• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Марына Золатава: На працягу ўсяго гэтага часу пра нас памяталі, пра нас непакоіліся

    Вызваленая і дэпартаваная за мяжу галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава вярнулася ў фэйсбук, абнавіла фота профіля і апублікавала пост. Марына падзякавала ўсім, хто працаваў над яе вызваленнем, адзначыўшы, што ў калоніі «не заўсёды ў гэта верыш». 

    Марына Золатава абнавіла фота профіля

    Марына Золатава абнавіла фота профіля

    Асноўную частку паведамлення яна прысвяціла тым, хто застаўся за кратамі. «Ішоў 2026 год. Год беларускай жанчыны», — горка падсумавала Золатава сітуацыю ў краіне.

    Усім прывітанне! Так, гэта я, Золатава. Сышло даволі шмат часу на тое, каб прыйсці ў сябе і аднавіць доступ да Face­book.

    Усё заўважна змянілася за гэтыя чатыры з паловай гады. Але гэта асобная тэма. Шмат асобных тэм. Галоўнае, што я нарэшце змагла абняць сваіх даражэнькіх Кішкурначак, матулю, брата, сяброў. Сястру і тату абдыму крыху пазней (не ўсё адразу).

    Вось такое віншаванне-пажаданне да мінулага Новага года я адпраўляла сваім родным. Праз год яно спраўдзілася.

    Вялікі дзякуй усім, хто зрабіў гэта магчымым. Якім чынам гэта ўсё ж такі адбылося? Тысяча пытанняў. Адно зразумела: на працягу ўсяго гэтага часу пра нас памяталі, пра нас непакоіліся і працавалі над тым, каб мы выйшлі на свабоду. А ў калоніі ж не заўсёды ў гэта верыш. Дзякуй-дзякуй-дзякуй, дарагія феі і чараўнікі!

    Яшчэ я бясконца ўдзячная ўсім, хто сустракаў нас ва Украіне і Польшчы. Столькі ўвагі, цеплыні, падтрымкі і дабрыні. Адвыкла за гэты час. Хоць… Ведаеце, у турме сутыкаешся як з самымі агіднымі бакамі чалавечай натуры, так і з самымі цудоўнымі. І гэта таксама асобная тэма. У турме чалавек становіцца самім сабой — без прыкрас, прытворства і вонкавага бляску. І ты адразу бачыш усё лепшае і ўсё горшае ў ім.

    Новы год упершыню за апошнія пяць гадоў я сустрэла на волі. З роднымі, хоць і не дома. Быццам бы ўсё добра.

    Але. У гомельскай калоніі на вуліцы Антошкіна Новы год сустракалі дзясяткі цудоўных жанчын. Многіх я ведаю асабіста. Многіх, але не ўсіх. Але ведаю дакладна, што іх месца зусім не там, а побач з іх блізкімі. Якія кожны дзень, кожнае імгненне чакаюць і спадзяюцца. Як і яны самі — чакаюць і спадзяюцца.

    Мая цудоўная Міла. Ты і раней была для мяне бясспрэчным аўтарытэтам, а цяпер я табой бязмерна ганаруся і захапляюся. Самы добры і моцны, самы мілы і пазітыўны чалавек, у якога ў запасе заўсёды знойдзецца прыдатны жарт, вясёлая гісторыя, верш Бродскага ці Цвятаевай (і не толькі).

    Таня Кузіна і Валерыя Касцюгова. У жніўні 2023 года нас разам этапавалі на Антошкіна з Валадаркі. Два тыдні ў каранціне з гэтымі прыгожымі і разумнымі жанчынамі — незабыўна. Забаўна, што, пераапрануўшыся ў ружовыя сукеначкі калоніі і павязаўшы хустачкі, яны выглядалі так жа вытанчана і высакародна, як і ў ранейшым «мірным» жыцці.

    Нават у строі па дарозе на фабрыку, у целагрэйцы і дажджавіку, Валерыя ўмудраецца трымаць каралеўскую паставу — сапраўдная лэдзі з велізарнымі карымі вачыма і надзвычай прыгожай сівізной.

    17 сакавіка 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе агучылі прысуды чатыром жанчынам: атрымалася 44 гады на чацвярых. Нам з Мілай па 12, а Тані і Валерыі па «дзясятцы». З чацвярых на свабодзе толькі я.

