• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Зняволенага відэаблогера Максіма Шуканава ўключылі ў пералік «экстрэмістаў»

    Паводле інфармацыі на сайце МУС Беларусі, Максім Шуканаў, асуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі і штрафу памерам 500 базавых велічынь (21 тысяча беларускіх рублёў), ужо «адбывае пакаранне».

    Блогер Максім Шуканаў

    Блогер Максім Шуканаў. Скрыншот: UnionBell/Youtube

    Мінскі гарадскі суд прызнаў блогера вінаватым паводле часткі 1 артыкула 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), частак 1 і 2 артыкула 361- 4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), часткі 3 артыкула 361–1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). Спроба аспрэчыць гэты прысуд поспеху не мела: Вярхоўны суд адхіліў апеляцыйную скаргу Максіма Шуканава і пакінуў без зменаў рашэнне суда першай інстанцыі.

    Па версіі боку абвінавачання, у жніўні 2020 года Шуканаў быў удзельнікам «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на тэрыторыі г. Мінска», а таксама  рэдагаваў кантэнт на YouTube-каналах аб’яднання былых сілавікоў, якія у час паслявыбарчых пратэстаў перайшлі на бок народа.

    «У яго задачы як удзельніка экстрэмісцкага фармавання ўваходзілі рэдагаванне дэструктыўнага кантэнту на YouTube-каналах BYPOL і BELPOL, стварэнне лагатыпа BELPOL і іншыя. Ён таксама садзейнічаў экстрэмісцкай дзейнасці фармавання «Беларускі гаюн»» — паведаміла 3 лютага упраўленне ўзаемадзеяння са СМІ Генпракуратуры.

    Нягледзячы на пагрозы крымінальнага пераследу, Максім Шуканаў да 2025 года заставаўся ў Беларусі, паспяхова ўнікаючы ўвагі з боку сілавікоў. Але ў лютым 2025 года хлопец быў вымушаны звярнуцца па медыцынскую дапамогу, і, меркавана, неўзабаве пасля гэтага ён быў затрыманы разам са сваёй нарачонай, таксама блогеркай, Палінай Зыль.  

    Апошняе відэа на YouTube-канале Максіма Шуканава Union Bell выйшла год таму, апошняе паведамленне ў Telegram-канале блогера — 28 снежня 2024 года.

    У ліпені 2025 года стала вядома, што суд Цэнтральнага раёна  Мінска прыгаварыў Паліну Зыль да пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год з адбыццём у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Блогерку звінавацілі паводле «народнага артыкула» — ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).  

    Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Максіма Шуканава і Паліну Зыль палітычнымі вязнямі.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці