• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сын беларускамоўнага пісьменніка, калісьці быў прэс-сакратаром Лукашэнкі. Пяць фактаў пра новага міністра інфармацыі

    Галоўны рэдактар прэзідэнцкай газеты «СБ» Дзмітрый Жук пайшоў на павышэнне, праваліўшы папярэднюю працу.

    Дзмітрый Жук. Фота: zviazda.by

    Суразмоўцы «Нашай Нівы» лічаць, што прызначэнне Жука — гэта не надзея Лукашэнкі на развіццё медыясферы на чале з нейкім патэнцыйным рэфарматарам, а банальная патрэба закрыць вакансію, якая ўтварылася пасля пераходу амбітнага Марата Маркава ў суседняе Міністэрства культуры.

    Міністэрства інфармацыі — адно з самых дробных міністэрстваў па колькасці супрацоўнікаў, калі не самае дробнае. Жук будзе адказваць за дзяржаўныя газеты, выдавецтвы, друкарні, прыглядаць за недзяржаўнымі медыя, якія засталіся ў краіне.

    Нарадзіўся ў сям’і беларускамоўнага пісьменніка, але беларускай мовай пагарджае

    55‑гадовы прапагандыст паходзіць з вёскі Леткаўшчына Слуцкага раёна Мінскай вобласці — гэта малая радзіма яго бацькі, вядомага пісьменніка Алеся Жука. Той скончыў філфак БДУ і адпрацаваў у процьме выдавецтваў і часопісаў.

    Алесь Жук пісаў свае творы па-беларуску, а таксама перакладаў на родную мову рускую класіку. Адметна, што Жук-старэйшы быў членам недзяржаўнага Саюза беларускіх пісьменнікаў.

    Алесь Жук памёр у 2022 годзе.

    Жук-малодшы пайшоў па слядах бацькі, таксама скончыў філалагічны факультэт БДУ — вывучыўся на настаўніка беларускай мовы. Пасля ўніверсітэта адпрацаваў два гады па спецыяльнасці ў мінскай школе-гімназіі №199, а потым пайшоў у больш хлебнае месца.

    Спачатку атрымалася знайсці якое-ніякое месца ў выдавецкім цэнтры Нацбанка, а потым трапіў у беларускую рэдакцыю расійскага інфармацыйнага агенцтва «Інтэрфакс». Пры гэтым з беларускай мовай Дзмітрый Жук завязаў — ён ніколі не выкарыстоўвае яе ні ў сваіх артыкулах, ні ў эфірах, нават калі насупраць сядзіць беларускамоўны суразмоўца.

    Вывеў БелТА ў лідары

    У свой час Дзмітрый Жук узначальваў прэс-службу Аляксандра Лукашэнкі — з 1999 да 2003 года. Тады гэта пасада была больш тэхнічнай, Жук не меў такіх палітычных паўнамоцтваў, як цяпер у Наталлі Эйсмант.

    У 2003 годзе Жука прызначылі дырэктарам БелТА. Ён змяніў на пасадзе расіяніна Алега Праляскоўскага, які пайшоў у намеснікі кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, а пасля быў і міністрам інфармацыі. Іх жыццёвыя шляхі чымсьці падобныя — калі трапіў у прапагандысцкую абойму, то не гледзячы ні на што застаешся ў ёй, хоць і пераскокваеш з пасады на пасаду.

    Варта прызнаць, што менавіта ў часы Жука БелТА выбілася на пярэднія ролі сярод дзяржаўных прапагандысцкіх медыя. Раней існавала абсурдная завядзёнка, што аператыўную інфармацыю ад беларускіх дзяржаўных органаў спачатку публікаваў расійскі «Інтэрфакс», а толькі пасля яе падхоплівалі мясцовыя медыя.

    Праваліўся ў СБ

    У 2018 годзе Жука паставілі галоўным рэдактарам «Советской Белоруссии», чыйго нязменнага кіраўніка Паўла Якубовіча фактычна адправілі на пенсію.

    Ці ўдалося новаму начальніку развіць выданне? Агулам — не.

    Падрабязныя фінансавыя справаздачы холдынга не публікуюцца, але ў гэтым плане сітуацыя, хутчэй за ўсё, выглядае больш-менш прывабна. Дзякуючы прымусовай падпісцы і вымушанага спонсарства з боку прыватнага бізнэсу, якому даводзіцца размяшчаць рэкламу ў дзяржаўных медыя, «СБ» насамрэч трымаецца на плыве.

    Зразумела, што наклад упаў, але ў гэтым нічога дзіўнага — папяровыя газеты ў крызісе ва ўсім свеце. Калі Жук прымаў «СБ», то ў штодзённага нумару друкавалася каля 200 тысяч асобнікаў, цяпер — каля 130 тысяч. Зноў-такі — у рынкавай сітуацыі, без адміністратыўнага рэсурсу, лічбы апусціліся б яшчэ ў разы.

    Спробы развіваць іншыя газеты холдынга праваліліся ўшчэнт. «Рэспубліка» не стала Finan­cial Times нягледзячы на ўкладзеныя грошы, «Знамя юности» так і не дагрукалася да моладзі.

    У інтэрнэце хваліцца таксама няма чым — прагляды СБ ніжэйшыя, чым у заблакаваных у Беларусі «забароненых» незалежных медыяў. 

    Ці вядзе рэй «СБ» у вызначэнні парадку дня краіны? Таксама не. Усе самыя важныя эксклюзівы Наталля Эйсмант пакідае ў сваім «Пуле першага», злівы сілавікоў транслююць у прайм-тайм па тэлеканалах. А «СБ» застаецца толькі пераказваць убачанае.

    За Жуком градус нянавісці на старонках газеты відавочна вырас, свабоду дзеяння атрымалі маргінальныя аўтары, набраныя ў свой час Якубовічам. Аднак на графаманію Андрэя Мукавозчыка ці Людмілы Гладкай ужо мала хто звяртае ўвагу, яны таксама прайгралі сваім калегам з тэлепрапаганды.

    Пад санкцыямі Еўрасаюза

    Новы міністр інфармацыі разам з іншымі прапагандыстамі і сілавікамі трапіў пад санкцыі Еўрасаюза за сваю дзейнасць.

    «Гэтыя прапагандысты свядома прадстаўляюць беларускаму грамадству ілжывую інфармацыю пра рэпрэсіі, якія праводзяць дзяржаўныя структуры, распаўсюджваюць дэзынфармацыю як ад беларускіх, так і ад расійскіх уладаў, і распальваюць варожасць у дачыненні да дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці», — абгрунтоўваліся санкцыі супраць такіх, як Дзмітрый Жук.

    Свае развагі пра сітуацыю ў Беларусі і ў свеце Жук і яго калегі штотыдзень агучваюць у прэсавым «Клубе рэдактараў» — адной з самых маларэйтынгавых праграм беларускага тэлебачання. Адзіная яго карысць — легальная магчымасць выплачваць бонусы да заробку ўдзельнікам гаварыльні.

    «Калі вы пачулі словы «правы чалавека», пасля якіх ідуць нейкія аповеды пра вашу радзіму Беларусь, ведайце: гэты чалавек — вораг нашай краіны. Нашы прыхільнікі гэтых тэрмінаў пазбягаюць», — заяўляў ён у эфіры ў 2023 годзе. А дэмакратыя і свабода слова, маўляў, гэта тыя механізмы, з дапамогай якіх Захад разбурае дзяржаўнасць іншых краін.

    Калі паставіць гэты эфір зараз, у 2026 годзе, ніхто не заўважыць розніцы. Жук гаворыць прыкладна адныя і тыя ж прапагандысцкія банальнасці штотыдзень.

    Прапагандыст лічыцца намеснікам старшыні пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. Таксама ўступіў у лукашэнкаўскую партыю «Белая Русь».

    Сыноў узяў на працу ў БелТА

    Да дома ў Драздах Жук, выглядае, не дарос. Згодна з данымі BelPol, сям’я Жукоў валодае некалькімі кватэрамі ў сталіцы — адна з іх, недалёка ад станцыі метро Кавальская Слабада, зарэгістраваная на самога Жука. Яшчэ адна кватэра, у Малінаўцы, належыць ягонай жонцы.

    У пары нарадзілася двое сыноў. Што цікава, абодва ў свой час трапілі на працу ў бацькаву БелТА.

    Вядома, што старэйшы сын пасля апынуўся ў IT-кампаніі EPAM, заснаванай Аркадзем Добкіным, які пасля выбараў 2020 года разам з іншымі кіраўнікамі беларускіх тэхналагічных кампаній падпісаў адкрыты ліст з заклікам да вызвалення палітычных вязняў і правядзення новых выбараў. У 2021 годзе Лукашэнка галаслоўна абвінаваціў Добкіна і супрацоўнікаў EPAM у фінансаванні пратэстаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.