• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На журналіста Андрэя Мялешку завялі тры крымінальныя справы

    Журналіст Андрэй Мялешка даведаўся, што ў Беларусі на яго завялі тры крымінальныя справы. Акрамя таго, да маці журналіста, у кватэры якой ён зарэгістраваны, прыходзілі з ператрусам.

    Андрэя Мялешку дэпартавалі з Грузіі

    Андрэй Мялешка. Фота: з асабістага архіва

    30 верасня сястры Андрэя Мялешкі, якая жыве ў Гродне, патэлефанавалі з мясцовай пракуратуры. Прасілі перадаць брату, каб ён звяртаўся ў камісію па вяртанні, ехаў у Беларусь, пакаяўся, і тады з яго здымуць усе абвінавачанні.

    Паводле слоў журналіста, таксама сястра даведалася, што ў дачыненні да яго заведзеныя тры крымінальныя справы: паводле арт. 361–1 — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім» (санкцыя — да 10 гадоў пазбаўлення волі), арт. 361–2 — «Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (да 8 гадоў пазбаўлення волі) і арт. 361–4 — «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (да 7 гадоў пазбаўлення волі).

    Пра крымінальны пераслед вядома толькі са слоў сілавікоў — ніякіх дакументаў на рукі не далі.

    Пра якое «экстрэмісцкае» фармаванне ідзе гаворка, Андрэй таксама не ведае. Са слоў супрацоўнікаў крымінальнага вышуку вынікае, што вядзецца пра два яго інтэрв’ю ў 2023 і 2024 гадах медыям, прызнаным у Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

    Удзень 19 верасня дамоў да хворай маці Андрэя Мялешкі прыходзілі з ператрусам сілавікі, якія назваліся супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Кастрычніцкага раёна Гродна.

    «Ператрус цягнуўся хвілін дваццаць. Супрацоўнік паглядзеў пакой. Сястра сказала, што маіх рэчаў там няма, бо ўжо тройчы быў ператрус — усё, што маглі, ужо забралі», — распавёў журналіст.

    Нядаўна ў спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў Мінінфарма былі ўнесеныя акаўнты Андрэя Мялешкі ў Insta­gram: ami­alesh­ka і batumiby.ge і Telegram-канал крамы журналіста з таварамі з беларускай сімволікай «Сакартвело – Беларусь».

    Апошні раз па адрасе афіцыйнай рэгістрацыі Андрэя Мялешкі ў Гродне сілавікі прыходзілі каля года таму. Паводле журналіста, маці тады не адкрыла ім дзверы і выклікала на іх міліцыю. Яны сышлі, але міліцыя не прыехала.

    Таксама Андрэй Мялешка кажа, што ў 2023 годзе на яго былі заведзеныя крымінальныя справы за ўдзел у «экстрэмісцкіх» фармаваннях – БАЖ і «Радыё Рацыя». Але далей ніякіх зрухаў па гэтых справах не было, прынамсі, Андрэю нічога не паведамлялі.

    Андрэй Мялешка вымушана з’ехаў з Беларусі ў 2021 годзе, бо асцерагаўся палітычна матываванага пераследу, на сёння жыве ў Польшчы. З лета 2021-га па верасень 2024 года ён жыў у Батумі. 17 верасня 2024 года, калі журналіст разам з дачкой вяртаўся ў Грузію з Польшчы, іх абодвух не ўпусцілі ў краіну ў аэрапорце Кутаісі. Бацьку з дачкой пасадзілі на зваротны рэйс да Варшавы. З таго часу Андрэй разам са старэйшай дачкой жыве ў Беластоку, а ягоная жонка з малодшай дачкой — у Батумі. Мялешка кажа, што яны ніяк не могуць атрымаць візу для пераезду ў Польшчу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці