Мах — распрацоўка холдынгу VK, гэты мэсэнджар расійскія ўлады хочуць зрабіць нацыянальным і замяніць папулярныя WatsApp і Telegram. Чаму гэтым месэнджарам пачалі карыстацца беларусы і ў чым небяспека? Расказвае Радыё Свабода.

Што за Мах і хто за ім стаіць
Расейскі мэсэнджар Мах распрацавала дачка кампаніі VK (Вконтакте) — «Коммуникационная платформа». Канчатковы ўласьнік VK — «Газпром», а ўзначальвае кампанію VK сын першага намесьніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргея Кірыенкі — Уладзімір.
З 1 верасьня на ўсе смартфоны, якія прадаюцца ў Расеі па змоўчваньні мусіць усталёўвацца гэты мэсэнджар, які зьявіўся сёлета ў сакавіку. Для рэгістрацыі ў Мах патрэбны расейскі ці беларускі тэлефонны нумар. Расейскія ўлады хочуць інтэграваць мэсэнджар у сэрвісы дзяржаўных паслуг, а таксама ў сыстэму адукацыі: ім прапануюць карыстацца ў школьных чатах і каналах.
Паралельна з гэтым расейскія ўлады абмежавалі званкі ў папулярных мэсэнджарах Telegram і WhatsApp.
У Беларусі гэтую расейскую распрацоўку пакуль не рэклямуюць на дзяржаўным узроўні. Аднак, паводле зьвестак сэрвіса similarweb, гэтая аплікацыя узначальвае рэйтынг у крамах мабільных дадаткаў пад Android і IOS сярод беларусаў.
Мах — гэта кросплятформавы мэсэнджар, які падобны адначасова да Telegram і WatsApp. У ім можна ствараць каналы, рабіць чаты, ствараць боты. Некаторыя папулярныя функцыі ў ім недаступныя: нельга ствараць відэа-кружкі папулярныя ў Telegram, не працуе пошук каналаў.
Па стане на канец жніўня аўдыторыя гэтага мэсэнджара перавышае 30 мільёнаў чалавек. На афіцыйным сайце аплікацыі паведамляецца, што пакуль яна працуе ў рэжыме бэта-тэсьцінгу.
Чым небясьпечны гэты мэсэнджар
Новы расейскі мэсэнджар можа выкарыстоўваць дадзеныя для масавай сьлежкі, зьвяртае ўвагу экспэрт у лічбавай бясьпецы Мікалай Кванталіяні.
«Ёсьць доступ да галасавой камунікацыі, чатаў і файлаў. Калі беларусы па тых ці іншых прычынах прызнаныя экстрэмістамі ў Беларусі, гэта дае магчымасьць весьці апэратыўна-пошукавыя мерапрыемствы адносна такіх карыстальнікаў. А прыкладаньне Мах можа зьбіраць дадзеныя ў фонавым рэжыме, у прыватнасьці ІP-адрас. Калі чалавек не карыстае VPN, то расейскія ўлады будуць ведаць, дзе ён знаходзіцца, куды езьдзіць у падарожжы. Таксама прыкладаньне мае доступ да відэакамэры і мікрафона, яны могуць выкарыстоўвацца для праслухоўваньня», — тлумачыць суразмоўца.
Калі па нейкай прычыне трэба абавязкова скарыстацца гэтым мэсэнджарам і іншага выйсьця няма, Мікалай Кванталіяні раіць завесьці для гэтага асобны тэлефон, на якім стаіць толькі гэты мэсэнджар.
«Пазванілі сваякам напрыклад, адключылі тэлефон і паклалі некуды», — гаворыць экспэрт.

Экспэрт праваабарончай арганізацыі Human Constanta на ўмовах ананімнасьці ў размове са Свабодай кажа, што мэсэнджар Мах актыўна супрацоўнічае з расейскай дзяржавай, і інфармацыя па першым запыце можа апынуцца ў руках сілавікоў.
«З узроўнем карупцыі ў Расеі махляры могуць лёгка атрымаць інфармацыю з гэтага мэсэнджара. Так жа, як яны атрымліваюць доступ да быццам бы закрытых баз дадзеных. Я б не рэкамэндаваў наогул карыстацца расейскімі сэрвісамі. Сам факт усталяваньня такой праграмы можа быць небясьпечным. Ён просіць практычна ўсе доступы і правярае геалякацыю карыстальніка. Не зразумела, навошта», — кажа спэцыяліст.
Ці могуць беларусаў абавязаць карыстацца Мах і чаму ён стаў папулярны
Паводле аднаго з ІТ-спэцыялістаў, з якім Свабода пагаварыла на ўмовах ананімнасьці, беларусы пачалі спампоўваць гэты мэсэнджар зь некалькіх прычынаў. Па-першае — яго маглі выкарыстоўваць беларусы, якія жывуць у Расеі і тыя, хто мае сваякоў у Расеі для сувязі зь імі. Мэсэнджар агрэсіўна рэклямуецца, што таксама магло стаць прычынай яго цяперашняй папулярнасьці.
Экспэрт Human Constanta кажа, што беларусы маглі спампоўваць мэсэнджар, каб проста паглядзець.
«Пытаньне, з‑за чаго зьявілася такая папулярнасьць. Магчыма, паглядзець, што за прыкладаньне. Ёсьць праблема зьвязацца са сваякамі ці сябрамі ў Расеі, бо блякіроўка званкоў у мэсэнджарах Telegram і WhatsApp была нечаканая. Магчыма, гэтая папулярнасьць Мах з часам сыдзе. Аднак, проста так усталёўваць нейкую праграму — ня вельмі добрая ідэя. Прылада можа працягваць зьбіраць дадзеныя, калі вы ёй не карыстаецеся», — тлумачыць суразмоўца.
У навязваньні мэсэнджара Мах беларусам няма мэтазгоднасьці, кажа Мікалай Кванталіяні, бо гэты мэсэнджар ня можа дагнаць той жа Telegram у пляне зручнасьці для карыстальнікаў.
«Ёсьць звычка карыстальніка да нейкага прыкладаньня. Навязваць можна што заўгодна, але гэта можа быць нішава. Узьнікае пытаньне, а чым гэта лепш чым тое, што ўжо ёсьць. Калі ёсьць задача засвоіць нейкія бюджэтныя сродкі на дзяржаўным узроўні і зрабіць сваё — гэта іншае пытаньне», — даводзіць Кванталіяні.
Якія альтэрнатывы Мах, калі ўсё ж трэба зьвязвацца са сваякамі ў Расеі
За апошні год у Расеі заблякавалі Viber, Signal, і Discord, сам сыйшоў Zoom. Аднак, альтэрнатывы Мах засталіся. Напрыклад, можна карыстацца звыклымі мэсэнджарамі праз VPN. Таксама працуюць такія альтэрнатывы, як:
- FaceTime — прыкладаньне Apple для відэа і аўдыёзванкоў
- Jitsi Meet — сэрвіс для відэаканфэрэнцый, які не патрабуе рэгістрацыі
У Беларусі звыклыя Telegram і WatsApp пакуль працуюць без збояў і блякіроўкі.