• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Крычаўскіх журналістаў западозрылі ў хуліганстве

    Вечарам 1 красавіка да крычаўскіх журналістаў Сяргея Няроўнага і Мікалая Гердзія наведаўся ўчастковы інспектар Крычаўскага РАУС, лейтэнант міліцыі Андрэй Шашкоў. Участковага вельмі цікавіла, ці не журналісты мясцовай незалежнай газеты “Вольны горад” зрабілі надпіс фарбай на асфальце паблізу будынка Крычаўскага райвыканкама ў ноч з 28 на 29 сакавіка.

    Надпіс быў кароткі, але вельмі змястоўны – “Лукашенко, уходи!”. Гэты надпіс быў зроблены на вуліцы Карла Лібкнехта, і ўчынак невядомай асобы атрымаў шырокі розгалас у Крычаве.

    Па словах рэдактара газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага, лейтэнант Шашкоў патэлефанаваў яму вечарам 1 красавіка і прапанаваў сустрэцца. Участковы задаваў разнастайныя пытанні, але асабліва яго цікавіла, ці маюць нейкую датычнасць да з’яўлення надпісу супрацоўнікі “Вольнага горада”, ці не хто-небудзь з кола знаёмых журналіста зрабіў. Па выніках гутаркі быў складзены пратакол апытання.

    Пасля наведвання Няроўнага лейтэнант Шашкоў ужо позна ўвечары гэтага ж дня завітаў у кватэру журналіста газеты “Вольны горад” Мікалая Гердзія. Гердзію давялося адказваць на тыя ж самыя пытанні: лейтэнанта цікавіла хоць якая-небудзь інфармацыя наконт здарэння каля Крычаўскага райвыканкама. Па выніках гутаркі таксама быў складзены пратакол апытання.

    Па словах журналіста, у пратаколе ён зрабіў адмысловы допіс, што Лукашэнку ў Крычаве падстаўляе менавіта мясцовая ўлада, якая прыводзіць горад у заняпад. Таму людзі і пішуць заклікі аб тым, што кіраўнік краіны павінен сысці ў адстаўку.

    Рэдактар “Вольнага горада” Сяргей Няроўны таксама мяркуе, што ў з’яўленні надпісу паблізу мясцовага райвыканкама “Лукашенко, уходи” шмат у чым вінаватая сама мясцовая ўлада. Сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Крычаве пагаршаецца ўжо шмат гадоў запар, але пры гэтым людзі не маюць ніякай магчымасці выказаць сваю думку на гэты конт уголас, бо ўсялякае “іншадумства” перапыняецца адразу ж. Таму людзі проста вымушаныя выказваць сваё меркаванне праз вось такія надпісы на асфальце.

    Мікалай Гердзій выказаў думку, што, падазраючы журналістаў у хуліганскіх учынках, такой сваёй актыўнасцю ў дачыненні да журналістаў супрацоўнікі праваахоўных органаў толькі прыцягваюць больш шырокую ўвагу насельніцтва да здарэння ў Крычаве і надаюць падзеі шырокі грамадскі рэзананс.

    Па звестках журналістаў газеты “Вольны горад”, супрацоўнікі Крычаўскага РАУС у апошнія дні расшуквалі і некаторых мясцовых грамадскіх актывістаў. Верагодна, іх таксама збіраюцца праверыць наконт датычнасці да з’яўлення надпісу “Лукошенко, уходи”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці