• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як беларусам атрымаць пенсію ў Польшчы? Распавёў ZUS

    На якую пенсію беларусы маюць права ў Польшчы? Колькі трэба прапрацаваць, каб атрымліваць хаця б мінімальныя выплаты? Як перавесці ў Польшчу пенсію, заробленую ў Беларусі? На што могуць разлічваць пенсіянеры са статусам міжнароднай абароны? Адказы на гэтыя пытанні атрымалі ўдзельнікі сустрэчы, арганізаванай Народным антыкрызісным упраўленнем і яго кіраўніком Паўлам Латушкам, Міністэрствам сям’і, працы і сацыяльна палітыкі Польшчы і Установай сацыяльнага страхавання (ZUS).

    беларуская пенсія ў Польшчы

    Установа сацыяльнага страхавання (ZUS), аддзяленне ў Шчэціне. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Albin Marcini­ak / East News

    Пенсійны ўзрост у Польшчы

    Пенсіі ў Польшчы – вельмі актуальнае пытанне для беларусаў, зазначыў на пачатку сустрэчы Павел Латушка. Ён звярнуў увагу на тое, што праз рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі станам на люты 2025 года, паводле падлікаў незалежных экспертаў ААН, з Беларусі маглі выехаць да 600 тысячаў грамадзянаў. 146 тысячаў з іх маюць часовы дазвол на жыхарства ў Польшчы, 60 тысячаў – статус сталага рэзідэнта. Больш за 15 тысячаў беларусаў атрымалі міжнародную абарону ў Польшчы.

    Сярод грамадзянаў Беларусі, якія цяпер жывуць у Польшчы, шмат прадстаўнікоў сацыяльна неабароненых групаў насельніцтва. Часта гэта пенсіянеры.

    Прадстаўнікі Установы сацыяльнага страхавання (ZUS) нагадалі, што пенсійныя пытанні беларусаў у Польшчы з 1 красавіка 2022 года рэгулююцца спецыяльнай дамовай аб сацыяльным страхаванні, якая каардынуе ўзаемадзеянне польскай і беларускай пенсійных сістэмаў.

    Паводле гэтай дамовы, беларусы ў Польшчы пры выкананні пэўных умоваў могуць разлічваць на сацыяльную дапамогу і пенсіі нароўні з палякамі, а польскія грамадзяне ў Беларусі, у сваю чаргу, могуць чакаць таго ж ад беларускага боку.

    Згодна з дамовай, Польшча і Беларусь узаемазалічваюць працоўны стаж, а таксама існуе магчымасць атрымання беларускай пенсіі ў Польшчы, а польскай – у Беларусі.

    Беларус, які жыве ў Польшчы, можа атрымліваць пенсію згодна з мясцовым заканадаўствам. Гэта, найперш, можа адбыцца не раней за дасягненне пенсійнага ўзросту (за выключэннем прадстаўнікоў некаторых прафесіяў з асаблівымі і складанымі ўмовамі працы). У Польшчы пенсійны ўзрост для мужчынаў складае 65 гадоў, для жанчын – 60.

    Пры дасягненні гэтага ўзросту, каб падаць заяву на атрыманне пенсіі, чалавек найперш мусіць звольніцца з працы. У Польшчы нельга выйсці на пенсію, калі ты працягваеш працаваць.

    Пенсіі для беларусаў у Літве: што неабходна ведаць?

    Як атрымаць мінімальную пенсію?

    Важна ўлічваць, што ў Польшчы пенсія па-рознаму налічваецца асобам, якія нарадзіліся да 1 студзеня 1949 года і пасля 31 снежня 1948 года. Для першай групы (тых, хто нарадзіўся да 1 студзеня 1949 года) падставамі для атрымання пенсіі ёсць дасягненне пенсійнага ўзросту і страхавы стаж цягам 20 гадоў для жанчын і 25 – для мужчынаў.

    Тых, хто нарадзіўся пасля 31 снежня 1948 года, страхавы стаж ужо не датычыць. Яны могуць атрымліваць пенсію пры дасягненні адпаведнага ўзросту незалежна ад перыяду, цягам якога выплачваліся страхавыя ўнёскі. Памер пенсіі будзе залежыць ад таго, колькі тых унёскаў было выплачана. Усё гэта распаўсюджваецца таксама на беларусаў, таму падаваць заяву на атрыманне пенсіі можна нават пасля аднаго дня працы ў Польшчы. Але трэба разумець, што памер пенсіі будзе адпаведным – вельмі нізкім.

    Для беларусаў ёсць магчымасць падаць заяву аб даплаце да мінімальнай пенсіі, якая на сённяшні дзень у Польшчы складае 1878,91 злотага (каля 520 долараў). Але каб атрымаць яе, трэба пацвердзіць свой працоўны стаж у Беларусі (20 гадоў для жанчын, 25 – для мужчынаў).

    Запыт аб пацверджанні стажу можа падаць у беларускія адпаведныя органы ZUS, але толькі са згоды заяўніка. Яшчэ адна важная дэталь – даплату да мінімальнай пенсіі можна атрымаць толькі пры наяўнасці дазволу на сталы побыт у Польшчы. На часовым побыце можна атрымліваць толькі пенсію, заробленую ў Польшчы.

