На журналіста Змітра Панкаўца ў Беларусі завялі крымінальную справу
19 чэрвеня 2024 года супрацоўнікі Следчага камітэта прыехалі з ператрусам на адрас у Барысаўскім раёне Мінскай вобласці, дзе Зміцер Панкавец афіцыйна зарэгістраваны. Між тым журналіст ужо некалькі год жыве па-за межамі краіны.

Зміцер Панкавец. Фота з асабістага акаўнта ў Facebook
«Афіцыйна прадставіліся супрацоўнікамі Следчага камітэта, хоць у мяне ёсць здагадкі, што гэта быў не Следчы камітэт. Пры гэтым, як я ведаю, прыехалі па мяне не з Барысава, а з Мінску», — паведаміў БАЖ Зміцер Панкавец.
У выніку вобшуку следчыя нічога не забралі.
«Інфармацыі ў мяне, зразумела, не шмат. Ведаю, што паказвалі панятым дакумент пра тое, што на мяне заведзеная крымінальная справа. Артыкул мне не вядомы, але з расповеду зразумела, што справа нібыта за сувязі з «каліноўцамі». Ну, я сапраўды асвятляў гэтую тэму і шмат пісаў пра байцоў палка Каліноўскага ва Украіне. “Госці” таксама прасілі перадаць, што чакаюць мяне ў Беларусі і “грэюць кайданкі” для мяне. Пакуль аніякага развіцця сітуацыі не было», — распавёў журналіст.
Зміцер Панкавец у журналістыцы амаль 20 гадоў, працаваў у выданні «Наша Ніва» і на «Радыё Свабода», неаднаразова быў лаўрэатам журналісцкай прэміі «Вольнае слова».
У снежні 2021 года, асцерагаючыся пераследу за прафесійную дзейнасць, ён выехаў з Беларусі.
