Мінабароны паведаміла пра «інфабомбу» — ведамства запускае свой уласны тэлеканал
Новы канал «ВоенТВ» пачне вяшчанне 23 лютага. Ён увойдзе ў пакет рэспубліканскіх каналаў і зойме 12‑ю кнопку.

Тэлекампанія «ВоенТВ», лагатып
З 23 лютага, як заявіў у відэаінтэрв’ю «Беларусь Сегодня» першы намеснік гендырэктара тэлекампаніі «Воен ТВ» Канстанцін Гагарын, новы тэлеканал будзе «бесперапынна расказваць пра дзяржаўную палітыку ў галіне абароны», бо «калі не ўзброена свядомасць народа, то прайграеш любое супрацьстаянне».
«23 лютага будзе перагорнутая старонка ў гісторыі беларускага тэлебачання. Пачне вяшчанне новы тэлеканал «ВоенТВ». Фундамент ягоны — тэлекампанія «ВоенТВ», якой уже 32 гады. (…) Будзем выходзіць на дванаццатай кнопцы. Па першым часе — распаўсюд праз кабельныя сеткі, а потым станем у адзін шэраг з рэспубліканскімі каналамі», — сказаў Гагарын.
Паводле ягоных слоў, на тэлеканале будуць штодзённыя навіны, штотыднёвая выніковая праграма, аналітычная праграма, а таксама ваенна-патрыятычны праект для моладзі. Што праўда, абяцаюць і забаўляльны кантэнт, у прыватнасці мастацкія фільмы, «каб утрымаць увагу гледачоў».
«У апошні час вельмі вырасла ў грамадстве патрэба ў інфармаванні наконт пытанняў бяспекі. Асабліва гэта праявілася пасля пачатку спецаперацыі на тэрыторыі Украіны, пасля таго, як НАТО рэзка фарсіравала нарошчванне ваеннай сілы на межах Беларусі», — зазначае армейскі журналіст.
Акрамя гэтага, журналісты новага каналу абяцаюць «распавядаць, якія высілкі робяцца дзеля таго, каб над намі захавалася мірнае неба».
@bajmedia