«Жоўтае сястрынства там існуе». Журналістка Ларыса Шчыракова — пра амаль тры гады за кратамі
Журналістку Ларысу Шчыракову затрымалі ў снежні 2022 года і асудзілі да трох з паловай гадоў калоніі — за прафесійную дзейнасць. За чатыры месяцы да канца тэрміну яе вызвалілі і выдварылі з іншымі палітзняволенымі ў Літву. Нядаўна стала вядома, што Камітэт ААН у справе ліквідавання дыскрымінацыі жанчын зарэгістраваў скаргу Ларысы на прымусовы вываз з Беларусі.
Пяць месяцаў на волі ў эміграцыі — медычная дапамога, уз’яднанне з сынам, пераезд у Польшчу і планы на вяртанне да працы. Былая палітзняволеная распавяла «Вясне» пра сны пра калонію, журналістыку за кратамі, прыніжальныя агляды, турэмную медыцыну і пра тое, чаму нават у зняволенні працягвала думаць, як зрабіць сістэму іншай.

Ларыса Шчыракова. Калаж аўтарства: collage_pattern
Гэты матэрыял з адмысловага цыклу да Міжнароднага дня барацьбы за правы жанчын «Яна сведчыць». У серыі інтэрв’ю «Вясна» расказвае гісторыі палітзняволеных жанчын Беларусі, якія прайшлі праз крымінальны пераслед і калонію. Праект фіксуе жаночы досвед рэпрэсій — ад затрымання і суда, жоўтага кляйма «экстрэмісткі», расстання з дзецьмі — да вызвалення, прымусовага выправаджэння з краіны і жыцця ў вымушанай эміграцыі. Гэты цыкл гутарак — пра тое, як выглядаюць рэпрэсіі, калі яны накіраваныя супраць жанчын.
«Тры гады ў няволі бясследна для псіхікі не пройдуць»
Пяць месяцаў пасля вызвалення Ларыса будуе новае жыццё — паміж Вільняй і Польшчай, паміж медычнымі абследаваннямі і планамі на будучыню. Яна кажа, што хутка адаптуецца, але прызнае: нават калі знешне ўсё выглядае стабільна, досвед трох гадоў за кратамі не знікае без следу.
«Усё залежыць не ад сітуацыі, у якой апынуўся чалавек, а ад яго адаптыўнасці. Калі ў чалавека яна высокая, як у мяне, то ён хутка прыстасоўваецца да ўсяго — і наадварот. Я хутка адаптуюся да любой сітуацыі — гэта ж тычылася і турмы, і калоніі. Мне там было нашмат лягчэй, чым некаторым іншым жанчынам, менавіта праз гэта. Я чытала ў інтэрв’ю, што некаторыя дзяўчаты называлі жаночую калонію пякельным пеклам, але для мяне так гэта не было. Бо я вельмі хутка прыстасоўваюся да змены абставінаў.
Так і на волі цяпер. Я знаходжуся ў атачэнні сяброў, калегаў і сына. Ёсць розная падтрымка — пачынаючы ад грашовай, сканчваючы медычнай і псіхалагічнай. Грэх скардзіцца. У мяне ўсё добра. Праблемы, якія ў мяне ўзнікаюць, вырашаюцца ў працоўным парадку. Пяць месяцаў я была ў Вільні, дзе атрымала медычную і стаматалагічную дапамогу. Цяпер я ў Польшчы, дзе падалася на міжнародную ахову.
Але чамусьці некалькі начэй запар — тры ці чатыры — мне сніцца калонія. Гэта не сны жахаў, але яны мне не падабаюцца. Пасля пераезду ў Беласток мне пачала сніцца калонія. Калі я прачынаюся, то з палёгкай уздыхаю, бо гэта толькі сон. Не ведаю, чаму так. Я асабліва пра яе не думаю, яна мяне моцна не траўмавала і не шакавала, але тры гады ў няволі бясследна для псіхікі не пройдуць».
На волі Ларыса паступова вяртаецца да таго, што складала яе жыццё да арышту: прафесія, кантакты, хобі. Сярод першых пакупак — гітара. Яна кажа, што гэта не проста інструмент, а спосаб нармалізаваць сябе.
«Я працягваю кантактаваць з тымі людзьмі, з якімі камунікавала да затрымання ў Беларусі. Займаюся тым, чым займалася дома. Нядаўна набыла сабе гітару. Дома было такое хобі — мне яно вельмі дапамагала. Акрамя таго, што проста прыемна такім чынам бавіць час, але для мяне гэта было тэрапеўтычным сродкам. Я, вядома, не Дэвід Гілмар, але мне падабаецца граць. Я дома яшчэ заўважала, што ў якім бы настроі я ні села за гітару, псіхалагічны стан нармалізуецца. Такі ўплыў гэта мела на мяне».
«Як толькі ў калоніі знікнуць палітычныя, вернуць магчымасць вывучаць мовы»
За пяць месяцаў да арышту Ларыса пачала займацца этнафотасесіямі. Менавіта гэта супрацоўнікі ГУБАЗіКа выкарысталі пры яе затрыманні, зрабіўшы замову пад выглядам кліентаў.
«Я хачу вярнуцца да этнафотасесій. Ужо набыла ўжываны фотаапарат, але яшчэ патрэбна святло ды іншае тэхнічнае абсталяванне. Я ўжо знайшла свае архіўныя фотаздымкі, якія не былі апублікаваныя, апрацоўваю іх і хачу абнавіць свой профіль, бо тры гады там не было ніякіх новых прац. За гэты час шмат людзей адпісалася ад мяне — каля тысячы. Хочацца, каб мой профіль з этнафотасесіямі развіваўся і надалей».
Перад арыштам Ларыса паступіла ў магістратуру па спецыяльнасці псіхалогія ў Гомельскі ўніверсітэт. За кратамі яна спрабавала працягваць адукацыю — чытала навуковыя кнігі па псіхалогіі, замаўляла кнігі, вывучала мовы, як гэта толькі было магчыма. Але з часам нават гэтыя магчымасці для палітвязняў пачалі скарачаць. Ларыса ўпэўненая, абмежаванні былі наўпрост звязаныя з іх прысутнасцю ў калоніі.

Папраўчая калонія № 4 у Гомелі. Фота: TUT.BY
«За кратамі я шмат чытала. У СІЗА не вельмі добрая бібліятэка ў плане навуковай літаратуры. Але там была магчымасць набываць у краме, і я замовіла некалькі грунтоўных кніг па псіхалогіі: Юнга, Фрома. У калоніі гэта ўжо было немагчыма.
Калі я заехала ў 2023 годзе, і нават напачатку 2024 года, яшчэ можна было палітычным замаўляць нешта ў кніжным клубе. Але гэтую опцыю хутка скасавалі. І нават тое, што я замовіла і аплаціла, мне не аддалі. Я набыла два самавучыцеля па нямецкай ды іспанскай, але мне не далі там імі карыстацца. Сказалі: «Будзеце высяляцца — забярэце».
Але ў выніку я не змагла іх забраць. Я схадзіла ў бібліятэку і сказала, што ў выпадку майго вызвалення дару гэтыя кнігі калоніі. Я перакананая, як толькі ў калоніі знікнуць палітычныя, звычайным асуджаным вернуць магчымасць вывучаць мовы. Бо я ўпэўненая, гэта толькі праз палітычных гэтую опцыю прыбралі».
«Шукаеш крупінкі аб’ектыўнай інфармацыі»
Журналістку асудзілі за прафесійную дзейнасць на тры з паловай гады калоніі. Паводле версіі абвінавачвання яна «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыё‑, відэа‑, фота- і тэкставай інфармацыі, для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фармавання «Белсат». Гэта кваліфікавалі як «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (арт. 369–1 Крымінальнага кодэкса) і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361–4 КК). Нягледзячы на гэта, Ларыса плануе працягнуць журналісцкую дзейнасць.
