БАЖ запрашае на прэзентацыю Канцэпцыі рэформ медыясектара Беларусі (Вільня, 16 студзеня)
Беларуская асацыяцыя журналістаў
Эксперты Беларускай асацыяцыі журналістаў распрацавалі Канцэпцыю рэформ медыясетара Беларусі на выпадак адкрыцця акна магчымасцяў для пераменаў.

Фота: Diva Plavalaguna для Pexels.com
Плануецца, што рэфармаванне медыясектара будзе ўключаць такія напрамкі працы, як:
- Рэфармаванне сістэмы медыярэгулявання прадугледжвае скасаванне Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, распрацоўку і ўкараненне механізмаў самарэгулявання для ўдзельнікаў медыярынку, замену абавязковай дазвольнай працэдуры рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі на добраахвотную апавяшчальную сістэму, а таксама спрашчэнне працэсу акрэдытацыі замежных СМІ.
- Рэарганізацыя дзяржаўных СМІ прадугледжвае ўвядзенне заканадаўчай забароны для дзяржаўных органаў на заснаванне і валоданне сродкамі масавай інфармацыі, празрыстыя працэдуры ліквідацыі, прыватызацыі і продажу дзейных дзяржаўных СМІ, стварэнне інстытута грамадскага вяшчальніка і распрацоўку адпаведнай нарматыўна-прававой базы для яго дзейнасці.
- Аптымізацыя фінансавай падтрымкі СМІ з боку дзяржавы прадугледжвае ўвядзенне адкрытай і недыскрымінацыйнай сістэмы дзяржаўнай грантавай падтрымкі для СМІ, распрацоўку сістэмы падатковых стымулаў і льгот, накіраваных на падтрымку развіцця медыярынку і ўстойлівасці медыя.
- Удасканаленне заканадаўчага рэгулявання ў сферы свабоды выказвання накіравана на адмену (альбо, у пэўных выпадках, рэфармаванне) рэпрэсіўнага заканадаўства ў сферы крымінальнага і адміністрацыйнага права, якое ставіць пад пагрозу свабоднае выказванне меркаванняў і свабоду медыя, у тым ліку праз комплексную рэформу палітыка-прававога падыходу да супрацьдзеяння экстрэмізму.
Беларуская асацыяцыя журналістаў запрашае калег на прэзентацыю і абмеркаванне Канцэпцыі.
Калі: 16 студзеня 2026 года, 11:00
Дзе: Вільня, Žurnalistų namai (Jogailos g. 11, 3 паверх)
Для ўдзелу неабходна ЗАРЭГІСТРАВАЦЦА
БАЖ прызнаны ўладамі Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем». Для тых, хто пажадае быць непублічным, мы прадугледзім адмысловыя бэйджы.
Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
@bajmedia
@bajmedia
Больш матэрыялаў