    Праваабаронца Марфа Рабкова і журналістка Каця Бахвалава (Андрэева). Абедзве за кратамі знаходзяцца ўжо больш за пяць гадоў. Марфе далі 15 гадоў (!), Каці — «усяго» 8. Каця-Каця-Каця, чаму ты не ехала з намі ў адным аўтобусе? Загадка.

    Ганначка Аблаб — чалавек, які можа падбадзёрыць і суцешыць любога. Прамяністыя вочы — гэта менавіта пра Ганну. Дома яе чакаюць тры сыны. Тэрмін? 11 гадоў.

    Харызматычнай і таленавітай Яне Пінчук далі 12 гадоў. Яна сядзіць ужо больш за чатыры гады.

    Ірачка Злобіна. Бачыць яе ўсмешку — узнагарода. Таксама пяць гадоў за кратамі. А агульны тэрмін — дзевяць. У праваабаронцы Насты Лойка тэрмін меншы — «сямёра». Але яна ўжо паўгода знаходзіцца на ПКТ.

    Легендарная Воля Брыцікава, так хацелася з ёй пазнаёміцца. Пазнаёмілася на Антошкіна. Пакуль Воля была ў калоніі, у яе памерла мама. Так, многія даведваліся пра страту блізкіх у калоніі ці ў СІЗА.

    70‑гадовая Ірына Мельхер, якая атрымала 17 гадоў па «справе Аўтуховіча», кожны дзень збіраецца дадому. 17 гадоў! У Ірыны Аляксандраўны праблемы са здароўем. Але яна ўсё роўна застаецца непахіснай аптымісткай. Яе «паплечніца» Любоў Рэзановіч маладзейшая — ёй 61, і тэрмін ёй адмералі крыху меншы — 15 гадоў.

    Наташа Мацвеева сядзіць з чэрвеня 2021-га, тэрмін — 14 гадоў. Ні пасылак, ні лістоў, ды і грашовыя пераводы пад забаронай — чалавек знаходзіцца ў спісе тэрарыстаў.

    Цырульнік (ды проста таленавіты чалавек) Наста Кухта, праграміст Таня Карповіч, юрыст Наташа Лашч, адвакат Насця Лазарэнка… Даўно ўжо ўсе швачкі, і якія! З імі мы пазнаёміліся яшчэ ў СІЗА. І пра кожную можна распавесці шмат добрага. А колькі іншых жанчын!

    Адчуваю сваю віну: я з’ехала (дакладней — мяне звезлі), яны засталіся. Яны страчаць на фабрыцы шэсць (а часам і сем) дзён на тыдзень, разграбаюць снег (ніколі больш не змагу палюбіць снег), цягаюць яго ў мяхах і ўкладаюць «трункамі», ходзяць на інвентаркі і бульбу, мерзнуць на вывадзе ў сваіх сініх целагрэйках, чакаюць лістоў, пасылак, званкоў. Чакаюць і спадзяюцца. Кожны дзень. Кожнае імгненне.

    Самае сумнае, што ў калоніі застаюцца жанчыны, у тым ліку пенсіянеркі, якія атрымалі па тры-чатыры гады рэальнага тэрміну за тое, што адпраўлялі пасылкі і лісты палітвязням, якія знаходзіліся ў СІЗА. Многія з тых, каму яны дапамагалі, ужо на волі, а яны ўсё яшчэ не. Дзве мае цудоўныя карэспандэнткі ехалі са мной з калоніі ў адным аўтобусе, але астатнія ж усё яшчэ там. Алена Вербіцкая (70 гадоў), Наталля Ладуцька (61), Ганна Стражэвіч (60)…

    Але яшчэ больш сумна тое, што «экстрэмісткі» працягваюць папаўняць шэрагі пастаяліц Антошкіна. Праз пяць з паловай гадоў. Заязджаюць, напрыклад, за каментарыі, зробленыя ў 2020 годзе. Калі ў 2023 годзе, калі я трапіла ў калонію, у нас у атрадзе было 10 «экстрэмістак», то да моманту нашага вызвалення/дэпартацыі — 12.

    Ішоў 2026 год. Год беларускай жанчыны.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці