Галоўная зброя — відэаплатформы і сацсеткі. Стала вядома, як лукашэнкаўская прапаганда спрабуе ўплываць на вынікі польскіх выбараў
Беларускія дзяржаўныя СМІ абыходзяць санкцыі Еўрасаюза і распаўсюджваюць дэзынфармацыю, каб паўплываць на выбары ў Польшчы. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе «Забароненыя, але працягваюць вяшчанне», падрыхтаваным арганізацыямі DFRLab, Фондам адказнай палітыкі і Alliance4Europe.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Czarek Sokolowski
Паводле экспертаў, цэнтральную ролю ў інфармацыйнай кампаніі адыгрывае «Радыё Беларусь», якое належыць Белтэлерадыёкампаніі.
3 чэрвеня 2022 года ЕС увёў санкцыі супраць БТРК, прызнаўшы яе інструментам дзяржаўнай прапаганды. Санкцыі ўключалі замарозку актываў, забарону на тэхнічную падтрымку і распаўсюд кантэнту праз еўрапейскія платформы. Нягледзячы на гэта, «Радыё Беларусь» працягнула і нават узмацніла сваю прысутнасць у сацсетках, асабліва сярод польскамоўнай аўдыторыі.
Паколькі беларускія дзяржаўныя СМІ заблакаваныя ў Польшчы, прапагандысты пачалі актыўна выкарыстоўваць даступныя платформы — тыкток, ютуб, X і фэйсбук.
У жніўні і верасні 2023 года, напярэдадні выбараў у Польшчы, радыё запусціла шэраг праектаў на польскай мове: ютуб-канал, а затым акаўнты ў тэлеграме, тыктоку і X. У дакладзе адзначаецца, што «Радыё Беларусь» фактычна вядзе шырокую лічбавую кампанію, накіраваную на ўплыў на прэзідэнцкія выбары ў Польшчы 2025 года. Лукашэнкаўская прапаганда імкнецца падарваць давер да дэмакратыі, паглыбіць падзел у грамадстве і падтрымліваць або дыскрэдытаваць асобных кандыдатаў.
Кіраўнік міжнароднага вяшчання Беларускага радыё Валерый Радуцкі адкрыта прызнаў, што гэтыя праекты звязаныя з выбарамі ў Польшчы, яны маюць на мэце крытыкаваць польскую ўладу і паказваць, як у краіне маніпулююць грамадскай думкай.
У кастрычніку 2023 года радыё пачало ток-шоу «Думкі пра Польшчу», якое нібыта павінна «адкрыць вочы» палякам на сітуацыю ў іх краіне. Паводле дакладу, радыё спрабуе падарваць давер да польскіх дэмакратычных інстытутаў, сцвярджаючы, што выбары — падман, а іх вынікі могуць быць ануляваныя пад ціскам ЕС.
На тыкток, па стане на 7 мая 2025 года, «Радыё Беларусь» выклала 930 відэа, якія набралі больш за 9,2 мільёна праглядаў. Большасць падпісчыкаў — у Польшчы. У сетцы X было больш за 3 тысячы публікацый, што выклікала значную актыўнасць польскіх карыстальнікаў. Ютуб-канал мае больш за 2 000 відэа з агульнай колькасцю праглядаў 5,5 мільёна. У фэйсбуку таксама зроблены сотні пастоў, галоўным чынам на польскую аўдыторыю.
Усяго на 7 мая 2025 года акаўнты польскамоўнай рэдакцыі «Радыё Беларусь» выклалі больш за 7 790 пастоў і відэа, агульная колькасць праглядаў склала 16 мільёнаў, а ўзаемадзеянняў — не менш за 542 тысячы.
У снежні 2024 года «Радыё Беларусь» актыўна прасоўвала двух кандыдатаў — Мацея Мацяка і Альдону Скіргела (якая не змагла сабраць подпісы для рэгістрацыі). У сваіх матэрыялах радыё сцвярджала, што выбары ў Польшчы нелегітымныя, а суды і выбаркам падпарадкоўваюцца знешняму ўплыву.
У адным з ролікаў Мацяк заявіў, што яго рэгістрацыя сутыкнулася з ціскам, а польскія СМІ асвятляюць кампанію перадузята. Ён выказваў сімпатыі да Расіі, заклікаў спыніць падтрымку Украіны і гаварыў пра мір з Масквой і Пекінам. На выбарах гэты кандыдат атрымаў толькі 0,2% галасоў.
Прапаганда таксама акцэнтуе тэмы міграцыі і вайны ва Украіне, малюючы Захад як крыніцу ўсіх праблем Польшчы, а ЗША і Францыю — як тых, хто атрымлівае з гэтага карысць. Адзін з галоўных герояў антыпольскай кампаніі — былы польскі суддзя Томаш Шміт, які ўцяк у Беларусь. Ён рэгулярна з’яўляецца ў відэа «Радыё Беларусь» і распаўсюджвае заявы, што, напрыклад, Еўрасаюз праз польскага прэм’ера Дональда Туска можа ануляваць вынікі выбараў, уплываючы на судовую сістэму.
Даклад адзначае, што нягледзячы на санкцыі і еўрапейскае заканадаўства (DSA), платформы не блакавалі кантэнт «Радыё Беларусь» для еўрапейскіх карыстальнікаў. Тыкток часткова абмежаваў доступ толькі за некалькі дзён да выбараў.
