Мінімальная сума збора для журналіста Міхаіла Карневіча сабраная
Наш калега лечыцца ад анкалогіі і мае патрэбу ў падтрымцы, каб перажыць перыяд тэрапіі і не застацца без жылля і сродкаў. Мінімальную суму ў тры тысячы еўра сабралі за тыдзень, але збор на BYSOL працягваецца.

Міхаіл Карневіч. Фота: з асабістага архіва
Журналіст Міхаіл Карневіч пакінуў Беларусь праз пераслед за прафесійную дзейнасць. Ён амаль усё жыццё прапрацаваў у журналістыцы. Пасля ўніверсітэта быў карэспандэнтам газет «Пагоня» і «Біржа інфармацыі», стаў адным з сузаснавальнікаў апошняй.
Калі гэтыя выданні па палітычных прычынах закрылі, Міхаіл працягнуў працу ў якасці карэспандэнта «Радыё Свабода» па Гарадзенскай вобласці, а з 2018 года супрацоўнічаў з газетай «Народная Воля».
Падчас выбараў 2020 года асвятляў падзеі ў Гродне, рыхтаваў матэрыялы для незалежных рэдакцый.
Праз пераслед з боку сілавікоў Карневіч пакінуў краіну, з сакавіка 2022 года жыве ў Польшчы, аднак тэрмін яго статусу часовага знаходжання завяршаецца. Праз адсутнасць стабільнай працы ён вымушаны падавацца на міжнародную абарону. Асноўны даход — рэдкія замовы, якіх хапае толькі на мінімальныя выдаткі.
У 2025 годзе стан здароўя Міхаіла рэзка пагоршыўся. Абследаванне выявіла анкалагічнае захворванне. Беларус перанёс аперацыю і прайшоў некалькі сеансаў прамянёвай тэрапіі. Лячэнне працягваецца, прызначаны прэпараты і далейшае назіранне ў анкацэнтры.
«Мяне лечаць па страхоўцы, але яна не пакрывае паўсядзённыя выдаткі на жыццё падчас тэрапіі, — кажа Міхаіл. — Я тут адзін, без сям’і і блізкіх, працаваць на поўную сілу не магу, а ад моманту падачы на міжнародную абарону наогул не працаўладкуюся па законе».
Падтрымка, у якой Міхаіл мае патрэбу, неабходная для аплаты жылля, пакупкі лекаў і вітамінаў, рэабілітацыі пасля лячэння і базавых выдаткаў на харчаванне.
«Ваша дапамога дазволіць мне прайсці лячэнне, не апынуўшыся на вуліцы, аднавіцца і надалей паспрабаваць вярнуцца да працы».
ПАДТРЫМАЦЬ КАЛЕГУ
@bajmedia