Што змянілася ў беларускім заканадаўстве за 2025 год? Агляд юрыста
У 2025 годзе ў беларускім заканадаўстве адбыліся пэўныя змены, якія закранулі сферу медыя і свабоды слова. Што праўда, лічыць іх паўнавартаснымі зменамі не выпадае: усе новаўвядзенні засталіся ў рэчышчы працэсаў, якія адбываюцца на працягу апошніх пяці гадоў.

Выява зроблена БАЖ з дапамогай ChatGPT
Гэтыя працэсы былі скіраваныя перадусім на замацаванне і паглыбленне ўжо выразна акрэсленых тэндэнцый — паслядоўнага абмежавання права на свабоду выказвання меркаванняў і пераследу за любую крытыку дзяржаўнай палітыкі і яе суб’ектаў. Нейкіх адваротных крокаў, якія б хоць крыху змякчалі гэтую сітуацыю, заўважана не было.
СМІ як суб’ект ідэалагічнай працы
9 ліпеня была прынятая Дырэктыва «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы». Плюралізм меркаванняў і свабода медыя сярод зацверджаных «асноў» прадказальна не згаданыя.
Затое рэдакцыі сродкаў масавай інфармацыі названыя адным з суб’ектаў рэалізацыі ідэалогіі беларускай дзяржавы і на іх ускладзеныя адпаведныя абавязкі. Сярод іншага СМІ разам з інтэрнэт-рэсурсамі мусяць выступаць сродкамі, пры дапамозе якіх адбываецца «распаўсюд і тлумачэнне грамадска значнай інфармацыі ў адпаведнасці з асноўнымі задачамі ідэалагічнай працы». На Міністэрства ж інфармацыі ўскладзеная функцыя «інфармацыйнага суправаджэння ідэалагічнай працы» у межах усёй краіны.
У дадатак «для падвышэння якасці ідэалагічнай працы» Дырэктыва ўводзіць абавязковае ўзгадненне прызначэння і звальнення галоўных рэдактараў дзяржаўных СМІ. У выпадку рэспубліканскіх СМІ або СМІ, створаных абласнымі выканкамамі, гэтыя пытанні мусяць узгадняцца з Міністэрствам інфармацыі і Адміністрацыяй прэзідэнта. Калі СМІ створаныя выканкамамі ніжэйшага ўзроўню — з аблвыканкамамі і Міністэрствам інфармацыі.
Новае Палажэнне аб Міністэрстве інфармацыі
Узмацненне ідэалагічнага кірунку дзейнасці адлюстравана і ў зацверджаным Саветам міністраў 19 верасня Палажэнні аб Міністэрстве інфармацыі. Яно пачынае дзейнічаць з 1 студзеня 2026 года замест аналагічнага акта, прынятага ў 2001 годзе. У адрозненне ад ранейшага Палажэння, дзе слова «ідэалогія» нават не згадвалася, у новым «інфармацыйнае суправаджэнне ідэалагічнай працы ў Рэспубліцы Беларусь» названае адной з асноўных задач міністэрства.
Тэкст новага Палажэння заўважна перапрацаваны, але ж у ім захоўваюцца збольшага тыя ж паўнамоцтвы, што і раней, часам — сфармуляваныя больш разгорнута. Напрыклад, у якасці адной з задач міністэрства фігуруе «аказанне фінансавай падтрымкі асобным арганізацыям у сферы масавай інфармацыі і выдавецкай справы». Да гэтага дадаецца падрябязны пералік магчымых мэт такой падтрымкі: вытворчасць беларускага (нацыянальнага) кантэнту, набыццё праграмнага забеспячэння для гэтай вытворчасці, выпуск сацыяльна значных выданняў, набыццё абсталявання і асноўных сродкаў, будаўніцтва, рэканструкцыю асноўных вытворчых фондаў і г. д.
Некаторыя паўнамоцтвы і абавязкі міністэрства, якія не фігуравалі ў папярэднім Палажэнні і з’явіліся ў гэтым, насамрэч ужо існавалі ў адмысловых актах заканадаўства або выконваліся на практыцы без нарматыўнага замацавання.
Напрыклад, абавязак весці і размяшчаць у інтэрнэце «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» раней прадугледжваўся пастановай Савета міністраў, прысвечанай непасрэдна гэтаму спісу. Тут жа можна згадаць і працэдуру ўзгаднення галоўных рэдактараў дзяржаўных СМІ, уведзеную на некалькі месяцаў раней згаданай вышэй Дырэктывай.
З іншага боку, ніякімі актамі не было прадугледжана вядзенне Міністэрствам інфармацыі «спісу друкаваных выданняў, што змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і матэрыялы, распаўсюджанне якіх можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Але на практыцы менавіта гэта і адбывалася.

Пасяджэнне калегіі Мінінфарма «Аб выніках работы галіны ў 2024 годзе і асноўных задачах Міністэрства інфармацыі на 2025 год». 27 лютага 2025 года. Фота: БелТА
Пэўным новаўвядзеннем можна лічыць змяненне складу калегіі Міністэрства інфармацыі. Раней у яе ўваходзілі міністр, яго намеснікі, кіраўнік аддзела бухгалтарскага ўліку. Паводле рашэння Савета міністраў — таксама і кіруючыя работнікі цэнтральнага апарата Міністэрства інфармацыі і рэдакцый СМІ.
