Хочаце правесці перадачу на Польскім радыё па-беларуску? Рэдакцыя прапануе лот на дабрачынным аўкцыёне
Рэдакцыя Польскага радыё выставіла лот на дабрачынны аўкцыён. Пераможца стане сувядоўцай аднаго з ранішніх эфіраў Украінскай службы. Чакаюць ставак у тым ліку ад беларусаў, перадачу можна будзе правесці на роднай мове.
У нядзелю ў Польшчы пройдзе дабрачынная акцыя «Вялікі аркестр святочнай дапамогі». Падчас яе будуць збіраць грошы на мэты, звязаныя з медыцынай і аховай здароўя. Пра мерапрыемства распавядае Беларуская служба Польскага радыё
Упершыню акцыя «Вялікі аркестр святочнай дапамогі» прайшла ў 1993 годзе. Яе прыдумаў журналіст і грамадскі дзеяч Ежы Оўсяк. На працягу года штогод у Польшчы адбываюцца дабрачынныя канцэрты, а ў студзені праходзіць «Вялікі фінал», падчас якога тысячы валанцёраў выходзяць на вуліцы са скарбонкамі і збіраюць грошы. Сродкі таксама збіраюцца на аўкцыёнах. Сярод лотаў, у прыватнасці, рэчы і прадметы ад вядомых людзей, альбо, для прыкладу, вячэра з імі ў рэстаране ці проста праведзены час.
Сёлета актыўны ўдзел у акцыі прымае Польскае радыё, у тым ліку і канал замежнага вяшчання. Рэдакцыя выставіла некалькі лотаў, звязаных з дзейнасцю радыёстанцыі. Сярод прапаноў — удзел у перадачах і запіс падкастаў.
Украінская служба прапануе чалавеку, які выйграе аўкцыён, стаць сувядучым ранішняй перадачы, якая гучыць у эфіры Польскага радыё для Украіны. Вядучая Яна Стэмпневіч запрашае прыняць удзел у дабрачынным аўкцыёне ў тым ліку і беларусаў:
— Мы запрашаем беларусаў! Тым больш, што беларускую мову мы ў эфіры не перакладаем. Гэта наша пазіцыя, бо нам важна, каб беларуская мова таксама гучала ў нашым эфіры. Мы запрашаем усіх — польскамоўных, украінскамоўных і беларускамоўных гасцей. Ёсць лот, і хто дасць найбольш, той павядзе з намі перадачу.