На інтэрв’ю з Ціханоўскай прыйшлі ліпавыя расійскія журналісты
Падман раскрылі ў самы апошні момант: фальшывыя журналісты зараз тлумачаць свае паводзіны праваахоўным органам Літвы.

Фальшывае пасведчанне журналіста «Новая газета Еўропа». Фота: Франак Вячорка
Святлана Ціханоўская 8 ліпеня павінна была даць інтэрв’ю расійскаму незалежнаму СМІ «Новая газета Еўропа». Аб размове дамовіліся праз прэс-сакратара Ганну Красуліну, выкарыстаўшы імя рэальнага супрацоўніка выдання. Але калі «журналісты» прыехалі на інтэрв’ю, у офісе ўзніклі сумневы ў сапраўднасці іх дакументаў. Аказалася, што насамрэч маладыя людзі не маюць ніякага дачынення да «Новой газеты Европа», а нанялі іх невядомыя праз Telegram. Адзін з «журналістаў» распавёў «Люстэрку», як яго нанялі для здымкаў Ціханоўскай.

Фэйкавы тэлеграм-акаўнт супрацоўніцы «Новой газеты Европа». Фота: Франак Вячорка
Імя суразмоўцы зменена.
Ігару 18 гадоў, ён з Украіны, але з 2022 года жыве ў Вільні. Нядаўна ў адной з груп у Telegram малады чалавек размясціў аб’яву аб пошуках падпрацоўкі. Праз некалькі дзён з Ігарам звязалася жанчына, якая назвалася Ілонай, рэдактаркай «Новай газеты Еўропа».
— Ілона напісала, што трэба зняць інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай для YouTube-канала іх газеты, — распавёў «Люстэрку» Ігар. — Паабяцалі, што скінуць грошы — 100 еўра — на банкаўскі рахунак або ў крыптавалюце. Аплацілі авансам — адразу ўсю суму. Даслалі адрас лакацыі, дзе будзе інтэрв’ю, і кантакты прэс-сакратара. Я ўзяў з сабой памагатага — гэта мой знаёмы, ён грамадзянін Літвы.
Ілона даслала Ігару спіс пытанняў, на якія павінна была адказаць Святлана. Яны датычыліся нядаўняга вызвалення Сяргея Ціханоўскага, яго планаў на бліжэйшы час, пазіцыі наконт санкцый, а таксама адносін Літвы да беларусаў.
— У мяне не ўзнікла сумневаў, што Ілона сапраўды з «Новой газеты Европа», — прызнаецца Ігар. — Пытанні падаліся мне адэкватнымі. Поўная ўпэўненасць з’явілася пасля таго, як мне даслалі для раздрукоўкі журналісцкія пасведчанні з лагатыпам гэтага выдання.
Менавіта гэтыя дакументы прымусілі прэс-сакратара Ціханоўскай Ганну Красуліну засумнявацца, што Ігар і ягоны памочнік сапраўды працуюць па замове расійскай газеты. Яна папрасіла хлопцаў пачакаць і паведаміла пра свае падазрэнні старэйшаму дарадцу палітыка Франаку Вячорку.
— Паводзіны маладых людзей і іх дакументы былі дзіўныя, яны відавочна хваляваліся і не былі падобныя на журналістаў, — распавёў «Люстэрку» Вячорка. — Мы адразу ж звязаліся з галоўным рэдактарам «Новой газеты Европа». Ён сказаў, што выданне сапраўды планавала інтэрв’ю са Святланай, але гэтыя хлопцы да іх дачынення не маюць.
У выніку замест Святланы Ціханоўскай ліпавыя журналісты былі вымушаныя размаўляць з літоўскімі паліцыянтамі.
— Мы выклікалі паліцыю, бо гэта ўжо не першы выпадак, калі людзей у Літве наймаюць невядомыя, каб зняць мітынгі, зрабіць антылітоўскія графіці, а зараз вось і запісаць фэйкавыя інтэрв’ю, — патлумачыў Вячорка. — Мы памятаем, што бяспека — у першую чаргу. І заклікаем усіх ставіцца ўважліва і правяраць усіх, хто піша з просьбай аб інтэрв’ю, дзіўнай падпрацоўцы.
Па словах Вячоркі, зараз літоўскія паліцыя і следчыя праводзяць працэсуальныя дзеянні. У фэйкавых журналістаў канфіскавалі тэхніку, а іх саміх павезлі на допыт.
