Марына Золатава ў спісах вызваленных
Як паведамляюць незалежныя медыя, галоўная рэдактарка беларускага інфармацыйнага партала TUT.BY Марына Золатава ў спісах вызваленых, якія з’явіліся ў выніку сустрэчы амерыканскай дэлегацыі на чале з прадстаўніком прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам з афіцыйным Мінскам.

Марына Золатава ў першыя хвіліны пасля дэпартацыі з Беларусі ва Украіну. Скрыншот
Галоўная рэдактарка беларускага інфармацыйнага партала TUT.BY Марына Золатава была затрыманая 18 траўня 2021 года ў межах крымінальнай справы, распачатай супраць TUT.BY нібыта за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі).
Пазней, аднак, абвінавачванне ў нясплаце падаткаў з Марыны знялі. За прафесійную дзейнасць рэдактарку абвінавацілі паводле арт. 361 Крымінальнага кодэкса Беларусі — «Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і арт. 130 — «Распальванне варожасці ці варажнечы».
У кастрычніку 2022 года КДБ уключыў Марыну ў спіс «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

17 сакавіка 2023 года суддзя Мінскага гарадскога суда Валянціна Зянькевіч агучыла прысуд рэдактарцы TUT.BY — 12 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
31 ліпеня 2023 года Золатаву этапавалі ў жаночую калонію № 4 у Гомелі.
18 жніўня 2023 года МУС унёс палітзняволеную журналістку ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Марына Золатава працавала на TUT.BY з 2004 года. Неўзабаве пасля пачатку працы ў медыя стала яго галоўнай рэдактаркай.
У 2019 годзе Марыну Золатаву асудзілі на буйны штраф па крымінальнай справе па арт. 425 КК («Бяздзейнасць службовай асобы») — справе аб несанкцыянаваным доступе да інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Праваабаронцы лічаць тую крымінальную справу палітычна матываванай.
Марына Золатава — фіналістка прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2022 год у намінацыі «Журналіст/журналістка года».
@bajmedia