкрывае некаторыя сакрэты таго, чаго варта чакаць на курсе, хто будзе выкладаць на «Журфаку» і якія фішачкі чакаюць удзельнікаў праграмы ў Вільні і ў Варшаве.
Наш госць – намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
— Раскажыце, хто будзе трэнерамі на амбітным курсе? І наогул, наколькі сучасная праграма чакае ўдзельнікаў? Бо журналістыка развіваецца кожны дзень.
— Трэнеры курса — практыкуючыя рэдактары і журналісты вядомых беларусікх незалежных медыяў: «Наша Ніва», «Зялёны партал», Hrodna.Life, «Салідарнасць», PALATNO.
Навучанне будзе весціся па 4 трэках: практычныя навыкі журналіста, адпатацыя ў ньюзруме, запаўненне «белых плям» па кантэксту (веданне эканомікі, палітыкі, гісторыі і г.д.), адаптацыя да працы журналіста ў беларускіх рэаліях.
На працягу ўсяго навучальнага працэсу студэнтам давядзецца асвойваць мультымедыйныя навыкі.
Першы модуль, на які зараз ідзе набор, будуецца вакол навыкаў і рэдакцыйных працэсаў: вывучэнне патрэбаў аўдыторыі (дзеля якой і працуюць журналісты), праца з навінамі, асноўныя журналісцкія стандарты ў навінах, эвалюцыя навін, падрыхтоўка і правядзенне інтэрв’ю, праца ў экзайле.
Нават калі вы даўно працуеце ў журналістыцы, варта прайсці «Журфак», бо ён выцягвае любога журналіста (альбо чалавека, які меў сваё ўяўленне пра журналістыку) з досведу звыклай сістэмы, у якой ён дагэтуль працаваў, і дабудоўвае тое, чаго не хапала на ўзроўні навыкаў, проста таму, што ён ніколі так не ўяўляў сабе рэдакцыйныя працэсы і працу журналіста.
Навучэнцаў чакаюць вялікія адкрыцці наконт таго, як насамрэч працуюць рэдакцыйныя працэсы, «натграфа» — абзаца, які адказвае на пытанне аўдыторыі «Каб што? », зусім іншага погляду на збор інфармацыі, зыходзячы са схемы «4 вёдраў» інфармацыі, уяўлення пра рэдактарскую працу з ідэямі і тэкстамі і шмат чаго іншага.
— Якім вы бачыце партрэт абітурыента «Журфака па суботах»: гэта толькі маладыя людзі, студэнты? Якім вам уяўляецца вобраз выпускніка курсаў?
— Гэта могуць быць і студэнты, маладыя (і не толькі) журналісты, для якіх важна разабрацца ў тым, як зрабіць свае тэксты больш якаснымі і цікавымі для аўдыторыі, навучыцца эфектыўна генераваць і пітчыць свае ідэі, авалодаць сучаснымі тэхналогіямі ў працы журналіста, у тым ліку штучным інтэлектам.
Курс пасуе і тым, хто пакуль толькі марыць пра прафесію і хоча даведацца ад трэнераў-практыкаў, як у журналістыцы ўсё працуе. На нашым «Журфаку», дарэчы, будзе цікава і дасведчаным журналістам, калі яны абралі за мэту разабрацца ў стандартах заходняй журналістыкі і працаваць па іх.
Вось такім мы і бачым выпускніка — гатовым да працы ў самых сучасных умовах і ў самых складаных сітуацыях.
— Заяўлена, што выпускнікоў чакае практыка ў медыях. Якія выданні гатовыя ўзяць іх на практыку?
— Мы правялі папярэднія перамовы з беларускімі незалежнымі рэдакцымі, але будзем арыентавацца на запыты самых удзельнікаў — нездарма ў анкеце ёсць пытанне: з якімі рэдакцыямі незалежных беларускіх медыяў вам было б цікавей за ўсё супрацоўнічаць?
Любы абітурыент «Журфака» ў адказ на яго можа выбраць некалькі варыянтаў, а цягам вучобы вызначыцца. Тым больш, што на самай першай сустрэчы будзе магчымасць пачуць ад самых рэдактараў, што журналісты робяць у рэдакцыях гэтых СМІ. Каб удзельнікі маглі самі вызначыцца: ці хацелася б ім рабіць тое ж самае, што з гэтага яны ўжо ўмеюць, чаму варта навучыцца.
— Якіх скілоў не хапае сёння ў рэдакцыях, каго чакаюць медыі?
— Запыт на «Журфак» узнік непасрэдна ў рэдакцыях, якія ў сённяшніх нялёгкіх умовах амаль не наймаюць новых супрацоўнікаў і не маюць практыкантаў з прычыны таго, што, з аднаго боку, пазбаўлены стабільнага фінансавання, а з другога — з‑за недахопу часу і рэсурсаў не маюць магчымасці рыхтаваць кадры наўпрост у рэдакцыі.
«Журфак па суботах» і стаў адказам медыясупольнасці на гэтыя выклікі. Гэта сумесны праект Кааліцыі за Устойлівы Беларускі Інавацыйны Кантэнт (КУБІК/COCOFAB), які рэалізуецца кансорцыўмам Free Press for Eastern Europe, Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Press Club Belarus пры суфінансаванні з боку Еўрапейскай Камісіі.
Зыходзячы з апытання, якое было праведзена сярод рэдакатараў беларускіх незалежных медыяў, высветлілася, што рэдакцыям не хапае ўніверсальных журналістаў для стужкі навінаў, якія хутка вучацца, хутка пішуць, разумеюць працэсы дыстрыбуцыі. Дзеля гэтага не хапае такіх кампетэнцый, як праца з крыніцамі, фактчэкінг, веданне трэндаў, выкарыстанне штучнага інтэлекту ў працы журналіста і рэдакцыі.
У той жа час маладым журналістам не хапае агульных ведаў па асновах эканомікі, паліталогіі, этыкі, права, гісторыі. Для рэдакцый таксама важныя такія навыкі Soft Skills, як мульціфункцыянальнасць, уменне працаваць у камандзе, хутка вучыцца, хутка працаваць, адэкватна ўспрымаць крытыку, быць самастойным і інцыятыўным. Над развіццём гэтых навыкаў мы і будзем працаваць на «Журфаку».
— Ці гатовыя незалежныя медыі браць выпускнікоў на сталую працу?
— Сярод нашых трэнераў таксама паўстала такое пытанне: «А для каго мы будзем вучыць? Ці чакаюць у рэдакцыях нашых выпускнікоў увогуле?». Асабліва на тле апошніх падзеяў у звязку з рашэннем Дональда Трампа замарозіць — пакуль на 90 дзён — міжнародную дапамогу ад ЗША, што моцна адбіваецца на вялікай колькасці беларускіх медыяпраектаў. У той жа час і Еўропа паступова губляе цікаўнасць да беларускай праблематыкі. Частка каментатараў дык увогуле прарочыць беларускай незалежнай журналістыцы апакаліпсіс.
Відавочна, што выкінутыя ў экзайл і са статусам «экстрэмісцкі» беларускія СМІ не ў стане паўнавартасна выкарыстоўваць звыклыя бізнэс-мадэлі. У той жа час мы бачым, што беларуская незалежная журналістыка, якая ад пачатку існуе не ў самых спрыяльных умовах, па-ранейшаму жывая.
Пул нашых трэнераў, прынамсі, узяў на ўзбраенне мудрую беларускую прыказку: «Паміраць збірайся, а жыта сей». Добрая якасць СМІ немагчымая без прафесійных сучасных кадраў. І менавіта яны даюць вялікі шанец на захаванне даверу аўдыторыі, выжыванне і развіццё.