    Беларусы таксама могуць атрымліваць у Польшчы пенсію, на якую яны маюць права ў Беларусі. Дзеля гэтага трэба падаць заяву ў ZUS аб пераводзе (трансферы) беларускай пенсіі ў Польшчу. Калі ўсё будзе ўзгоднена, беларускі бок будзе абавязаны пераводзіць пенсію беларуса на ягоны польскі рахунак. Тое самае датычыць польскай пенсіі – яе можна такім жа чынам атрымліваць на беларускі рахунак.

    Ці можна пераехаць з Польшчы, калі скончыўся беларускі пашпарт? Тлумачаць юрысты

    Пенсіі і міжнародная абарона

    Перавод беларускай пенсіі на польскі рахунак магчымы толькі пры наяўнасці дазволу на сталы побыт у Польшчы. Пры часовым дазволе на жыхарства Польшча лічыць, што чалавек стала жыве ў Беларусі, а ў Польшчы перабывае нейкі перыяд, таму пенсію не пераводзіць.

    У Польшчы магчыма перавесці толькі звычайную пенсію паводле ўзросту для цывільных асобаў. Вайсковых пенсіяў дамова паміж дзяржавамі не датычыць.

    Асобна беларусаў, якія ўдзельнічалі ў сустрэчы, цікавіла атрыманне пенсіі асобамі са статусам міжнароднай абароны, а таксама ў выпадках, калі чалавек не хоча перадаваць беларускаму боку ніякіх звестак пра сябе.

    «Мы не будзем звяртацца да беларускага боку ў пытанні пенсіяў, калі чалавек не пацвердзіць сваю згоду на гэта. У такім выпадку, калі беларус супраць перадачы ягоных звестак на радзіму, мы будзем разлічваць пенсію на падставе таго, што ён зарабіў у Польшчы», – падкрэсліў эксперт ZUS Томаш Шабліньскі.

    Такім чынам, калі беларус не хоча перадачы звестак пра сябе ў беларускія дзяржаўныя органы, ён не зможа перавесці сваю пенсію з радзімы ў Польшчу, а таксама атрымаць даплату да мінімальнай пенсіі.

    Тое самае будзе ў выпадку, калі Беларусь не адкажа на запыт, хоць польскі бок будзе працягваць камунікацыю і высвятляць, што адбываецца, да апошняга. Калі, нягледзячы на высілкі польскага боку, адказу не будзе, тут ужо нічога зрабіць нельга.

    «Важна разумець – Польшча не будзе плаціць вам заробленую ў Беларусі пенсію. Яе атрыманне магчымае толькі ў выпадку пераводу з Беларусі ў Польшчу. Кожная дзяржава адказвае за свой перыяд сацыяльнага страхавання асобы», – зазначыў прадстаўнік ZUS.

    В Варшаве отменяют личную подачу на ВНЖ. Пошаговый гайд о том, что теперь делать

    Якую яшчэ дапамогу можна атрымаць?

    І эксперты ZUS, і Павел Латушка сказалі, што зварот з боку польскай установы сацыяльнага страхавання да беларускіх дзяржаўных органаў не будзе парушэннем умоваў статусу міжнароднай абароны ў Польшчы і не стане падставай для пазбаўлення гэтага статусу. «Белсат» накіраваў пра гэта запыты ў польскі МЗС і Управу ў справе замежнікаў. Калі атрымаем адказ – адразу апублікуем.

    Гэтак жа, як пенсіі, у рамках згаданай дамовы можна атрымліваць іншыя віды дапамогі ад польскай дзяржавы нароўні з грамадзянамі. Гэта дапамога пры непрацаздольнасці, дапамога ў выпадку страты кармільца, дапамога ў выпадку прафесійнай хваробы ці няшчаснага здарэння на працы, дапамога на пахаванне чальца сям’і.

    Заявы пра каардынацыю беларускіх і польскіх пенсіяў у рамках дамовы ад 2022 года разглядае Першае аддзяленне Установы сацыяльнага страхавання ў Лодзі (ul. Zamen­ho­fa, 2).

    Павел Латушка нагадаў, што цяпер пры ўзаемадзеянні НАУ Інфармацыйны ўрадавы цэнтр Польшчы рыхтуе сайт на беларускай мове, прысвечаны важным пытанням пражывання беларусаў у Польшчы. На ім можна будзе знайсці адказы на пытанні пра сацыяльнае падтрыманне, у тым ліку пра пенсіі, легалізацыю, дакументы, працаўладкаванне, адукацыю, ахову здароўя і інш. Сайт распачне працу ўжо напрыканцы 2025 года ці ў пачатку 2026-га.

    Са словаў кіраўніка НАУ, Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі ў Польшчы разам з іншымі ведамствамі распрацоўвае змены ў заканадаўства, якія дазволяць людзям з абмежаванай працаздольнасцю, якія маюць міжнародную абарону, атрымліваць неабходнае сацыяльнае падтрыманне.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці