Ці аштрафуюць за пратэрмінаваны пашпарт і што будзе, калі не плаціць штраф? Тлумачаць юрысты
Беларусы, у якіх за мяжой скончыўся пашпарт, працягваюць атрымліваць на свае адрасы рэгістрацыі на радзіме папярэджанні з міліцыі: калі яны не зробяць новы дакумент, іх могуць прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасці і аштрафаваць. Што будзе, калі не сплаціць такі штраф? «Белсат» запытаўся ў Юрыдычнай службы Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Беларускі пашпарт і дакумент іншаземца Літвы. Вільня, Літва. 26 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Як міліцыя «запрашае» па новы пашпарт
Фотаздымкі папярэджанняў у рэдакцыю раней дасылалі чытачы. У лістах атрымальнікам нагадваюць, што пашпарт цяпер несапраўдны праз сканчэнне тэрміну дзеяння, а таму могуць узнікнуць складанасці пры зваротах у розныя дзяржаўныя органы – страхавання, сацыяльнай абароны, у банкі і гэтак далей.
«Дзеля ўрэгулявання сітуацыі» прапаноўваецца звярнуцца і падаць адпаведны пакет дакументаў для абмену пашпарта асобе, упаўнаважанай арганізацыяй, што здзяйсняе эксплуатацыю жыллёвага фонду (разлікова-даведкавы цэнтр, ЖЭС), жыллёва-будаўнічым (жыллёвым) кааператывам, таварыствам уласнікаў паводле месца рэгістрацыі або – у выпадку падачы заявы аб афармленні біяметрычных дакументаў – у тэрытарыяльнае аддзяленне грамадзянства і міграцыі.
Атрымальніка папярэджваюць, што пражыванне без дакументаў ці з несапраўднымі дакументамі караецца штрафам памерам да 4 базавых велічыняў (180 рублёў) паводле ч. 3 арт. 24.33 Кодэксу аб адміністратыўных парушэннях Рэспублікі Беларусь.
«Хачу прыкінуць, ці будуць маму кашмарыць?»
Абмеркаванні такіх лістоў можна сустрэць у групах беларускіх эмігрантаў.
«Прыйшоў «ліст шчасця» пра замену старога беларускага пашпарта на новы. Паляцець у Беларусь цяпер няма магчымасці. Што параіце рабіць у такой сітуацыі?» – пытаецца ўдзельнік адной з эмігранцкіх групаў у «Фэйсбуку».
«Мне таксама прыйшоў. Мой пашпарт скончыўся ў красавіку мінулага года. Мама перажывае, але ў РБ я не збіраюся», – піша іншая ўдзельніца чату.
«Мне такі ліст ужо дасылаюць некалькі разоў за паўтара года. Яны пагражаюць, але штраф не налічылі», – піша яшчэ адзін беларус.
Беларуска, у якой пашпарт скончыўся тры гады таму, расказала ў гэтым абмеркаванні, што на яе ўсё ж наклалі штраф у памеры адной базавай велічыні (45 рублёў з 1 студзеня 2026 года). Яшчэ адна жанчына піша пра дзве базавыя.
Беларусаў цікавіць, ці могуць за нясплату штрафу прыцягнуць да адказнасці сваякоў.
«Ці былі ў некага са сваякоў нейкія праблемы, пакуль штраф не быў аплачаны? У мяне неўзабаве канчаецца, хачу прыкінуць, ці будуць маму кашмарыць, ці «забіць»?» – пытаецца ўдзельніца абмеркавання.
Ці законныя такія папярэджанні аб штрафах?
Юрыдычная служба «Вясны» пацвярджае – артыкул Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях 24.33, на які спасылаецца міліцыя ў сваіх лістах, сапраўды існуе.
«Але на сённяшні дзень нам вядома, што такія папярэджанні атрымліваюць менавіта палітычныя эмігранты (якіх улады раней пазбавілі магчымасці абнаўляць пашпарты за мяжой), і пры гэтым невядома пра ніводзін адпаведны суд. Таму цяпер важна фіксаваць усе падобныя выпадкі», – кажуць юрысты.
Эксперты падкрэсліваюць: людзям важна разумець, што папяровае папярэджанне яшчэ не азначае аўтаматычнай адказнасці і штрафу.
Что делать в Польше, если ВНЖ еще не готов, а паспорт уже заканчивается?
Штраф можа прызначыць толькі суд, і, паводле агульнага правіла, ён павінен адбывацца ў прысутнасці чалавека, у дачыненні да якога ідзе разгляд справы. Суд, у сваю чаргу, абавязаны належным чынам такога чалавека апавясціць.
Належнае паведамленне азначае фізічнае атрыманне позвы чалавекам або электроннае апавяшчэнне (калі можна даказаць, што паведамленне было атрымана, напрыклад – у мэсэнджарах, дзе відаць, што яно прачытана).
«Гэта істотны юрыдычны момант, таму што адсутнасць належнага паведамлення можа стаць падставай для адмены такой пастановы пры яе абскарджанні», – падкрэслівае юрыдычная служба.
Ці прыцягнуць да адказнасці бацькоў?
Пасля суда, у тэорыі, можа мець месца і прымусовае спагнанне, але толькі ў памеры штрафу (да чатырох базавых велічыняў).
«Пры гэтым ні адказнасць, ні абавязак выплачваць такі штраф ніяк не могуць распаўсюджвацца на бацькоў. На практыцы – хіба што ў якасці псіхалагічнага ціску на іх», – зазначаюць юрысты.
У цэлым, паводле «Вясны», гэтыя папярэджанні «выдатна ўпісваюцца ў агульную кампанію тэрору ў дачыненні да родных тых, хто з’ехаў, і, такім чынам, да іх саміх». Так, вядома, што ў родных тых, хто з’ехаў, таксама пачалі збіраць ДНК (сліну), іх выклікаюць у якасці сведак супраць сваіх жа сваякоў (ад чаго яны маюць права адмовіцца, што гарантавана артыкулам 27 Канстытуцыі), а таксама праводзяць вобшукі і іншыя вядомыя формы ціску, якія практыкуюць сілавікі.
Ці можна пераехаць з Польшчы, калі скончыўся беларускі пашпарт? Тлумачаць юрысты
Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі № 278, які набыў моц на пачатку верасня 2023 года, беларусы, якія жывуць за мяжою, не могуць абмяняць або прадоўжыць тэрмін дзеяння пашпартоў у амбасадах і консульствах, для гэтага яны мусяць асабіста прыехаць у Беларусь. У выніку людзі, якія ўцякалі з краіны праз рэпрэсіі і ў якіх скончыліся тэрміны дзеяння пашпартоў, вымушаныя жыць без гэтых дакументаў, бо не могуць вярнуцца ў Беларусь, баючыся пераследу. У такой сітуацыі цяпер і шмат непаўналетніх асобаў, якія ўцякалі з краіны разам з бацькамі.
У Аб’яднаным пераходным кабінеце Беларусі назвалі забарону на абмен пашпартоў за мяжой парушэннем Гаагскай канвенцыі 1961 года.
@bajmedia