Прыём заявак на прэмію для відэажурналістаў Hinzpeter Awards (дэдлайн — 14 ліпеня)
Прэмія ўручаецца відэажурналістам з усяго свету за самаадданасць. Цырымонія праходзіць у Паўднёвай Карэі.

Скрыншот з сайта hinzpeterawards.com
Да ўдзелу ў прэміі прымаюцца відэапрацы на тэму дэмакратыі, правоў чалавека і міру (навінавыя перадачы і дакументальныя фільмы), якія паказаныя па тэлебачанні або ў інтэрнэт-СМІ ў перыяд з 1 чэрвеня 2024 года па 30 чэрвеня 2025 года.
Заяўнік (ці кіраўнік каманды, які падае заяўку), павінен быць відэажурналістам, які або звязаны са СМІ, або працуе ў якасці фрылансера.
Паглядзець афіцыйныя фільмы-маніфесты прэміі можна ў англійскай версіі і ў карэйскай.
Прэмія Hinzpeter Awards складаецца з чатырох намінацый
Галоўны прыз «Свет на раздарожжы» прадугледжвае грашовую ўзнагароду 15 000 000 карэйскіх вон (ці каля 11 тысяч даляраў ЗША) і прыз.
Прэмія за навіны складае 7 000 000 карэйскіх вон (каля 5 тысяч даляраў ЗША) і прыз.
Прэмія за мастацкія і дакументальныя фільмы ацэньваецца ў 7 000 000 карэйскіх вон і прыз.
Прэмія імя Ю Ён Гіля складае 7 000 000 карэйскіх вон і прыз.
Працы, якія праходзяць у другі тур, будуць прызнаныя фіналістамі і будуць прадстаўленыя на афіцыйным сайце прэміі.
ПАДАЦЬ ЗАЯЎКУ
Поўную інфармацыю пра патрабаванні да ўдзельнікаў і падрабязныя інструкцыі па запаўненні заяўкі можна знайсці на сайце прэміі.
Пра прэмію
Прэмія Хінцпетэра заснаваная Фондам 18 мая і Карэйскай асацыяцыяй відэажурналістаў.
Прэмія названа ў гонар нямецкага відэарэпарцёра Юргена Хінцпетэра, які распавёў пра падзеі ў горадзе Кванджу 18 траўня 1980 года. Тады адбылося паўстанне супраць дыктатуры, што панавала апошнія дзесяцігоддзі. Хоць горад быў ачэплены вайскоўцамі, Юрген Хінцпетэр здолеў вывезці відэаматэрыялы, і такім чынам увесь свет даведаўся пра злачынствы палітычнага кіраўніцтва Паўднёвай Карэі тых часоў.
У 2021 годзе ў намінацыі The World at a Crossroads Award перамогу атрымаў Міхаіл Аршынскі, які з 2009 года працаваў відэажурналістам тэлеканала «Белсат». Яго дакументальны фільм «Не бойся» (Don’t be afraid) расказвае пра беларусаў, якія ў 2020 годзе змагаюцца з дыктатурай за сумленныя выбары і супраць фальсіфікацыі. Фільм выйшаў у эфір у траўні 2021 года.
