• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Шпіён у вашым браўзеры: Чаму пашырэнні сталі новай пагрозай для журналістаў і як абараніцца

    Калегі з Resident.ngo, якія займаюцца лічбавай бяспекай, заўважылі небяспечную тэндэнцыю: на камп’ютарах журналістаў, актывістаў, кіраўнікоў НДА ўсё часцей знаходзяць процьму падазроных браўзерных пашырэнняў. Яны могуць сканаваць любую старонку, адкрытую ў браўзеры — ад канфедэнцыйнай перапіскі да праектных дамоў.

    Шпіён у браўзеры

    Выява зроблена БАЖ пры дапамозе Nano Banana

    Мы прызвычаіліся чакаць небяспекі ад сайтаў і файлаў з вірусамі, навучыліся блакаваць фішынг і тэлефонных махляроў. Пры гэтым браўзер заўсёды пачуваўся бяспечным акном у інтэрнэт. Аднак у 2026 годзе і ён стаў нагадваць адчыненыя дзверы для зламыснікаў.

    БАЖ прапануе разабрацца, чаму «звычайны перакладчык» або «бясплатны Urban VPN Proxy» могуць быць небяспечнымі і што з гэтым рабіць.

    Чаму гэта жахлівая сітуацыя?

    Браўзерныя пашырэнні маюць каласальны доступ да вашай працы. Калі вы ўсталёўваеце ненадзейны плагін, то фактычна дазваляеце яму:

    • Бачыць усё: чытаць тэкст на любых старонках (уключна вашую пошту і дакументы).
    • Кіраваць зместам: рэдагаваць тэкст і код, замяняць спасылкі ці дадаваць шкодныя функцыі.
    • Красці сесіі: атрымліваць доступ да cook­ies, што дазваляе зламысніку зайсці ў вашыя акаўнты без пароля і двухфактарнай аўтэнтыфікацыі.
    • Шпіёніць: рабіць скрыншоты экрана і сачыць за тым, што вы ўводзіце ў формы (лагіны, паролі, нумары карт).

    Па змоўчанні кожнае пашырэнне ў браўзеры мае поўны дасяг да ўсяго кантэнту на ўсіх старонках і можа яго рэдагаваць і падмяняць. Гэтымі дазволамі карыстаюцца перакладчыкі і Adblock плагіны, але з такімі паўнамоцтвамі любое ненадзейнае пашырэнне можа здабыць любую адчувальную інфармацыю.

    Шпіён у браўзеры

    Праца тэставага пашырэння-шпіёна. Скрыншот ад Resident.ngo

    Каб даказаць рэальнасць пагрозы, эксперты Resident.ngo стварылі тэставае пашырэнне. Яно паспяхова чытала лісты ў Gmail і бачыла ўсё, што адбываецца на іншых старонках.

    Шпіён у браўзеры

    Праца тэставага пашырэння-шпіёна. Скрыншот ад Resident.ngo

    Рэальныя кейсы: мімікрыя і сачэнне

    Гэта не тэарэтычныя страхі, а рэальнасць 2026 года:

    1. Падмена парольных менеджэраў: У сакавіку 2025 стала вядома пра атакі, дзе шкоднае пашырэнне мяняла іконкі на панэлі браўзера. Карыстальнік думаў, што націскае на свой надзейны менеджэр пароляў, а насамрэч узаемадзейнічаў з імітатарам. Такім чынам шпіёнскае пашырэнне збірала логіны, паролі і нават дадзеныя банкаўскіх картак. Атака разлічана на мышачную памяць і давер. Людзі прывыклі націскаць на знаёмую іконку ў звыклым месцы і не чакаюць падвоху ўнутры самога інтэрфейсу браўзера.
    2. Здрада папулярнага сэрвісу: У снежні 2025 года на гарачым злавілі Urban VPN Proxy. Нягледзячы на высокі рэйтынг (4.7/5.0) і 58 тысяч водгукаў, пашырэнне падглядала за прыватнымі размовамі карыстальнікаў ва ўкладках і перадавала гэтыя даныя на свае серверы. Яно капіявала ўвесь тэкст, які вы ўводзілі ў чаты, і адказы суразмоўцаў (або AI). Гэта значыць, што калі вы абмяркоўвалі з калегай канфідэнцыйны праект, або прасілі Chat­G­PT прааналізаваць працоўны дакумент — увесь гэты тэкст сыходзіў на серверы Urban VPN. Кампанія сцвярджала, што даныя абезлічаныя і патрэбныя для «паляпшэння сэрвісаў» або навучання ўласных AI-мадэляў. Але для карыстальніка гэта азначала поўную страту прыватнасці працоўных і асабістых перапісак. 
    Шпіён у браўзеры

    Скрыншот ад Resident.ngo

    Як навесці парадак у браўзеры?

    Каб вашы даныя не «выцеклі» праз лішняе пашырэнне, зрабіце наступныя крокі:

    • Татальная рэвізія: Зайдзіце ў меню «Пашырэнні» ва ўсіх вашых браўзерах (Chrome, Fire­fox, Safari, Brave і інш.) і выдаліце ўсё, чым не карыстаецеся штодзень.
    • Праверка профіляў: Памятайце, што ў кожным профілі браўзера — свой набор пашырэнняў. Калі вы карыстаецеся адным акаўнтам на некалькіх кампутарах, пашырэнне, усталяванае калегам, можа аўтаматычна з’явіцца і ў вас.
    • Аналіз дазволаў: Калі пашырэнне патрабуе права «чытаць змест на ўсіх сайтах» — гэта максімальны ўзровень даверу. Падумайце, ці варты «Яндэкс.Перакладчык» таго, каб мець доступ да вашых працоўных гугл-доксаў.
    • Ізаляцыя: Калі для працы вам усё ж неабходна нейкае сумнеўнае пашырэнне, выкарыстоўвайце для яго асобны браўзер, дзе вы ніколі не заходзіце ў важныя акаўнты.
    • Гігіена: Добрай практыкай з’яўляецца поўная адмова ад расійскіх і беларускіх пашырэнняў. Ідэальны набор для працоўнага браўзера — гэта 2–3 правераныя інструменты (напрыклад, парольны менеджэр і блакіроўшчык рэкламы).

    Важна: Калі вы знайшлі ў сябе нешта вельмі падазронае — не выдаляйце гэта адразу. Зрабіце скрыншот і напішыце рэдакцыйнаму сісадміну  (ці, як варыянт, даслаць ліст спецыялістам на help@resident.ngo). Калі выдаліць усё імгненна, эксперты не змогуць правесці аналіз і зразумець, якія менавіта даныя маглі быць скрадзеныя. 

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці