• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Уганараванне пераможцаў «Вольнага слова-2010» / Мінск, 06.05.2011 г.

    6 мая ў рэзідэнцыі амбасадара Вялікабрытаніі пры падтрымцы амбасады гэтай краіны прайшла ўрачыстая цырымонія ўганаравання пераможцаў конкурсу «Вольнае слова-2010 ». Творчае спаборніцтва чацвёрты год запар ладзіла ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

     

    «Мы рады падтрымаць мерапрыемства, якое ўхваляе заслугі ў галіне журналістыкі, і ўражаныя мужнасцю прадстаўнікоў вашай прафесіі, якім даводзіцца працаваць у сённяшніх нялёгкіх умовах», — адзначыў, вітаючы прысутных, часовы павераны ў справах Вялікабрытаніі ў Беларусі спадар Джым Казнс.

    «Такога цяжкога года для журналістыкі і для вольнага слова я, па шчырасці, не памятаю, — прызналася старшыня ГА „БАЖ“ Жанна Літвіна. — За мінулы год мы з вамі сутыкнуліся з жорсткай і помслівай палітыкай уладаў у дачыненні да журналістаў. Вось і на сённяшняй падзеі не могуць прысутнічаць пераможцы нашага конкурсу Ірына Халіп і Сяргей Вазняк (першая — пад хатнім арыштам у чаканні суда, другі — на судовым працэсе па крымінальнай справе супраць яго — заўв. БАЖ), многія нашы калегі знаходзяцца ў залах шматлікіх судоў, дзе выконваюць свае прафесійныя абавязкі…»

    Старшыня БАЖ нагадала пра пагрозу, што навісла над двума «брэндавымі» выданнямі беларускай незалежнай журналістыкі — «Нашай Нівай» і «Народнай воляй», а таксама пра лёс зняволенага калегі Андрэя Пачобута, які чакае суда ў гродзенскай турме. «Усё гэта не дадае добрага настрою. Але за незалежных беларускіх журналістаў сёння не сорамна. Я радуюся, што мы патрэбныя адзін аднаму і што мы — разам», — падкрэсліла Ж. Літвіна.

    Старшыня журы Юрась Карманаў нагадаў, што на конкурс было пададзена больш за 60 тэкстаў ад 23 аўтараў. «Сябры журы адзначылі высокі прафесійны ўзровень прадстаўленых твораў», — адзначыў сп. Карманаў.

    Ён прэзентаваў кожнага лаўрэата кароткай дасціпнай характарыстыкай яго тэксту і некалькімі найбольш яркімі цытатамі з артыкулаў-пераможцаў. Журналісты распавядалі пра гісторыю стварэння сваіх матэрыялаў, дзяліліся творчымі планамі не будучае і некаторымі заўвагамі наконт «бягучага моманту».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці