Праваабаронцы: «пакаяльныя відэа» — гэта адзін з відаў катаванняў
Міжнародны камітэт па раследаванні катаванняў у Беларусі даследаваў феномен прымусовых відэапрызнанняў, распаўсюджаных у Беларусі пасля падзей жніўня 2020 года, з прававога, псіхалагічнага і сацыяльна-каштоўнаснага пункту гледжання. Аўтары правялі аналіз міжнародных і нацыянальных прававых нормаў, якія парушаюцца пры трансляцыі такіх відэа.

Выява: torturesbelarus2020.org
Адной з найбольш зневажальных практык, якія прымяняюцца беларускімі праваахоўнымі органамі, з’яўляецца публікацыя так званых прызнанняў асоб, адвольна затрыманых і абвінавачаных у так званых экстрэмісцкіх ці тэрарыстычных злачынствах або іншых злачынствах, якія пераследуюцца па палітычных матывах.
У гэтых відэа нязгодныя прызнаюцца ў злачынствах, якіх не здзяйснялі, і распавядаюць падрабязнасці свайго асабістага жыцця, уключаючы прымусовыя камінг-аўты, якія публікуюцца ў кантраляваных уладай Telegram-каналах.
Адным з прыкладаў, вядомых міжнароднай аўдыторыі, з’яўляецца так званае інтэрв’ю Рамана Пратасевіча адразу пасля яго затрымання, дзе дастаткова відавочна бачныя сляды катаванняў або жорсткага абыходжання.
Даследчыкі адмысловую ўвагу надалі механізму «узлому асобы» — разбурэнню асобасных структур праз сістэматычны гвалт, псіхалагічны ціск і зневажэнне. Яны падкрэслілі канфлікт паміж асабістымі каштоўнасцямі актыўных грамадзян — носьбітаў альтруізму, справядлівасці і свабоды — і гіпертрафаванай каштоўнасцю ўлады ў прадстаўнікоў рэжыму.
У дакумент уключаны прававыя ацэнкі Камітэтаў ААН, агляды міжнароднай практыкі, параўнальны аналіз з сітуацыяй у іншых краінах (напрыклад, Іране, Кітаі, Узбекістане), а таксама распрацавана мадэль наступстваў для асобы ахвяр на аснове псіхалагічных тэорый (Шварц, «Вялікая пяцёрка» і інш.).
Даследаванне падкрэслівае, што ва ўмовах аўтарытарнай сістэмы адбываецца не толькі фізічнае прыгнечанне актывістаў, але і іх псіхалагічная трансфармацыя, накіраваная на падрыў каштоўнаснага ядра асобы.
Гэтая з’ява — форма новага, інстытуцыяналізаванага гвалту, які патрабуе міжнароднай рэакцыі і глыбейшага асэнсавання.
Спампаваць PDF даследавання можна тут.
