Кацярына Кулакова: «Маладыя журналісты ў незалежных медыях ёсць! І я ўпэўнена — яны сябе пакажуць»
23-гадовая Кацярына Кулакова стала ўладальніцай дыплома за першае месца ў конкурсе «Вольнае слова-2024». Сваю ўзнагароду студэнтка ЕГУ і журналістка «Салідарнасці» атрымала за інтэрв’ю з былой палітзняволенай Анастасіяй Булыбенка, якая была асуджаная па «справе студэнтаў». Пра жыццё ў выгнанні, журналістыку, свае надзеі і мары дзяўчына расказала ў інтэрв’ю БАЖ.
«Гэтыя падзеі толькі ўзмацнілі маё жаданне заставацца ў журналістыцы»
— Я вырашыла стаць журналісткай яшчэ ў школе, у 9 класе. Ужо тады мяне папярэджвалі: казалі, што я буду пісаць пра сяўбу і жніво. Мой знаёмы, памятаю, жартам сказаў: наша Каця такая вострая на язык, што мы з ёй усе ў высылку паедзем. Тады мы проста пасмяяліся. Але прайшлі гады – магу сказаць, што я цяпер фактычна у высылцы і раблю сваю працу ў вымушанай эміграцыі. На жаль.
А тады, у 9 класе, мне захацелася стаць журналісткай. Пазней у маім жыцці з’явіўся журфак БДУ.
Але ў 2021 годзе я мусіла выехаць з Беларусі — з‑за сваёй прафесійнай дзейнасці, бо пісала пра палітвязняў, фігурантаў «справы студэнтаў». Сваю адукацыю я працягваю ў ЕГУ: у мяне застаўся апошні год вучобы.
А наконт усведамлення, што ад журналістыкі нікуды не дзецца, то яно якраз і прыйшло ў 9 класе. Патрошкі-патрошкі я пачынала пісаць, разумела, што мне гэты занятак падабаецца і што нічым іншым займацца не хачу. Пратэсты 2020 года, далейшыя падзеі толькі ўмацавалі маю думку, што я не хачу пакідаць журналістыку, наадварот, усе гэтыя падзеі толькі ўзмацнілі маё жаданне заставацца ў журналістыцы.
Канешне, у мяне было шмат страхаў: і пра бяспеку, і нестабільнасць, з якой мы сутыкаемся ў выгнанні. А я ўсё адно вырашыла застацца ў прафесіі, і ў 2022 годзе прыйшла працаваць у «Салідарнасць» — гэта першая мая праца ў якасці журналісткі ў штаце.
«Тады я была дужа смелай, а зараз, азіраючыся, пытаю сябе: няўжо я гэта рабіла?»
— Які ўплыў на вашае прафесійнае станаўленне аказалі падзеі 2020 і наступных гадоў?
— Мне здаецца, вялікі ўплыў. Па-першае: я многае ўбачыла. Я ў 20‑м годзе працавала ў прэс-службе БНТУ, і мне не давалі пісаць тое, што я хацела. А я імкнулася распавядаць пра пратэсты і затрыманні студэнтаў і выкладчыкаў. Я рабіла матэрыялы, але іх не друкавалі. Калі да мяне гэта дайшло, я аддавала свае тэксты ў іншыя выданні, якія іх бралі. Але праз гэта я мусіла пакінуць краіну.
У 2020 годзе і пасля я ўбачыла, як працуюць у дзяржаўных структурах, што адбываецца на журфаку. Напрыклад, на зімовай сесіі ў 2021 годзе я прынесла на экзамен раздрукоўку інтэрв’ю «Нашай Нівы». Але ўсім студэнтам сказалі: ніхто не можа выкарыстоўваць матэрыялы з недзяржаўных газет на экзамене. Мне проста пашанцавала: побач са мной сядзела суседка, якая прынесла з сабой раёнку, і паколькі ёй выпала іншае заданне, яна падзялілася ёй са мной. Так я здала экзамен.
Я бачыла ўсё, што адбываецца ў краіне: як рэпрэсуюць незалежных журналістаў, як не даюць пісаць праўду. Напрыклад, Любоў Каспяровіч працавала журналісткай TUT.BY, калі яе забралі за інтэрв’ю ў тым ліку са мной. Пазней я выступіла на судзе (памятаю, як ехала з працы на суд, каб засведчыць, што журналістка проста рабіла сваю працу, а не ўдзельнічала ў «несанкцыяваным мітынгу», як казалі яны) і толькі потым з’ехала.
Я стала сведкай многіх рэпрэсій, і над журналістамі ў тым ліку. Перажыла многа несправядлівасці. Тады я была дужа смелай, а зараз, азіраючыся, пытаюся сябе: няўжо я гэта рабіла? Я пад сваім імем давала паказанні ў судзе, пісала студэнтам. Праз некалькі гадоў мы спісваліся з Любоўю, і яна дзякавала, што я тады выступіла сведкай на судзе.
Аднак, назіраючы ўвесь паток рэпрэсіяў супраць журналістаў, я ўсё больш упэўнівалася, наколькі гэта важная прафесія — журналістыка. Беларусы атрымліваюць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне, праз незалежныя медыя. Так і вырашала ісці з журналістыкай далей, працаваць у незалежных рэдакцыях, каб мець магчымасць расказваць людзям больш.
«На трэці год эміграцыі мне стала трохі лягчэй…»
— Цяпер вы ў высылцы. З якімі праблемамі вы сутыкаецеся ў выгнанні кожны дзень? Дзе вы асабіста пачуваліся лепш — у эміграцыі ці ў Беларусі?
— У вымушанай эміграцыі мне вельмі цяжка. Ужо трэці год, і толькі зараз мне становіцца трохі лягчэй. Але літаральна за 10 хвілін да вашага званка я рабіла відэа, мне патрэбна была ілюстрацыя да беларускіх падзеяў.
Я знайшла відэа, якое зняў дрон у Мінску, убачыла Парк перамогі, побач з якім жыла — і проста расплакалася. Мне цяжка без радзімы, я ніколі не планавала з’язджаць з Беларусі, я сумую па Мінску — па родным горадзе, па родных людзях. Мне цяжка.
Калі я жыла ў Беларусі, маральна мне было лягчэй, бо я ў сваёй краіне і побач з роднымі. Але зараз я разумею, што, нягледзячы на адарванасць ад сваёй зямлі, я ўсё-такі знаходжуся ў бяспецы — гэта дарагога вартае. Праз час да мяне прыйшло разуменне рэчаіснасці, прыняцце рэальнасці — у Беларусі я зараз была б за кратамі. За мяжой я ў бяспецы, працую, я на нешта ўплываю, а ў Беларусі проста сядзела б за кратамі. Але ўсё роўна мне цяжка без Беларусі.
І ў прафесійным плане таксама няпроста. Я трошкі зайздошчу тым журналістам, хто паспеў папрацаваць у Беларусі, хто ў прафесіі 10–15-20 гадоў, хто рабіў сапраўдныя рэпартажы, хто сустракаўся са сваімі героямі ўжывую, сядзелі побач і размаўлялі, гледзячы адзін другому ў вочы. У мяне такога вопыту амаль не было: у Беларусі я папрацавала зусім няшмат, у штаце беларускіх выданняў увогуле не працавала… Таму мне вельмі хацелася б вярнуцца ў Беларусь і заняцца сапраўднай журналістыкай.
«Я не ведаю, што будзе далей. Але пакуль я гатовая да цяжкасцей»
— Не ўзнікала жадання сысці з журналістыкі ў іншую сферу, якая дала б адчуванне і фінансавай стабільнасці, і бытавога ўладкавання, і большай бяспекі?
— Я ніколі не думала пра гэта.
(Пасля працяглай паўзы) Я бачу, што многія людзі, якія выязджаюць з Беларусі, мяняюць сваё жыццё, мяняюць сферу дзейнасці. У мяне такога ніколі не было. Не ведаю, добра гэта ці дрэнна, але мне падабаецца тое, чым я займаюся, і планую займацца журналістыкай далей.
Я не ведаю, што будзе далей, хаця і разумею ўсе цяжкасці, якія могуць мяне пільнаваць у недалёкай будучыні. Але пакуль што я гатовая да гэтых цяжкасцей.
— Публіка часта прадказвае хуткую смерць беларускай журналістыкі. У свае 23 гады вы толькі пачынаеце сваю кар’еру (не крыўдуйце: маладосць — гэта не папрок, а трамплін). І што вы адкажаце веснікам апакаліпсісу?
— Я веру, што гэта не так. Штодня я працую з людзьмі, якія адданыя сваёй прафесіі. Я вельмі шмат у іх вучуся. У гэтым годзе «Салідарнасць» упершыню атрымала ажно тры ўзнагароды на «Вольным слове». Гэта сведчыць пра тое, што беларуская журналістыка не памірае, а, наадварот, развіваецца. Так, магчыма, маладое пакаленне цяпер не так ахвотна ідзе ў журналістыку, як раней. Але маладыя журналісты ёсць. Шмат хто з іх, як я бачу, ужо скончыў універсітэт за мяжой або яшчэ працягвае вучыцца. І я ўпэўнена — пройдзе час, і яны сябе пакажуць.