Цяпер у шэраг абавязковых удзельнікаў калегіі даданыя старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, старшыня праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал», дырэктар, галоўны рэдактар «Выдавецкага дома «Беларусь сегодня», першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ, старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Такія змены можна расцаніць як спробу прадэманстраваць улучанасць СМІ і грамадскіх аб’яднанняў ў дзяржаўнае кіраванне. Але ж з улікам таго, што запрошаныя выключна дзяржаўныя СМІ і лаяльныя арганізацыі, выглядае такая спроба непераканаўча.
Варта таксама адзначыць, што РУП «Белсаюздрук», якое раней знаходзілася ў падпарадкаванні Міністэрства інфармацыі, перададзенае Міністэрству сувязі і інфарматызацыі. Тое ж зроблена з ААТ «Магілёўсаюздрук».
Зацвярджэнне парадку рэагавання на грамадска значную інфармацыю
Следам за новай рэдакцыяй Указа «Аб рэагаванні на грамадска значную інфармацыю», прынятай 3 снежня 2024 года, Савет Міністраў 30 снежня 2024 года прыняў пастанову № 1039. Яна рэгламентуе парадак і тэрміны такога рэагавання (набыла моц 5 студзеня 2025 года). Пастанова абавязвае дзяржаўныя органы штодзённа праводзіць маніторынг «звестак аб вострых сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных праблемах, а таксама крытычных матэрыялаў і іншых актуальных звестак, што выклікаюць грамадскі інтарэс».
Дэталёва прапісана, як мусіць ацэньвацца выяўленая інфармацыя і якія дзеянні мусяць у сувязі з гэтым прадпрымацца. Па сутнасці, нічога прынцыпова новага ці незвычайнага для такога кшталту актаў пастанова не ўтрымлівае.
Можна звярнуць увагу на тое, што пастанова абавязвае дзяржаўныя органы ў досыць кароткія тэрміны даваць каментары на звароты СМІ. Прынамсі, па вострых сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных праблемах — на працягу трох гадзін з моманту звароту, а па крытычных матэрыялах — на працягу сутак. Аднак гэты абавязак тычыцца толькі каментароў для дзяржаўных СМІ.
Апроч таго, пастанова прадугледжвае, што рашэнне аб рэагаванні прымаецца «ў залежнасці ад магчымых наступстваў негатыўнага ўплыву гэтай інфармацыі з улікам маштабу распаўсюду такой інфармацыі, прагнозу рэпутацыйных рызык».
Дазваляецца пакідаць грамадска значную інфармацыю (за выключэннем крытычных матэрыялаў) без разгляду ў выпадках «неабходнасці пазбегнуць штучнага прыцягнення грамадскай увагі», «узнікнення рэпутацыйных рызык для дзяржаўных органаў» або «наяўнасці інфармацыі, распаўсюд якой можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам».

Міністр інфармацыі Марат Маркаў на форуме ў Гомелі. Фота: @mininform
Такія шырокія і цьмяна акрэсленыя выключэнні сведчаць, што дзяржаўныя органы і надалей змогуць пакідаць па-за ўвагай шматлікія парушэнні правоў чалавека, падзеі, звязаныя з вайной ва Украіне (напрыклад, залёты дронаў на тэрыторыю Беларусі), і іншыя пытанні, пра якія ў краіне прынята публічна маўчаць.
Абмежаванні паслуг электрасувязі на падставе крымінальнай справы
Крымінальна-працэсуальны кодэкс дапоўнены нормай (артыкул 199, частка 2), якая дазваляе часова ці цалкам спыняць аказанне паслуг электрасувязі і інтэрнэт-паслуг, а таксама абмяжоўваць доступ да пэўных інтэрнэт-рэсурсаў.
Прымяненне такіх мер магчымае, калі падчас праверкі ці расследавання крымінальнай справы будуць выяўленыя парушэнні закона ці іншыя акалічнасці, якія «спрыялі ўчыненню злачынства з выкарыстаннем Інтэрнэту або іншай сеткі электрасувязі».
Адпаведнае рашэнне могуць прымаць Генеральны пракурор, старшыні Следчага камітэта і КДБ, міністр унутраных спраў і ўпаўнаважаныя імі асобы. Працэдура накладання абмежаванняў падрабязна апісаная ў Палажэнні аб парадку абмежавання (аднаўлення) доступу да Інтэрнэт-рэсурсу. А таксама ў Палажэнні аб парадку прымянення мер абмежавальнага характару па спыненні, прыпыненні (аднаўленні) аказання паслуг электрасувязі, інтэрнэт-паслуг (абодва зацверджаныя пастановай Савета міністраў № 476 ад 2 верасня 2025 года).
Спіс медыя, названых «экстрэмісцкімі» арганізацыямі альбо фармаваннямі
На практыцы гэта азначае, што, калі нейкія злачынныя — паводле меркавання следства — дзеянні былі звязаныя з выкарыстаннем інтэрнэту, тэлефона і іншых сродкаў электроннай сувязі, пастаўшчыкоў гэтых паслуг могуць абавязаць прыпыніць іх аказанне адпаведным абанентам (юрыдычным асобам або індывідуальным прадпрымальнікам) на пэўны перыяд (па змоўчанні — на 6 месяцаў) або ўвогуле скасаваць дамову.
Калі ж злачынныя дзеянні нейкім чынам звязаныя з пэўным інтэрнэт-рэсурсам, ён можа быць заблакаваны — да выпраўлення парушэнняў, якія сталі падставай для гэтага. Варта адзначыць, што названыя меры могуць прымяняцца не толькі да абвінавачанага ці датычных да яго арганізацый, а да любых суб’ектаў.
Напрыклад, калі на нейкім інтэрнэт-сайце будзе надрукаваны каментар, які следства палічыць «абразай прадстаўніка ўлады», гэта можа стварыць падставы для блакіроўкі самога сайта. Такім чынам, новая норма КПК стварае новыя магчымасці для абмежавання свабоды выказвання меркавання і распаўсюду інфармацыі.
Пашырэнне крымінальнай адказнасці
17 лютага ў Крымінальны кодэкс былі ўнесеныя шматлікія змены, якія закранулі і сферу свабоды слова.
Было пашыранае дзеянне Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да грамадзян, што ўчынілі злачынства па-за межамі Беларусі. Паводле агульнага правіла, пакараць чалавека паводле беларускага Крымінальнага кодэкса за такое злачынства можна толькі тады, калі яго дзеянні прызнаюцца злачынствам і ў краіне, дзе былі ўчыненыя (арт. 6, частка 1). Частка 1–1 артыкула 6 прадугледжвала выключэнні — злачынствы, якія караліся ў Беларусі незалежна ад таго, ці лічыліся яны злачынствамі за мяжой (пераважна, гэта былі злачынствы супраць дзяржавы (глава 32 кодэкса).
Сёлета ў спіс такіх выключэнняў дадаліся артыкулы, якія прадугледжваюць пакаранні за рознага кшталту выказванні. Напрыклад, распальванне варожасці (арт.130), паклёп у дачыненні да прэзідэнта і яго абраза (арт. 367 і 368), абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369), дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (арт. 369–1) і некаторыя іншыя — то-бок тыя, якія ў Беларусі актыўна выкарыстоўваюцца для палітычна матываванага пераследу. Такія змены выразна скіраваныя на тое, каб стварыць дадатковыя пагрозы для незалежных медыя, грамадскіх і палітычных дзеячаў і простых грамадзян, што публічна выказваюцца па-за межамі Беларусі.
Змененыя артыкулы 367 і 368 Крымінальнага кодэкса — цяпер яны абараняюць ад паклёпу і абразы не толькі самога прэзідэнта, але і членаў яго сям’і, і не толькі ў перыяд выканання ім сваіх паўнамоцтваў, але і пасля іх спынення.
Пры гэтым варта адзначыць, што павышаная абарона дзяржаўных службовых асоб ад крытыкі супярэчыць міжнародным стандартам. І ўвогуле само існаванне крымінальнай адказнасці за дыфамацыю трэба разглядаць як непрапарцыйную меру абмежавання права на свабоду выказвання.

Выява зроблена БАЖ з дапамогай ChatGPT
Новым артыкулам 375–3 уведзеная адказнасць за «несанкцыянаванае распаўсюджанне інфармацыі аб размяшчэнні ці перамяшчэнні падраздзяленняў, узбраення, ваеннай тэхнікі і боепрыпасаў». Згаданая інфармацыя тычыцца не толькі Узброеных сіл Беларусі, але і «іншых войскаў і воінскіх фармаванняў». Немагчыма не ўбачыць у гэтым рэакцыі на публікацыі звестак пра перамяшчэнні расійскай ваеннай тэхнікі незалежнымі СМІ і інтэрнэт-рэсурсамі. З іншага боку, артыкул мае пэўныя абмежаванні — ён адносіцца толькі да часу правядзення контртэрарыстычных аперацый, надзвычайнага або ваеннага становішча.
Апроч новаўвядзенняў у Крымінальны кодэкс, з’явіліся і новыя падыходы да яго прымянення. Пленум Вярхоўнага суда ўнёс змены ва ўласную пастанову ад 2005 года «Аб судовай практыцы па крымінальных справах аб хуліганстве». Пастановы Пленума ВС прызнаюцца нарматаўнымі прававымі актамі, то-бок маюць абавязковы характар.
На думку Вярхоўнага суда, хуліганства, то-бок «наўмысныя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак і паказваюць яўную непавагу да грамадства», можа ўчыняцца не толькі ў фізічных лакацыях, але і «ў сродках масавай інфармацыі» або «ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, іншай сетцы электрасувязі».
Якія канкрэтна дзеянні ў медыя ці інтэрнэце будуць прызнавацца хуліганствам пакуль што не зразумела, але відавочна, што і такія малазаўважныя змены — гэта частка наступу на свабоду выказвання меркавання ў Беларусі.
@bajmedia