• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міністэрства інфармацыі прызнала недапушчальнасьць публікацыі карыкатуры з ксяндзамі і свастыкай

    Газэце «Мінская праўда» ўказана на парушэньні, міністэрства прызнала, што падобныя публікацыі могуць выклікаць міжканфэсійную варажнечу.

    На пачатку верасьня абласная газэта «Мінская праўда» разьмясьціла на вокладцы карыкатуру з падзагалоўкам «Мутацыя веры», на якой былі намаляваныя каталіцкія сьвятары з крыжамі ў форме свастыкі. Людзі ўгледзелі ў публікацыі распаўсюд экстрэмізму і склалі адпаведную пэтыцыю. Яе адправілі на партал «Зручны горад» і запатрабавалі прыцягнуць рэдакцыю газэты да адказнасьці.

    «Лічым падобныя публікацыі ў дачыненьні да прадстаўнікоў духавенства, да таго ж рэлігіі, якую вызнае больш за 15% насельніцтва краіны, недапушчальнымі, зьняважлівымі і абуральнымі ня толькі для ксяндзоў, але й для ўсіх каталікоў Беларусі. Дадзеная публікацыя дзяржаўнага СМІ ўспрымаецца намі як спроба распальваньня рэлігійнай варажнечы да Касьцёла і каталіцкіх вернікаў», — напісалі аўтары пэтыцыі.

     Міністэрства інфармацыі дало адказ за подпісам намесьніка міністра Ігара Бузоўскага.

    Вось вытрымка з адказу Мінінфарма:

    «Разам з тым у Міністэрстве інфармацыі сумесна з зацікаўленымі, уключаючы Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій i нацыянальнасцей, прааналізаваны апублікаваны 07.09.2021 у газеце «Мінская праўда» матэрыял.

    Паводле агульнага меркавання, публікацыя не спрыяе падтрыманню міжканфесійнага міру i згоды ў нашай краіне.

    Атаясамліванне дзейнасці асобных каталіцкіх святароў з усёй Рымска-каталіцкай царквой у Беларусі з’яўляецца непрымальным.

    Такія публікацыі могуць нанесці шкоду міжканфесійным адносінам у Рэспубліцы Беларусь, а таксама выклікаць негатыуныя наступствы ў грамадскіх адносінах.

    Беручы пад увагу вышэйзгаданае, Міністэрства інфармацыі пісьмова запатрабавала ад рэдакцыі газеты «Мінская праўда» прыняць меры па недапушчэнні такіх публікацый у далейшым.

    У сваю чаргу кіраўніцтва УП «Інфармацыйнае агенцтва «Мінская праўда» запэўніла Мінінфарм у тым, што ўce выкладзеныя заўвагі i рэкамендацыі будуць выкананы.

    Акрамя таго, Мінскім аблвыканкамам як заснавальнікам выдання сумесна з кіраўніцтвам інфармацыйнага агенцтва «Мінская прауда» праведзена рабочая нарада, на якой выпрацаваны меры па недапушчэнні такіх сітуацый».

    Рэдактарам газэты ў час скандальнай публікацыі была Вольга Селязьнёва, якая раней узначальвала іншыя дзяржаўныя газэты — «Добрушскі край» і «Гомельские ведомости», была супрацоўніцай «Гомельскай праўды» і дэпутаткай мясцовых саветаў.

    У рэдакцыі сказалі, што кіруе рэдакцыяй генэральны дырэктар Ларыса Коршун. Звольненая Селязьнёва ці не, там ня ведаюць, бо рашэньне прымае Мінінфармацыі, а рэдакцыі нічога наконт гэтага не даводзілі.

    Ужо наступны нумар «Мінскай праўды» выйшаў без пазначэньня імя галоўнага рэдактара. Як паведаміла тады выданьне «Флагшток», на пытаньне журналіста пра падзеі ў рэдакцыі заявілі, што новы галоўны рэдактар «пакуль ня ўзгоднены».

    Неўзабаве ўлады абверглі інфармацыю пра звальненьне Селязьнёвай, аднак пры гэтым у парушэньне заканадаўства аб СМІ ўжо трэці нумар газэты выйшаў без пазначэньня інфармацыі пра галоўнага рэдактара.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці