Сяргей Дубавец выдаў кнігу «пра стагоддзе паміж “Нашай Нівай” і “Нашай Нівай”»
Зборнік эсэ «Стагоддзе НН», натхнёны гісторыяй найстарэшага беларускага выдання, ужо можна замовіць анлайн.

Фота: старонка Facebook выдавецтва Vesna
У выдавецтве Vesna, якое працуе ў Празе, выйшла кніга літаратара і журналіста, першага рэдактара адноўленай у 1991 годзе «Нашай Нівы» Сяргея Дубаўца з назвай «Стагоддзе НН». У зборнік ўвайшлі сем эсэ пісьменніка, паведамляецца на старонцы выдавецтва.
«Кніга выбраных эсэ распавядае пра стагоддзе паміж „Нашай Нівай” і „Нашай Нівай“, у якім дзейнічаюць: Янка Купала — чараўнік на фабрыцы маскульту, Абдзіраловіч пад псеўданімам Канчэўскі, Васіль Быкаў — пісьменнік экзістэнцыйнай нявыкруткі, Ікар, якому крылы разбурыла сонца, а яшчэ: нянавісць, якая стала любоўю, прыцягальная Амерыка, беларускія масоны, татары, габрэі, шляхта — ад менскіх каранёў да віленскага паветра, ад палітыкі да культуры, ад нараджэння да пахавання Солжа», — так прэзентуе «Стагоддзе НН» сам аўтар.
Паводле выдаўца, зборнік можна будзе набыць ў інтэрнэт-кнігарнях knihauka.com і kamunikat.shop. На момант публікацыі навінка ўжо з’явілася ў Кnihaukа, замовіць яе можна за 24,90 злотых.
