• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Злачынствы беларускай прапаганды не застануцца незаўважанымі і беспакаранымі

    Беларуская асацыяцыя журналістаў запускае новы праект, які аналізуе працу дзяржаўных прапагандыстаў на прадмет крымінальных злачынстваў. «Захоўваюцца доказы дзеянняў, якія трапляюць у зону крымінальных злачынстваў, разбор і апісанні кейсаў. Усё гэта ў пэўны час трапіць да органаў, якія будуць мець паўнамоцтвы на разгляд такіх спраў», — кажа намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў.

    Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў

    Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў. Фота: БАЖ

    «Злачынствы беларускай прапаганды» — гэта новая праца Беларускай асацыяцыі журналістаў разам з Media IQ, праектам беларускага Прэс-клуба пра развіццё крытычнага мыслення ў лічбавую эпоху ў свеце fake news.

    «На сёння маем дэталёвае апісанне і аналіз 16 кейсаў»

    «Новая ў тым сэнсе, што зараз гэтае сумесна напрацаванае выводзіцца ў публічны доступ. Праца юрыстаў і службы маніторынгу пачалася нашмат раней», — кажа ў інтэрв’ю БАЖ намеснік старшыні асацыяцыі, юрыст Алег Агееў. 

    — Была распрацаваная метадалогія ацэнкі матэрыялаў, якія з’яўляюцца ў нетрах беларускай прапаганды і распаўсюджваюцца праз дзяржаўныя медыярэсурсы. Адпаведна з гэтай метадалогіяй мы на сёння маем дэталёвае апісанне і аналіз 16 кейсаў: матэрыялаў, што выходзілі на прапагандысцкіх рэсурсах у 2021–2022 гадах.

    То бок у новай рубрыцы «Злачынствы беларускай прапаганды» ў раздзеле сайта БАЖ «Медыяправа» можна азнаёміцца з матэрыяламі, якія былі кваліфікаваныя як верагодна здзейсненае злачынства і злоўжыванне свабодай выказвання, што павінна цягнуць за сабой крымінальную адказнасць.

    — База дадзеных будзе абнаўляцца?

    — Так, безумоўна, туды будуць дадавацца новыя справы. Мы абвяшчаем, што працягваем займацца гэтай працай, будзем надалей аналізаваць матэрыялы, якія выходзяць на рэсурсах беларускай прапаганды, на адпаведнасць іх Крымінальнаму кодэксу.

    Гэта робіцца для таго, каб тыя дзеянні з боку прапаганды, якія трапляюць у публічны доступ, не заставаліся незаўважанымі і беспакаранымі.

    Мы захоўваем доказы тых дзеянняў, якія лічым злачынствамі. Апісанні гэтых кейсаў будуць чакаць магчымасці быць перададзенымі кампетэнтным органам, якія будуць мець паўнамоцтвы разгляду такіх спраў.

    — Чым абумоўлены такі перыяд — 2021–2022 гады?

    — Не, гэта не адмыслова абраны прамежак часу. Гэтыя 16 спраў не прывязаныя да нейкіх дат ці перыядаў — яны кідаліся ў вочы тым, хто маніторыў гэтую інфапрастору, і юрыстам, што аналізавалі матэрыялы. У базу, мяркую, трапяць кейсы і за іншыя гады пасля 2020-га, гэта толькі пачатак працы.

    «Тое, што выклікае пытанні, будзе аналізавацца юрыстамі»

    — Умоўна кажучы, калі чалавек заўважае нешта дзікае ў прапагандысцкім артыкуле якой-небудзь «раёнкі» ці яшчэ якім дзяржмедыя, то ён можа звярнуць на гэта ўвагу каманды, што робіць праект «Злачынствы беларускай прапаганды»?

    — Так, мы запрашаем усіх неабыякавых да супрацоўніцтва.

    Матэрыялы беларускай прапаганды ці спасылкі на іх можна дасылаць на афіцыйную пошту БАЖ office@baj.media з пазнакай «Злачынствы прапаганды».

    Алег Агееў. Фота: БАЖ

    Алег Агееў. Фота: БАЖ

    Будзем аналізаваць усё дасланае — і калі юрысты там знойдуць складнікі злачынства, то, безумоўна, яны таксама патрапяць у наш рэестр. Да таго ж, працягнецца праца са службай маніторынгу БАЖ, якая пастаянна адсочвае працу прапаганды. Тое, што выклікае пытанні, таксама будзе аналізавацца юрыстамі паводле распрацаванай метадалогіі па выяўленні складу злачынства.

    — Даволі карпатлівая праца.

    — Так, карпатлівая, канешне.

    Пэўны час заняла і распрацоўка метадалогіі, бо трэба было ўлічыць падыходы міжнароднага права да такога роду злачынстваў, а таксама ўлічыць крымінальнае заканадаўства, якое дзейнічае на тэрыторыі Беларусі цяпер. Адпаведна, усё гэта трэба было прааналізаваць, суаднесці падыходы, замацаваныя ў крымінальным праве ў Беларусі сёння, і падыходы, якімі кіруюцца ў міжнародным праве.

    Ну і доўгі час займае аналіз кожнага кейса, вырашэнне наконт наяўнасці складніка злачынства.

    — Выглядае як праца на будучыню і дакументаванне злачынстваў.

    — Не толькі гэта. Грамадскі нагляд за дзейнасцю машыны прапаганды, фіксацыя злачынстваў — гэта тое, што павінна памяншаць у тым ліку тую варожасць, якая заўважна існуе ў беларускай грамадскай супольнасці, не даваць прапагандзе распальваць гэтую варожасць, паказваць, што ёсць назіранне, ёсць фіксацыя доказаў, ёсць кваліфікацыя дзеянняў. Пытанне толькі часу, калі ўсё гэта трапіць у органы, якія будуць мець паўнамоцтвы на разгляд крымінальных спраў перыяду ад 2020 года.

    Гэта павінна ўплываць і на сучаснасць. Прапагандысты павінны ведаць, што калі яны наўмысна робяць злачынствы, то ёсць тыя, хто за гэтым назірае, аналізуе і стварае базу дадзеных. Ведаць, што злачынствы не застаюцца незаўважанымі і што за іх давядзецца адказваць паводле закона.

    Рэестр меркаваных злачынстваў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці