• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міліцыянты наведалі 8 сакавіка маці экс-палітзняволенага журналіста Вячаслава Лазарава

    У Віцебску 8 сакавіка ўвечары двое міліцыянтаў прыйшлі да маці былога палітвязня, відэааператара Вячаслава Лазарава і пачалі распытваць, дзе знаходзіцца яе сын. Жанчына ў адказ здзівілася, чаму супрацоўнікі МУС не ведаюць, што ён быў датэрмінова вызвалены з калоніі і прымусова вывезены ў Літву ў верасні мінулага года.

    Вячаслаў Лазараў са сваім партрэтам, які быў створаны ў межах выставы БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    Сталага ўзросту жанчына была настолькі ў разгубленым стане, што нават не запомніла прозвішчаў і званняў нечаканых гасцей. Яшчэ больш яе ўразіла, тое што яны гаварылі.

    «Казалі, што “ўсё змянілася”, што я магу вярнуцца ў Беларусь і “не баяцца”. Маўляў, неабходна проста прыехаць, уладкавацца на працу і стаць на ўлік у КВІ (крымінальна-выканаўчая інспекцыя. — Рэд.). Выглядала, нібыта я знарок ухіляюся ад таго, каб прыехаць дадому, дзе мяне ўсе чакаюць», — распавёў са слоў маці Вячаслаў Лазараў.

    Прымаць гэтае «запрашэнне» журналіст пакуль не збіраецца. Тым больш, на яго думку, з боку міліцыянтаў яно было больш падобнае да імправізацыі: «Выглядае, яны проста не ведалі, што сказаць жанчыне ў адказ на тое, што яе сын не па ўласнай волі знаходзіцца за межамі Беларусі».

    Падобная гісторыя ўжо была: у лістападзе 2026 года на хатні адрас экс-палітзняволенага Лазарава даслалі позву з крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС Кастрычніцкага раёна Віцебска. Там было патрабаванне з’явіцца, каб стаць на ўлік. У той самы дзень праваабаронца Павел Левінаў скантактаваўся са старшым лейтэнантам Трафімам Ушаковым, да якога мусіў явіцца Лазараў. Пра тое, што журналіст апынуўся ў Літве, супрацоўнік міліцыі нават не ведаў. І не змог дакладна назваць ні нумар указа, у адпаведнасці з якім Вячаслава вызвалілі, ні яго статус.

    Даведаўшыся пра ўчорашнія падзеі, Павел Левінаў зноў звярнуўся да старшага лейтэнанта Ушакова. «Я напісаў наступнае: «Ці вам і вашым супрацоўнікам больш няма каго павіншаваць з 8 сакавіка? Вы ўсе выдатна ведаеце, што Лазараў пасля вызвалення зноў апынуўся пад вартай і быў гвалтам вывезены без дакументаў з Рэспублікі Беларусь». Прасвятлення ў галовах супрацоўнікаў міліцыі, мабыць, так і не адбылося. Спачатку чалавека з мехам на галаве выкідаюць з краіны, а потым прыходзяць, каб завабіць яго назад. Ці гэта не абсурд?», — кажа праваабаронца.

    Вячаслаў Лазараў: Палітвязняў пазбавілі пашпартоў, а мне нават даведку не далі

    Нагадаем, восенню 2023 года за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат» Вячаслаў Лазараў быў асуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі. Прызначаны тэрмін яго накіравалі адбываць у магілёўскую ПК-15, адкуль ён быў вызвалены  11 верасня 2025 года ў ліку 52 іншых вязняў, якіх выпусцілі з‑за кратаў у выніку перамоў урада ЗША з рэжымам Лукашэнкі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.