• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міжнародны інстытут прэсы: Урад Беларусі спрабуе здушыць апошнія незалежныя СМІ

    Міжнародная супольнасць не можа выпускаць з-пад увагі суровасць рэпрэсій у Беларусі.

    Глабальная сетка Міжнародны інстытут прэсы (Inter­na­tion­al Press Insti­tute, IPI)  выказвае сур’ёзную заклапочанасць у сувязі з апошнімі намаганнямі дзяржаўных уладаў Беларусі па выкараненні ўсіх відаў незалежных СМІ, што засталіся ў краіне, і заклікае міжнародную супольнасць жорстка адрэагаваць на апошнюю серыю нападак на свабоду СМІ і свабоду выказвання меркаванняў.

    4 лістапада сайты дзвюх вядучых арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія дакументуюць рэпрэсіі, — Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) і Беларускага ПЭН-Цэнтра — былі заблакаваныя на тэрыторыі краіны Міністэрствам інфармацыі.

    28 кастрычніка быў заблакаваны сайт нямецкай вяшчальнай кампаніі Deutsche Welle, а таксама медыя «Настоящее время» і «Новы Час». Намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч абгрунтаваў абмежаванні тым, што заблакаваныя выданні публікавалі гіперспасылкі на матэрыялы навін СМІ, прызнаных дзяржавай «экстрэмісцкімі».

    1 лістапада журналісты Ірына Слаўнікава і Сяргей Няроўны былі прызнаныя вінаватымі па розных адміністрацыйных справах аб «распаўсюджанні экстрэмісцкіх матэрыялаў» за тое, што падзяліліся ці ўпадабалі публікацыі на Фэйсбук-старонках незалежных медыя Белсат і Тут бай, якія летам былі забароненыя і прызнаныя беларускімі ўладамі экстрэмісцкімі.

    Журналістку Ірыну Слаўнікаву затрымалі ў мінскім аэрапорце разам з мужам і прыгаварылі мінскім судом да 15 сутак арышту за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Журналіста-фрылансера Сяргея Няроўнага аштрафавалі на 580 беларускіх рублёў за тое, што летась ён лайкнуў пост Тут бай у Face­book.

    20 кастрычніка ў рэдакцыі «Новага Часу», адной з нямногіх незалежных газет, якія ўсё яшчэ працуюць у Беларусі, быў праведзены ператрус. Галоўная рэдактарка Аксана Колб і намеснік галоўнага рэдактара Сяргей Пульша былі затрыманыя і дапытаныя. Абодвух адпусцілі пасля падпісання пагаднення аб невыдаванні інфармацыі па справе.

    «Цяпер мы знаходзімся на той стадыі, калі простыя ўзаемадзеянні са старонкай незалежнага СМІ ў Face­book могуць прывесці да затрымання журналіста ў Беларусі, — гаворыць намеснік дырэктара Міжнароднага  інстытута прэсы Скот Грыфэн. – Абсурднасць усіх гэтых выпадкаў сведчыць аб беспрэцэдэнтным і нястомным пераследзе рэжымам Лукашэнкі ўсіх відаў незалежных або крытычных СМІ, а таксама арганізацый, якія дакументуюць сталыя злоўжыванні.

    Журналістаў пераследуюць па сфабрыкаваных абвінавачаннях, штрафуюць і саджаюць у турму; іншых выціскаюць з краіны пагрозай крымінальнага пакарання; мясцовыя СМІ ліквідуюць, адвольна прысвойваючы ім статус «экстрэмісцкіх»; міжнародныя выданні блакуюць за спасылкі на навінавыя матэрыялы; групы грамадзянскай супольнасці, што дакументуюць злоўжыванні, закрываюць. Не будзе перабольшаннем сказаць, што мэтай урада зʼяўляецца поўная зачыстка апошніх крыніц незалежных навін або інфармацыі.

    Вельмі важна, каб міжнародная супольнасць не выпускала з‑пад увагі маштаб і сур’ёзнасць падаўлення свабоды СМІ ў Беларусі. Зварот 35 дзяржаў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве (АБСЕ) да Венскага механізму з’яўляецца доўгачаканым крокам для таго, каб запатрабаваць неадкладных адказаў ад беларускага ўрада наконт парушэнняў правоў, у тым ліку свабоды СМІ».

     

    Цяпер мінімум 29 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ утрымліваюцца ў следчых ізалятарах і калоніях. Са студзеня па верасень 2021 года было зафіксавана больш за 140 розных ператрусаў і рэйдаў у офісах незалежных СМІ і па месцы жыхарства асобных журналістаў, у выніку якіх было канфіскавана журналісцкае абсталяванне і тэхніка.

    За той жа перыяд Міністэрства інфармацыі закрыла доступ да сайтаў больш чым 100 медыярэсурсаў, якія асвятлялі палітычныя навіны.

    Дзве найстарэйшыя праваабарончыя арганізацыі краіны – Беларускі Хельсінкскі камітэт і «Прававая ініцыятыва» – былі ліквідаваныя Вярхоўным судом, у выніку чаго колькасць НДА, якія ўжо забаранілі або якія знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі, дасягнула 275.

    У гэтым годзе Міжнародны інстытут прэсы прысудзіў узнагароду «Герой свабоды прэсы» Юліі Слуцкай, заснавальніцы і старшыні Прэс-клуба Беларусь. Слуцкая і некалькі яе супрацоўнікаў былі зняволеныя па сфабрыкаваным абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. У жніўні яна і чацвёра яе калег былі вызваленыя пасля васьмі месяцаў папярэдняга зняволення.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці