• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Урад прапануе ўвесці адміністрацыйную адказнасць за «прапаганду» наркатычных сродкаў. Каментар юрыста БАЖ

    Савет Міністраў Беларусі 17 лютага 2026 года ўнёс у парламент законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях прапаганды наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў». У новай рэдакцыі прапануецца замацаваць азначэнне такой прапаганды і ўвесці за яе адміністрацыйную адказнасць. Аналіз прапанаваных нормаў паказвае, што іх прыняцце можа стварыць новыя рызыкі адвольных абмежаванняў свабоды выказвання меркавання.

    Фота: Andrea Piac­qua­dio для Pexels.com

    Тлумачыць юрыст прававога аддзела БАЖ Яўген Пыльчанка:

    Сёння ў Законе «Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах, іх прэкурсарах і аналагах» паняцце «прапаганда» ў дачыненні да наркотыкаў і псіхатропаў не выкарыстоўваецца. Замест гэтага артыкул 28 Закона забараняе «дзейнасць юрыдычных і фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, накіраваную на распаўсюд у любой форме поглядаў, ідэй або заклікаў з мэтай выклікаць ужыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, аналагаў».

    У новым законапраекце гэтую фармулёўку прапануецца замяніць на «дзейнасць па прапагандзе наркатычных сродкаў…».

    «Прапаганда» вызначаецца як распаўсюд у любой форме, у тым ліку ў СМІ і Інтэрнэце, пэўных «інфармацыі і матэрыялаў», пералік якіх прыводзіцца ў гэтым жа артыкуле. Гэта, напрыклад, звесткі пра спосабы і тэхналогіі вырабу наркотыкаў, вырошчвання раслін, што ўтрымліваюць наркатычныя сродкі, пра спосабы іх захоўвання, перавозкі, рэалізацыі і выкарыстання, пра магчымасці атрымання даходу і паводзіны, якія дазваляюць пазбегчы адказнасці і г. д.

    Менавіта прыведзеныя азначэнне і пералік забароненай інфармацыі выклікаюць найбольшую асцярогу.

    У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах любое абмежаванне права на свободнае выказванне меркавання магчымае выключна пры выкананні трох умоў: гэтае абмежаванне вызначанае (1) законам, (2) на падставах, прадугледжаных падпунктамі а) і b) пункта 3 Пакта і (3) адпавядае патрабаванням неабходнасці і сувымернасці.

    Пры гэтым, як тлумачыць Камітэт па правах чалавека, «закон» мусіць быць сфармуляваны дастаткова дакладна, каб даць асобе магчымасць адпаведным чынам сачыць за сваімі паводзінамі. З іншага боку, асобы, што выконваюць «закон», не мусяць надзяляцца неабмежаванымі дыскрэцыйнымі паўнамоцтвамі на ўсталяванне абмежаванняў, а «закон» мусіць даваць ім дастатковыя кіруючыя ўказанні для таго, каб яны маглі вызначыць, на якія формы выказвання меркавання ўсталяваныя абмежаванні, а на якія не (пункт 25 Заўвагі агульнага парадку № 34 КПЧ).

    Дзейная на сёння забарона распаўсюджваць «погляды, ідэі або заклікі» сфармуляваная досыць шырока і мае выразны ацэначны кампанент: суд ці іншы орган мусіць сам, без усталяваных законам крытэраў, вырашаць, ці накіраваныя гэтыя погляды і ідэі на тое, каб узбуджаць у іншых жаданне ўжываць наркотыкі.

    У новым законапраекце гэтая нявызначанасць нібыта выпраўленая: пералічаны канкрэтныя звесткі, распаўсюд якіх будзе лічыцца прапагандай.

    Аднак гэта спараджае іншую праблему: ад дзяржаўных органаў фактычна не патрабуецца ацэньваць сэнс і скіраванасць распаўсюджанай інфармацыі, калі яе змест фармальна падпадае пад адзін з выпадкаў забароны. Такі падыход дазваляе як бы «паводле закона» пакараць за дзеянні, якія па сваёй сутнасці не ёсць парушэннямі — напрыклад, калі з кантэксту выказвання не вынікае намеру схіліць кагосьці да спажывання наркотыкаў.

    Такая практыка ўжо існуе ў іншых сферах: вядомыя выпадкі прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд «нацысцкай сімволікі» — выяў свастыкі, якія насамрэч выкарыстоўваліся як ілюстрацыі ў публікацыях з выразна антынацыскім зместам.

    Яўген Пыльчанка, Вільня, 11 чэрвеня 2024 года. Фота: Літоўская калегія адвакатаў

    Але гэта не адзіная хіба прапанаваных змен. У пераліку забароненай інфармацыі шэраг пазіцый усё адно застаюцца «размытымі». Напрыклад, пад забарону трапляюць матэрыялы «аб дапушчальнасці, прывабнасці, неабходнасці ўжывання» ці «пра якія-кольвек перавагі незаконнага выкарыстання» наркотыкаў.

    Такія фармулёўкі могуць ахапіць беспадстаўна вялікі аб’ём інфармацыі, уключна з той, якая не нясе рэальнай шкоды. Ды і згаданыя вышэй звесткі пра спосабы вырабу ці вырошчвання таксама могуць трактавацца адвольна: незразумелая ступень дэталізацыі гэтых спосабаў. (Трэба адзначыць, што законапраект прадугледжвае некаторыя выключэнні — для сферы аховы здароўя і адукацыі, а таксама для твораў мастацтва, літаратуры і навукі. Аднак апошняе выключэнне ў дачыненні да інфармацыі аб «дапушчальнасці і прывабнасці ўжывання» і яго «перавагах» не дзейнічае).

    Такім чынам, мы бачым неакрэсленасць крытэраў забароны, што стварае перадумовы для занадта шырокага іх трактавання. Гэта не надта адрозніваецца ад таго, што існуе цяпер, але дадаюцца яшчэ і новыя фармальныя крытэры неправамерных паводзін.

    У выніку прапанаваныя ў заканадаўства новаўвядзенні, якія нібыта дэталізуюць забарону, усё адно не задавальняюць крытэрам абмежавання права на свабоду выказвання меркавання і могуць стаць інструментам адвольнага пераследу медыя, выдаўцоў, распаўсюднікаў музыкі і фільмаў, ды і простых людзей за перапосты ў сацыяльных сетках.

    Гэты пераслед можа выяўляцца ў пісьмовых папярэджаннях сродкам масавай інфармацыі, абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, спыненні дзеяння пасведчанняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, а таксама — у прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці, якую прапануецца ўвесці гэтым жа законапраектам, — у выглядзе штрафу, грамадскіх работ або адміністрацыйнага арышту.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.