«У мяне ўжо ёсць вопыт і навыкі па журналістыцы. Не пайду ж я засвойваць новую прафесію, калі і гэта мяне корміць. У няволі маё разуменне журналістыкі не змянілася. Я па-ранейшаму лічу, што вельмі важна, каб у краіне былі незалежныя медыя. Улада тады ведае, што яе ўвесь час кантралююць, а гэта мае вялікае значэнне. Тады адбываецца менш злоўжыванняў, больш звяртаюць увагу на людзей і на іх патрэбы.
Калі сядзела ў калоніі, думала, што ацалелі толькі некаторыя беларускія СМІ, і ў выгнанні яны выжываюць. Але пабачыла на волі, што ўсё працуе. І, дзякуй богу, беларуская незалежная журналістыка працягвае існаваць.
Але калі ты знаходзішся ў сітуацыі, калі можаш спажываць толькі прапаганду, то шукаеш нейкія крупінкі аб’ектыўнай інфармацыі. У тых умовах яна надзвычай важная. У няволі адным з кірункаў дзейнасці быў пошук, акумуляцыя, абмен незалежнай інфармацыяй».
Прапаганда за кратамі. «Няма цара, акрамя Лукашэнкі, і Тур прарок яго»
«У калоніі мне было цікава, што гэта за людзі, чаму яны патрапілі за краты»
Асуджаная за журналісцкую працу, Ларыса і ў няволі працягвала быць журналісткай. Збірала гісторыі, слухала, аналізавала — нават калі не мела магчымасці публікаваць.
«А хто мне можа перашкодзіць збіраць інфармацыю? Збірай яе колькі заўгодна. Адзінае, што не праверыш гэтую інфармацыю, фактчэкінгу няма.
Калі яшчэ сядзела ў СІЗА, існаваў стэрэатып, што ў калоніі ніхто не кажа пра сябе і пра сваю справу. Але не дзеліцца і не адкрываецца толькі той, у каго нічога не запытваюць. Большасць з тых, да каго я звярталася і распытвала пра іх лёс, з задавальненнем распавядалі пра сябе. Былі выпадкі, калі адчапіцца было ўжо немагчыма, бо чалавек так ужо ўвайшоў у смак, што гатовы быў ад раніцы да вечара распавядаць мне пра сваё жыццё. А ў жыцці звычайных асуджаных было шмат траўм, траўмуючага дзяцінства з гвалтам, алказалежнымі бацькамі — мы шмат пра гэта размаўлялі. Сацыяльных праблем, прадстаўленых гэтымі жанчынамі, — вагон і маленькі вазок.
Я запытвала ў тых жанчын, што яны думаюць пра нейкія рэчы, напрыклад, пра Дэкрэт № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях» — што б яны змянілі. Я ўвесь час працавала з гэтым. З аднаго боку, гэта цікаўнасць да таго, што адбываецца навокал, а з другога — шматгадовая звычка збіраць матэрыял і аналізаваць яго».
Нават у калоніі палітзняволеная не адмаўлялася ад звыклага: думаць, як можна змяніць сістэму. Назіраючы за жанчынамі, іх лёсам і праблемамі, Ларыса Шчыракова працягвала аналізаваць і ўяўляць, што можна было б зрабіць інакш, каб калонія сапраўды стала «папраўчай».
«Я ўсё жыццё займалася грамадскай дзейнасцю — я ндашніца лютая. Заўжды думала, што ад мяне нешта залежыць, і запытвала сябе: як можна змяніць сітуацыю, як вырашыць гэтую праблему? Мяне заўсёды цікавіла, што адбываецца ў маёй краіне, горадзе і паселішчы. Я ніколі не думала, што ад мяне нічога не залежыць — бо ўпэўнена, што залежыць. Я была такой цікаўнай на волі, і ў мяне была магчымасць застацца такой жа ў няволі. Адзінае, што ў не было магчымасці дзяліцца гэтай інфармацыяй і апублічваць.
У калоніі мне было цікава, што гэта за людзі, чаму яны патрапілі за краты, што зрабіць, каб не было рэцыдыву. Стаю на пастраенні, а ў галаве складаю зварот у Дэпартамент выканання пакаранняў, што б можна было змяніць у калоніі. Я ўвесь час думала пра тое, што можна змяніць, каб рэальна гэтая калонія стала папраўчай, каб зменшыць рэцыдыў».
«Успрымала гэта як войска»
Пра ўмовы ўтрымання Ларыса гаворыць без драматызацыі, але і без ілюзій. Штрафныя ізалятары, абмежаванні, пастаянны кантроль — для яе гэта была жорсткая, але прадказальная сістэма з вайсковай логікай, у якой даводзілася існаваць.

Папраўчая калонія № 4 у Гомелі. Фота: TUT.BY
«У зняволенні я моцна не пакутавала. Мая жыццёвая ўстаноўка — адшукай добрае ў кепскім. Таму за кратамі я для сябе знаходзіла сэнсы паводле Франкла і займалася самаразвіццём. Там я шмат камунікавала з людзьмі, што вельмі люблю, назірала за імі. Як чалавеку, які хацеў атрымаць другую вышэйшую адукацыю псіхолага — мне гэта было вельмі цікава.
Але варта разумець, што калонія — гэта малапрыемнае месца, прама скажам. Для мяне гэта не было пеклам, але ўспрымала гэта як войска. Як Ксенія Луцкіна назвала гэта — дурное войска. Для мяне гэта месца, дзе было шмат абмежаванняў, з вайсковым рэжымам, нібы прыдатная для маладых мужчын, якіх трэба прывучыць да дысцыпліны. Але для людзей сталага веку і рознага стану здароўя — месца гэта не надта лёгкае».
Стаўленне з боку адміністрацыі калоніі ды СІЗА былая палітзняволеная называе карэктным:
«Былі там нюансы, але, улічваючы, што там працуюць салдафоны, так бы мовіць, таму ў прынцыпе можна сказаць, што было карэктнае стаўленне. Асабліва непрыемным было, калі некаторыя супрацоўнікі, якія па ўзросце ў сыны прыдатныя, звярталіся да мяне на «ты». Гэта было невыносна — я мабілізоўвала ўсе свае сілы, каб гэта спакойна вытрымліваць. Невыносна было глядзець, як, напрыклад, 20-гадовы «тыкае» 60-гадовай пенсіянерцы. Я пра гэта казала прадстаўнікам адміністрацыі не адзін раз, бо для перавыхоўвання чалавека вельмі важна, каб да яго ставіліся з павагай.
Фізічны гвалт у адносінах да мяне ніколі не ўжываўся. Быў лёгкі псіхалагічны ціск, але моцным стрэсам і траўмай для мяне гэта не стала. У мяне быў вольны час, а таксама магчымасць займацца самаадукацыяй. Нават была нейкая магчымасць стасавацца з роднымі — тры разы на месяц дазвалялі тэлефанаваць на тры-пяць хвілін. З сынам у калоніі мы бачыліся два разы на доўгатэрміновым суткавым спатканні, і два разы — на кароткатэрміновым».
Асобная частка турэмнай руціны — пастаянныя праверкі і “шмоны”, у тым ліку агляды без адзення. Гэтыя працэдуры Ларыса называе адной з найбольш непрыемных практык, з якімі сутыкалася ў няволі.
«Ідзеш на фабрыку — і амаль штодзень незнаёмыя людзі цябе «шманаюць», лазяць у кішэні, ляпаюць па спіне. Гэта ўсё непрыемна. Вельмі часта, калі ідзеш туды ці назад, цябе абмацваюць. Бывалі выпадкі, калі прамежнасць прамацвалі. Але гэта па інструкцыі мусілі так рабіць. Часам супрацоўніцы загадвалі зняць абутак, нават калі мы былі на вуліцы. І ты станавілася на асфальт нагамі. І ўвосень такое бывала. Памятаю, аднойчы Марыя Калеснікава адмовілася станавіцца ў шкарпэтках на асфальт і сказала, што яны не маюць права так рабіць. На яе, дарэчы, склалі за гэта рапарт.
Таксама вельмі непрыемная працэдура — «голыя шмоны», калі трэба паказаць цыцкі, вушы, рот, голай прысядаць пяць разоў”.
Палітвязні ў калоніі трымаліся разам, распавядае жанчына. Дзяліліся навінамі, падтрымлівалі адна адну, дапамагалі тым, хто заставаўся без перадач і грошай. Інфармацыя пра вызваленні разляталася імгненна — як напамін, што надзея ўсё ж існуе.
«Варта разумець, што палітычныя — гэта невінаватыя людзі. Гэта людзі, якія не павінны там сядзець. Яны адукаваныя, з высокімі маральнымі якасцямі, з добрых сем’яў. Іх і сем’і, і сябры падтрымлівалі — яны не былі адны. Адзінае, што тым, каго ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў», не дазваляліся грашовыя пераводы. Яны маглі карыстацца толькі тымі грашыма, што яны заробяць на фабрыцы, а гэта зусім нічога. Палітычныя са “спісаў тэрарыстаў” вельмі залежалі ад перадач. Таму, калі іх пазбаўлялі перадач, то гэта было цяжка. Можна было есці толькі тое, што там даюць. Не мець магчымасці анічога набыць у краме — гэта цяжка».
«Калі ў цябе нейкае сур’ёзнае захворванне, то твой стан там дакладна пагоршыцца»
Турэмная медыцына, паводле словаў былой палітзняволенай, можа спраўляцца з дробнымі праблемамі, але ў выпадку цяжкіх хранічных захворванняў становіцца небяспечнай сваёй маруднасцю. Ларыса ўзгадала гісторыю жанчыны, для якой хвароба за кратамі стала смяротным прысудам.
«Сядзець» трэба толькі калі ў цябе не дыягнаставана ніякіх хвароб. Калі ў цябе сур’ёзная хвароба, то ніхто не забяспечыць цябе паўнавартасным абследаваннем і лячэннем. У нашым 9‑м атрадзе была жанчына, Лена Філатава, якой дыягнаставалі анкалогію. Неабаходныя працэдуры пачалі, але ўсё гэта было вельмі-вельмі павольна. Пакуль яе запісалі на абследаванне, пакуль яе адвезлі, пакуль прыйшлі вынікі — прайшоў час. Адпаведным лекаваннем у калоніі яе не маглі забяспечыць. Яна папрасіла свайго сына даслаць медбандэроль, але перад гэтым трэба атрымаць дазвол ад лекараў на атрыманне лекаў ад родных. На ўзгадненне таксама сышоў час. Гэта адбывалася павольна. Час ідзе, а ў чалавека анкалогія.
Не ведаю, ці выжыла б яна на волі, калі б дыягнаставалі там анкалогію, але ў калоніі яна памерла. Восем месяцаў прайшло ад моманту, як ёй паставілі дыягназ, да таго, як яна сканала. Тут не скажаш, што ёй зусім не аказалі дапамогу, але ў выпадку анкалогіі яна мусіла быць больш аператыўнай».

Жаночая калонія № 4. Скрыншот з фільма «Дзебют»
Жанчына ўзгадвае, што за час зняволення ёй некалькі разоў былі патрэбныя час на аднаўленне, але ў калоніі такой магчымасці не было:
«Там няма магчымасці проста прылегчы. Увесь час павінен ці сядзець, ці стаяць, ці хадзіць. Гэта ўсё ўплывае на стан. Але лекаў там не шкадуюць — пі, хоць упіся. У калоніі я асабліва нічым сур’ёзным не хварэла — была прастуда, зубны боль і праблемы, звязаныя з клімаксам. Пры гэтым мне без праблем выпісвалі патрэбныя пігулкі, нават антыбіётыкі. Але калі ты ідзеш працаваць на першую змену, часта не паспяваеш выпіць лекі, бо папросту не хапае часу.
Пры клімаксе ў мяне былі цяжкія прыступы, што калаціла і ванітавала, была слабасць. Я адчувала сябе ў такім бездапаможным стане, што ўвесь час плакаць хацелася. Нельга было нават прылегчы. Мне кажуць: «Ідзі да лекараў». Але няма ад гэтага ніякіх лекаў — мне трэба было проста прылегчы. Гэты стан трэба толькі пераляжаць, а не даюць. На фабрыцы я не магла шыць, бо мяне калаціла — у мяне слабасць, санлівасць, я зялёная сядзела. У нейкі момант я проста легла на падлогу, бо сядзець на магла.
Таму, калі ў цябе нейкае сур’ёзнае захворванне, то твой стан там дакладна пагоршыцца, бо няма нармалёвай дапамогі. Калі ты пенсіянер ці нешта баліць, то гэта надзвычай цяжкае месца. Такім людзям можна толькі паспачуваць. Напрыклад, палітзняволенай пенсіянерцы Ірыне Мельхер. У яе праблемы з мачавіком, а ёй не даюць спаць унізе — толькі на верхнім ярусе. За ноч яна ўстае па пяць-шэсць разоў, каб схадзіць у прыбіральню. Нармальна спаць не можа праз гэтае.
Мяне яшчэ вельмі здзіўляла, калі чалавеку станавілася блага, то яго за рукі і за ногі ці на коўдры валаклі ў санчастку. Не ведаю, чаму ў іх няма насілак. Бывала, калі чалавеку рабілася дрэнна на фабрыцы — яго на руках валаклі ў медчастку».
Акрамя фізічных абмежаванняў, цяжарам становіцца пастаянная прысутнасць іншых людзей, дзеліцца былая палітзняволеная. Без магчымасці застацца сам-насам з сабой, у прасторы, дзе трэба пастаянна ладзіць з сотнямі жанчын, псіхалагічная нагрузка толькі назапашваецца.
«У мяне былі прыяцелькі, з якімі я сябравала. Мы заўсёды дзяліліся інфармацыяй адна з адной — толькі даведаешся нешта і бяжыш куляй распавядаць. Асабліва хочацца падзяліцца радаснымі рэчамі, напрыклад, кагосьці выпусцілі, памілавалі. Інфармацыя пра гэта разлятаецца з хуткасцю святла. Мы стараліся маральна падтрымліваць адна адну. «Жоўтае сястрынства» там існуе».
«Праз паўтара года нашэння мая сукенка стала зрэб’ем»
Турэмная форма і забароны паступова сціраюць індывідуальнасць, распавядае жанчына. Немагчымасць выбіраць адзенне, карыстацца касметыкай, якой ты хочаш — гэта дробязі, якія ў выніку ўплываюць на адчуванне сябе. Ларыса падрабязна распавядае пра гэта:
«Па жыцці я аматарка рознага адзення, у мяне яго шмат і яно разнастайнае. Але я была пастаўлена ў сітуацыю, што заставацца нейкай моднай жанчынай там немагчыма. Ва ўсім гэтым адзенні я адчувала сябе як «даярка з Хацапетаўкі». Таму я ўжо там не імкнулася ні да чаго. Чыстае, не смярдзіць — і досыць. Нічога ж нельга: брошку ці нейкую кветку не прычэпіш, бо гэта парушэнне формы адзення.
Целагрэйка ў мяне была оверсайз — у ёй я выглядала, як ступа. Сукенка ў мяне таксама была вялікая і псавала маю фігуру. Я пісала заявы, каб мне выдалі яшчэ адну сукенку, што было прадугледжана правіламі, але так і не атрымала. Праз паўтара года нашэння мая сукенка стала сапраўдным зрэб’ем, яна проста свяцілася ўжо. Дзякуй богу, здолела выменяць сваё зрэб’е на добрую, калі аднаатрадніца вызвалялася.
А яшчэ на фабрыцы знайшла ля машынкі ў сметніцы чыюсьці старую сукенку, падшыла, і ў мяне з’явілася яшчэ адна працоўная сукенка. Ружовая сукенка, валошкавая целагрэйка — гэта ўсё выглядала смешна. Таму я змірылася, што я выглядаю жахліва, і старалася не пераймацца гэтым.
У калоніі я вырашыла прызвычаіцца мыць валасы раз на тыдзень. Я іх увесь час заплятала ў касічку і хадзіла ў касынцы, бо так было зручна і не трэба было замарочвацца. Мыла іх у па чацвяргах — адзіны дзень лазні. Вельмі рэдка карысталася дадатковым днём для мыцця. Там валасы я не фарбавала, але і дома гэтага не рабіла. Ведаю, што ў жанчын з гэтым ёсць праблемы, бо ў калоніі не прадаецца фарба для валасоў — толькі тонік.

Ілюстрацыйны здымак Sputnik
З касметыкі ў калоніі я карысталася толькі тушшу для павек і броваў. Туш можна было набыць у мясцовай краме — там быў вялікі выбар беларускіх. Хоць якасць у іх была такая сабе, але для калоніі было добра. У мяне была чырвоная памада, як у Машы Калеснікавай, але ёй я карысталася вельмі рэдка.
На цела я таксама махнула рукой. У мяне былі нейкія два крэмікі — мінімальны дагляд. Якіх-небудзь тканевых масак не дастаць там. Проста машаш на сябе рукой і кажаш, што як выйду, то ўсё будзе добра.
У калоніі забаронена карыстацца духамі, туалетнымі водамі. У краме можна было купляць толькі араматычныя воды Беліты, але ж яны не трымаюцца зусім. Я адзін раз толькі купіла, бо гэта марнаванне грошай. Дзеўкі часам бадзяжылі нешта пахучае з араматызаваных крэмаў, але я не замарочвалася. Калі сястра мне перадавала адзенне, заўсёды душыла яго дарагой парфумай. Я атрымлівала пахучыя шалікі, халаты, майкі, піжамы. Пах дарагой парфумы трымаўся яшчэ тыдзень. Стаю на пастраенні, а ад мяне Gucci ці Dior пахне, і ўсе мне зайздросцяць. Жанчыны запытваюць, адкуль гэты пах — хіба супрацоўніца прайшла і гэты шлейф застаўся, а гэта я.
У калоніі выдаюць калготы і легінсы. Майкі на шлейках, з кароткімі і доўгімі рукавамі не даюць. Для тых жанчын, у каго не было магчымасці перадач, гэта была катастрофа. Тым, у каго не было нават свайго швэдара, цяжка было. Такіх жанчын было ў калоніі адсоткаў 20. У палітычных такое вельмі рэдка здаралася — як правіла, у іх была вельмі добрая падтрымка. У тым адзенні, якое выдаюць у калоніі, вельмі холадна. Калі наступаюць халады, то пад ніз трэба падзець гэта ўсё».
«Я каралева, я ў каралеўскім убранні». Ларыса Шчыракова – пра сваё захапленне неглюбским ткацтвам
«Жыву вяртаннем на Радзіму»
Пасля вызвалення жанчына ўз’ядналася з сынам і спрабуе аднавіць страчаны час:
«Адчуваецца, што гэтыя важныя для падлетка тры гады, ім ніхто не займаўся. Шмат чаго цяпер трэба рабіць, казаць, прагаворваць. Бачу шмат прабелаў у выхаванні і адукацыі. Псіхалагічная адчужанасць была, але толькі нядоўгі першы час. Потым эмацыйная сувязь і цёплыя адносіны паміж намі хутка аднавіліся».
Але галоўнае, што трымае яе цяпер, — вера ў магчымасць вярнуцца ў Беларусь:
«Жыву вяртаннем на Радзіму. У сваім узросце я не звязваю сваю будучыню ані з Польшчай, ані з іншымі краінамі. Хочацца жыць і дажыць у Беларусі. Зразумела, гэта толькі адбудзецца ў пэўных умовах. Але я ж аптыміст па жыцці, таму я веру, моцна веру. Чакаю сігналу, што бяспечна ехаць, і паеду першым аўтобусам ці цягніком».
@bajmedia