• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як атрымаць від на жыхарства ў Польшчы – што важна ведаць

    Польшча – самы часты напрамак эміграцыі беларусаў на захад. Але кароткага адказу на пытанне «як атрымаць ВНЖ у Польшчы» не будзе. Давядзецца чытаць падрабязныя інструкцыі, збіраць і падаваць розныя дакументы. «Белсат» прапануе тэкст для тых, хто яшчэ не разумее, што рабіць і якія інструкцыі шукаць.

    Як атрымаць від на жыхарства ў Польшчы

    Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

    Агульны алгарытм такі: вызначыць падставу для атрымання ВНЖ → знайсці адпаведную інструкцыю → вызначыць месца падачы дакументаў → знайсці правілы падачы ў гэтым месцы → па магчымасці знайсці тых, хто прайшоў ці праходзіць такую працэдуру ў тым месцы.

    Якія ёсць віды ВНЖ і як ВНЖ называецца па-польску

    Часовы від на жыхарства (ВНЖ) па-польску называецца zez­wole­nie na pobyt cza­sowy – дазвол на часовы побыт. Яго выдаюць на тэрмін ад 6 месяцаў да 3 гадоў.

    Дазвол адначасова на жыхарства і працу завецца адзіным дазволам (zez­wole­nie jed­no­lite). Некаторыя ВНЖ не даюць доступу да рынку працы (dostęp do rynku pra­cy). Дазвол на працу (zez­wole­nie na pracę) у некаторых выпадках даецца асобна ад дазволу на пражыванне – звычайна для кароткатэрміновай працы, на якую хопіць тэрміну візы.

    У Еўразвязе існуе таксама «Blue Card» (па-польску «Niebies­ka kar­ta UE») – асаблівы від на жыхарства для высокакваліфікаваных спецыялістаў. Каб атрымаць «Blue Card», трэба спачатку знайсці працу, якая падпадае пад строгія патрабаванні. Проста «высокай кваліфікацыі» не хопіць.

    Ёсць падобныя да ВНЖ формы міжнароднай абароны: згода на побыт з гуманітарных меркаванняў (zgo­da na pobyt ze względów human­i­tarnych) і згода на цярпімы побыт (zgo­da na pobyt tolerowany). Але гэта не «самастойны» ВНЖ, а элемент статусу ўцекача, дадатковай абароны або прытулку.

    «Гуманітарны ВНЖ» – гэта неафіцыйная назва звычайнага ВНЖ, выдадзенага на падставе гуманітарнай візы. Для выдачы ВНЖ можа быць мноства іншых падставаў: вучоба, праца, навука, шлюб і іншыя абставіны (менавіта ў «іншыя абставіны» ўваходзіць гуманітарная віза).

    Пастаянны від на жыхарства (або «пастаяннае месца жыхарства» – ПМЖ) па-польску называецца дазвол на сталы побыт (zez­wole­nie na pobyt stały). Але тое, што завецца пастаянным відам на жыхарства, даюць далёка не ўсім – найперш тым, хто жанаты ці замужам за грамадзянінам Польшчы або мае карту паляка.

    Абсалютнай бальшыні замежнікаў замест сталага побыту трэба атрымліваць тое, што завецца дазволам на побыт доўгатэрміновага рэзідэнта Еўразвязу (zez­wole­nie na pobyt rezy­den­ta dłu­goter­mi­nowego UE). Каб атрымаць ПМЖ такога тыпу, трэба легальна і бесперапынна (без уліку кароткіх выездаў) жыць у Польшчы 5 гадоў, 3 гады да падачы заявы мець рэгулярную крыніцу даходаў, пацвердзіць веды польскай мовы на ўзроўні не ніжэй за B1.

    Карта побыту (kar­ta poby­tu) – дакумент-пасведчанне, які выдаюць з відам на жыхарства. У выпадку ПМЖ гэта карта сталага побыту (kar­ta stalego poby­tu).

    Гэтая карта дзейнічае як пасведчанне асобы (dowod oso­bisty), але толькі на тэрыторыі Польшчы. Для паездак за мяжу адной карты побыту не хопіць, трэба мець пашпарт ці, калі пашпарт знік без магчымасці аднаўлення, польскі падарожны дакумент замежніка (pol­s­ki doku­ment podróży dla cud­zoziem­ca).

    Што варта ведаць усім

    Галоўны закон аб ВНЖ – «Аб замежніках», па-польску ustawa o cud­zoziem­cach. На момант публікацыі дзейнічае закон ад 12 снежня 2013 года (ustawa z dnia 12 grud­nia 2013 r) з шэрагам зменаў і дапаўненняў. Пачытаць гэты і іншыя законы можна на Gov.pl, актуальная версія закону «Аб замежніках» з усімі зменамі ёсць таксама на Sejm.pl. Але зразумець яго можа быць складана нават з добрым валоданнем польскай мовай.

    Падрабязныя інструкцыі на розныя выпадкі легалізацыі ў Польшчы публікуюць па-расейску «Цэнтр беларускай салідарнасці» і «Free Belarus Cen­ter». Акрамя таго, простыя і зразумелыя інструкцыі па легалізацыі можна адшукаць у канале для беларусаў у Польшчы «DzikPic». Дапамагчы ў пытаннях легалізацыі могуць таксама на інфалініі «Par­tyzan­ka», а дапамагчы ў выездзе з Беларусі пры пагрозе палітычнага пераследу можа служба эвакуацыі фонду «BYSOL».

    Асабістая прысутнасць у любым разе спатрэбіцца для атрымання ВНЖ. Не ўдасца спачатку здабыць ВНЖ, а толькі потым прыехаць у Польшчу. У абсалютнай бальшыні выпадкаў трэба будзе спачатку атрымаць візу (нацыянальную ці шэнгенскую). На момант публікацыі ў Польшчы прапануюць зрабіць падачу заявы на ВНЖ праз інтэрнэт, але нават калі гэта ўхваляць, пасля падачы дакументаў усё роўна давядзецца асабіста прыйсці, каб здаць адбіткі пальцаў і прад’явіць дакументы і пацвердзіць звесткі з заявы.

    ВНЖ у Польшчы фармальна выдае ваявода (woje­w­o­da) – гэта кіраўнік ваяводства, як у Беларусі кіраўнік вобласці, старшыня аблвыканкаму. Напраўду, не сам ваявода вырашае ўсе справы з ВНЖ: заявамі займаецца аддзел справаў замежнікаў (wydzi­ał spraw cud­zoziem­ców).

    У розных ваяводствах розны парадак падачы заяваў на ВНЖ, таму трэба шукаць, як працуе аддзел у канкрэтным ваяводстве. Напрыклад, у Варшаве трэба глядзець, якія правілы мае wydzi­ał spraw cud­zoziem­ców, які мае mazowiec­ki urząd wojew­ódz­ki (бо «Варшаўская вобласць» – wojew­ództ­wo mazowieck­ie). У Беластоку «аблвыканкам» – pod­las­ki urząd wojew­ódz­ki, у Гданьску – pomors­ki, у Кракаве – małopol­s­ki, і г.д.

    Варта шукаць мясцовых беларусаў, якія нядаўна прайшлі патрэбную працэдуру, каб даведацца «лайфхакі» і «падводныя камяні». Напрыклад, у Варшаве да нядаўняга часу пры падачы на ВНЖ былі «чарга, у якую не трапіць» і яшчэ адна «чарга, пра якую мала хто ведае» – толькі ў красавіку правілы змянілі. Лепш за ўсё шукаць тых, хто ведае такія дэталі, у Telegram-чатах, спасылкі на якія сабраныя на Dze.chat.

    Звяртацца да «памагатараў» не варта. Існуе нямала «пасярэднікаў», якія прапануюць за плату «гарантаванае» атрыманне ВНЖ. На самой справе, яны не могуць нічога гарантаваць (калі толькі не вядзецца пра нейкія незаконныя карупцыйныя схемы) і толькі дапамагаюць заняць чаргу, сабраць дакументы і запоўніць анкеты, а грошы за гэта просяць немалыя.

    Важнае пра канкрэтныя выпадкі

    Як атрымаць гуманітарны ВНЖ? Па гуманітарнай візе ВНЖ даюць амаль бясплатна і адразу на тры гады, ды гуманітарную візу дадуць толькі тым, каму сапраўды ёсць пагроза палітычных рэпрэсіяў. Тым, хто ўжо ў Польшчы, але не па гуманітарнай візе і з пагрозай пераследу на радзіме, трэба падавацца на міжнародную абарону (гэта не так страшна, як здаецца многім).

    ВНЖ па працы можна атрымаць, калі ўжо ёсць тая праца. З Беларусі ўсё яшчэ (нават пасля скасавання праграмы Poland.Business Har­bour) магчыма знайсці працу ў Польшчы, але трэба сцерагчыся, каб не трапіць на махляроў.

    ВНЖ па вучобе часам выбіраюць тыя, хто ўжо ў Польшчы, але не можа знайсці добрую працу: ідуць вучыцца ў паліцэальную школу (szkoła policeal­na – гэта не пра паліцыю, а пра «пасля ліцэю»). Там можна вучыцца ў любым узросце, за некалькі семестраў атрымаць новую прафесію, а на час вучобы – ВНЖ.

    ВНЖ на ўз’яднанне сям’і даюць не пры ўсіх відах ВНЖ таго, з кім трэба ўз’яднацца, але ва многіх – у тым ліку пры міжнароднай абароне ў таго чалавека або пры пражыванні па часовым ВНЖ цягам двух гадоў. Можна і легалізаваць дзяцей.

    ВНЖ па фіктыўным шлюбе – кепская ідэя. У Польшчы будуць правяраць мноства дакументаў і сведчанняў, каб спраўдзіць, што пара не проста так ажанілася. Могуць нават папрасіць старыя супольныя фота і распытаць суседзяў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці