Мэсэнджар MAX: Чаму беларусы спампоўваюць расейскую праграму і чым гэта пагражае
Апошнім тыднем расейскі мэсэнджар MAX стаў аплікацыяй нумар адзін паводле спампоўванняў сярод беларусаў у Apple Store і Google Play, і гэта нягледзячы на тое, што неаднаразова казалі пра яго патэнцыйную небяспеку для адсочвання з боку спецслужбаў.
У чым асаблівасці гэтага мэсэнджару, ці сапраўды ён настолькі небяспечны і ў чым гэтая небяспека выражаецца? Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з экспертам у лічбавай бяспецы Мікалаем Кванталіяні.

Мэсэнджар Max. Крыніца: vedomosti.ru
Падкантрольнасць пуцінскім і лукашэнкаўскім спецслужбам
Паводле Мікалая Кванталіяні, мэсэнджар Max – гэта яшчэ адзін мэсэнджар, які актыўна прасоўваецца расейскімі ўладамі. Але пры яго выкарыстанні ёсць пэўны нюанс: ён працуе праз расейскую інфраструктуру, што робіць усю камунікацыю празрыстай для дзяржаўных органаў – як Расеі, так і Беларусі.
Папулярнасць праграмы сярод беларусаў тлумачыцца не яе якасцю, а неабходнасцю ўзаемадзеяння з расейскімі дзяржаўнымі і камерцыйнымі сэрвісамі, а таксама абыходам блакаванняў іншых рэсурсаў.
«Гэта можа быць звязана з тым, што фактычна ў Расеі інтэрнэт такі пашкоджаны, бо ёсць адключэнні, ёсць белыя спісы… Калі беларусы камунікуюць або выкарыстоўваюць сэрвісы расейскія, яны вымушаныя спампоўваць мэсэнджар Max, або калі яны камунікуюць са сваімі сябрамі, знаёмымі ў Расеі», – тлумачыць эксперт.
Выкарыстанне Max беларусамі можа быць як вымушаная захада, выкліканая расейскаю цэнзураю і патрэбаю ў камерцыйных сэрвісах, лічыць эксперт. Беларусы мусяць пераходзіць на Max праз абмежаванне хуткасці працы іншых папулярных мэсэнджараў расейскімі ўладамі, а таксама праз неабходнасць камунікацыі з расейскімі гандлёвымі пляцоўкамі і сэрвісамі, дзе іншыя сродкі сувязі могуць быць недаступныя.
«Расейская цэнзура дастаткова актыўна блакуе ці паніжае прапускную хуткасць тых ці іншых сэрвісаў, і таму атрымліваецца, што гэта можа быць вымушаная захада. Але я яшчэ хацеў бы акрэсліць іншы аспект – гэта тэхналагічныя санкцыі і даступнасць сэрвісаў розных… ты замаўляеш сабе кнігу, і кнігу ты можаш замовіць, дапусцім, у мэсэнджары Max. Ці атрымаць зваротную сувязь. Бо гэты сэрвіс даступны ў Расеі», – кажа Кванталіяні.
Небяспека – у шырокім зборы метададзеных пра карыстальніка
На думку суразмоўцы «Белсату», небяспека гэтага мэсэнджару ў тым, што, акрамя зместу паведамленняў, праграма збірае значны масіў тэхнічнай інфармацыі пра карыстальніка і ягоную прыладу.
«Гэта можа быць назва пунктаў Wi-Fi, дапусцім, да якіх вы падключаецеся. Вашая геалакацыя, вашыя перамяшчэнні, уся камунікацыя ўнутры… плюс можа аналізавацца, якія праграмы вы запускаеце ў сябе на прыладзе. То бок гэта дастаткова вялікі масіў дадзеных з пункту гледжання аналізу, і плюс можа аналізавацца, якія праграмы вы запускаеце ў сябе на прыладзе», – тлумачыць эксперт.
Калі абысціся без праграмы немагчыма, эксперт раіць строга абмяжоўваць яе выкарыстанне і ізаляваць ад асноўных дадзеных.
«Выкарыстоўваць яго толькі для таго, для чаго вы яго плануеце выкарыстоўваць: дапусцім, для камунікацыі з кімсьці. І разумейце, што гэтая перапіска абсалютна даступная расейскім спецслужбам. Ідэальныя ўмовы, калі вы заводзіце асобную прыладу, якая ніяк не звязана з вашай асноўнай прыладай, дзе ўсталяваныя іншыя вашы мэсэнджары, банкі, любыя іншыя чаты і гэтак далей», – раіць суразмоўца.
7 способов, которыми российский мессенджер Max следит за пользователями
@bajmedia