• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Літоўскаму блогеру, «эксперту» прапаганды ў Беларусі, абмежавалі свабоду і забаранілі карыстацца інтэрнэтам

    Суд у Вільні прызнаў Лаўрынаса Рагяльскіса вінаватым у распальванні нянавісці да беларусаў і габрэяў, а таксама ў апаганьванні месца грамадскага шанавання — у кастрычніку 2020 года ён спрабаваў знішчыць каля амбасады Беларусі ў Літве мемарыял памяці загінулых пасля 2020 года беларусаў.

    блогеру Лаўрынасу Рагяльскісу забаранілі карыстацца інтэрнэтам

    Суд у Вільні. Ілюстрацыйнае фота

    Як паведаміла выданьне LRT, яго асудзілі на адзін год і дзевяць месяцаў абмежаваньня волі без інтэнсіўнага нагляду, а таксама абавязалі сплаціць штраф у памеры 12,5 тысяч эўра.

    Апроч таго, суд абавязаў яго цягам шасьці месяцаў прайсьці праграму карэкцыі паводзінаў, цягам усяго тэрміну пакараньня працаваць або зарэгістравацца ў Службе занятасьці, бясплатна адпрацаваць 100 гадзін ва ўстановах аховы здароўя і сацыяльных паслуг, у якіх даглядаюць сталых і людзей з інваліднасьцю.

    «Суд вызначыў поўную забарону на выкарыстаньне ўсіх сацыяльных сетак у пэрыяд абмежаваньня волі, уключаючы забарону на падключэньне да інтэрнэт-плятформаў і іншых інфармацыйных сыстэм», — абвясьціў судзьдзя Міраславас Гваздовічус.

    Такім чынам, Рагельскісу забаранілі ствараць, публікаваць, распаўсюджваць або іншым спосабам дзяліцца кантэнтам на гэтых плятформах, весьці прамыя трансьляцыі, ствараць новыя файлы і акаўнты, а таксама карыстацца акаўнтамі іншых асобаў.

    Дзяржаўная прапаганда Беларусі рэгулярна запрашала Лаўрынаса Рагяльскіса для дыскрэдытацыі ўладаў Літвы за палітыку датычна Беларусі, павелічэньне вайсковых расходаў, што прывяло нібыта да зьніжэньня ўзроўню жыцьця простых грамадзян.

    Апошні яго выступ адбыўся ў эфіры Горадзенскага абласнога тэлеканалу сёлета ў канцы лютага. У ім ён назваў сьвяткаваньне ў Літве Дня аднаўленьня Літоўскай дзяржавы спробай «аднавіць ідэалёгію фашызму і нацыяналізму», а таксама заявіў, што стварэньне новага вайсковага палігону зьяўляецца «праектам для будучага нападу на Беларусь і спыненьня транзыту на Калінінград вайсковымі сродкамі».

    Некалькі дзён таму ў Літве асудзілі ягоную паплечніцу — Эрыку Швянчонене — за адмаўленьне злачынстваў СССР, у тым ліку трагедыю 1991 году ў Медніках, калі на памежным пастарунку загінулі сямёра супрацоўнікаў літоўскіх мытні, паліцыі і памежнай службы.

    Лаўрынас Рагяльскіс уваходзіў у так званы «пул» літоўскіх экспэртаў, якія сыстэматычна камэнтавалі для прапагандысцкіх СМІ Беларусі падзеі ў Літве і палітыку літоўскіх уладаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.