Ларыса Шчыракова атрымала прэмію праз год пасля ўзнагароджання
Былая палітзняволеная і былая журналістка Ларыса Шчыракова прэмію «Free media awards» уласнаручна атрымала ў Гамбургу.

Ларыса Шчыракова. Фота: з сайта Белсат
Яна была ўзнагароджаная ў 2024 годзе, аднак не магла прыняць узнагароду, бо на той момант несправядліва ўтрымлівалася ў зняволенні ў Беларусі.
Ларыса Шчыракова атрымала прэмію «за сваю мужную і незалежную дзейнасць у Беларусі».
На сайце прэміі падкрэсліваецца, што Ларыса Шчыракова стала апорай для незалежных журналістаў Гомельскага рэгіёну і настойліва дамагалася легалізацыі фрыланс-журналістыкі ў Беларусі на міжнародным узроўні. Яна сама стала першай журналісткай-фрылансерам, якую ў Беларусі аштрафавалі за нібыта «працу на замежныя СМІ». Таксама адзначаецца, што Ларыса Шчыракова смела асвятляла, як Беларусь спраўлялася з пандэміяй, а таксама пратэсты ў Беларусі.
Былую палітзняволеную Ларысу Шчыракову затрымалі ўвечары 6 снежня 2022 года пасля ператрусу ў яе прыватным доме. Яе абвінавацілі паводле двух артыкулаў: «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361–4 КК РБ) і «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369–1 КК РБ) і асудзілі на 3,5 гады калоніі агульнага рэжыму.
11 верасня 2025 года стала вядома, што Ларыса Шчыракова апынулася сярод вызваленых з дапамогай ЗША палітвязняў.
У 2025 годзе з беларускіх журналістаў прэмію атрымаў Беларускі расследавальніцкі цэнтр «за глыбокія аналітычныя матэрыялы і навіны».
@bajmedia