• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Медыяэкспертка Валерыя Касцюгова вызваленая з‑за кратаў

    Беларускія ўлады вызвалілі палітзняволеную медыяэкспертку Валерыю Касцюгову. Гэта адбылося 19 сакавіка пасля візіту ў Мінск спецпрадстаўніка амерыканскага прэзідэнта Джона Коўла. Спадарыня Валерыя застаецца ў Беларусі.

    Валерыя Касцюгова

    Валерыя Касцюгова. Фота: «Еўрарадыё»

    Усяго ў гэты дзень на волю па памілаванні выйшлі 250 палітычных вязняў, 15 з якіх іх вывезлі з Беларусі ў Літву.

    Валерыя Касцюгова была затрыманая 30 чэрвеня 2021 года ў сваёй кватэры ў Мінску супрацоўнікамі КДБ. Разам з ёй затрымалі мужа-аналітыка і бацьку-інваліда. У кватэры правялі ператрус, забралі носьбіты інфармацыі.

    Мужчын пасля допыту адпусцілі, а журналістку выправілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Неўзабаве яна апынулася ў сталічным СІЗА № 1, дзе стала падазраванай па шэрагу крымінальных артыкулаў:

    • частка 1 артыкула 357 КК РБ (змова ці ішыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады),
    • частка 3 артыкулв 361 КК РБ (заклікі да дзеянняў абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы),
    • частка 3 артыкула 130 КК РБ (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці).

    Толькі праз паўтара года пачаўся судовы працэс. Мінскі гарадскі суд 17 сакавіка 2023 года агучыў вердыкт у справе палітзняволеных Валерыі Касцюговай і Таццяны Кузінай.

    Як і запатрабаваў раней бок абвінавачвання, суддзя Дзіна Кучук прыгаварыла менеджарак да 10 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі.

    Абедзьвюх экспертак праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі і запатрабавала спыніць пераслед за грамадзянскую пазіцыю.

    Эксперт у галіне партыпасіпатыўнага кіравання Таццяна Кузіна

    Эксперт у галіне партыпасіпатыўнага кіравання Таццяна Кузіна

    Валерыя не змагла развітацца з бацькам, якога доўгі час даглядала з прычыны яго хваробы і які памёр праз некалькі месяцаў пасля арышту дачкі.

    Валерыя Касцюгова — рэдактарка і аўтарка аналітычнага «Беларускага штогодніка», кіраўніца групы экспертаў маніторынгу «Беларусь у фокусе».

    Шлях у журналістыку пачынала ў першай палове 1990‑х на папулярнай беларуска-амерыканскай FM-радыёстанцыі «Бі-Эй». Пасля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 года адтуль звольнілася, перайшла ў грамадска-палітычнае выданне «Белорусская деловая газета» («БДГ»), дзе адказвала за тэму міжнародных зносін.

    Паралельна рыхтавала аналітычныя тэксты для інтэрнэт-выдання «Наше мнение», ля вытокаў якога ў 2003 годзе стаяў журналіст Аляксандр Фядута, нядаўна вызвалены палітвязень. Пасля фактычнай ліквідацыі «БДГ» стала спачатку мадэратарам сайта, а затым галоўнай рэдактаркай.

    Ад 2008-га разам з мужам, аналітыкам Анатолем Панькоўскім, пачала рэдагаваць «Беларускі штогоднік» — збор аглядаў, прысвечанных сітуацыі ў Беларусі. Таксама яна кіраўніца Агенцтва сацыяльнай і палітычнай экспертызы пры Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў.

    Аналітычны досвед Валерыі Касцюговай ацанілі нават улады, запрасіўшы яе ў экспертную раду кансультацыйнай пляцоўкі «Мінскі дыялог».

    Гайд для журналістаў: як этычна і бяспечна пісаць пра вызваленых палітвязняў

    Улетку 2025 года палітзняволеная, якая выйшла з жаночай калоніі №4 у Гомелі, распавяла, што ў Валерыі Касцюговай пагаршаецца здароўе.

    «Здароўе ў яе дрэннае і яно ўвесь час пагаршаецца. У яе гіпатэрыёз [паніжаны ўзровень гармонаў шчытавіцы], але праблема, што туды не пускаюць добрыя лекі, толькі беларускія аналагі. Таму гэта прыкметна адлюстроўваецца на яе стане: слабасць, хутка стамляецца, дрэнная тэрмарэгуляцыя, праз што бывае, што падае непрытомная, на сонцы ці асабліва калі фізічная праца», — распавяла крыніца.

    Незадоўга да ўвязнення ў Валерыі Касцюговай узніклі праблемы з наднырачнікам, і цяпер ёсьць патрэба ў трывалым наглядзе дактароў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.