Журналісцкія байкі: Асаблівасці сучаснага беларускага гумару
Размаўляю з гаспадаром сядзібы эка-турызму. Кажа, маўляў, да яго нават з тэлевізіі прыязджалі: і з СТВ, і з ОНТ, і з БТ… «Але БТ я больш на ганак не пушчу», — са скрухай кажа мой суразмоўца…
«Было ў мяне два кітайскіх пеўні: бацька і сын. Бацька неяк танклява вішчэў, а не кукарэкаў, а сын добра гарлапаніў. Дэманструю тэлевізійшчыкам сваю гаспадарку, у тым ліку пеўняў. Бяру маладзейшага на рукі і кажу: «Ну пакукарэкай ты, а то бацька кепска кукарэкае»…»
Гаспадар робіць паўзу і працягвае: «І вось выходзіць сюжэт, дзе мая фраза абсалютна выдраная з кантэксту, без другога пеўня ў кадры — «Ну пакукарэкай ты, а то бацька кепска кукарэкае»… Добра, што цяпер ня 1937 год. А то не было б ані мяне, ані маёй сядзібы», — падсумоўвае гаспадар».
Севярын Квяткоўскі