Уганараванне пераможцаў «Вольнага слова-2010» / Мінск, 06.05.2011 г.
6 мая ў рэзідэнцыі амбасадара Вялікабрытаніі пры падтрымцы амбасады гэтай краіны прайшла ўрачыстая цырымонія ўганаравання пераможцаў конкурсу «Вольнае слова-2010 ». Творчае спаборніцтва чацвёрты год запар ладзіла ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
«Мы рады падтрымаць мерапрыемства, якое ўхваляе заслугі ў галіне журналістыкі, і ўражаныя мужнасцю прадстаўнікоў вашай прафесіі, якім даводзіцца працаваць у сённяшніх нялёгкіх умовах», — адзначыў, вітаючы прысутных, часовы павераны ў справах Вялікабрытаніі ў Беларусі спадар Джым Казнс.
«Такога цяжкога года для журналістыкі і для вольнага слова я, па шчырасці, не памятаю, — прызналася старшыня ГА „БАЖ“ Жанна Літвіна. — За мінулы год мы з вамі сутыкнуліся з жорсткай і помслівай палітыкай уладаў у дачыненні да журналістаў. Вось і на сённяшняй падзеі не могуць прысутнічаць пераможцы нашага конкурсу Ірына Халіп і Сяргей Вазняк (першая — пад хатнім арыштам у чаканні суда, другі — на судовым працэсе па крымінальнай справе супраць яго — заўв. БАЖ), многія нашы калегі знаходзяцца ў залах шматлікіх судоў, дзе выконваюць свае прафесійныя абавязкі…»
Старшыня БАЖ нагадала пра пагрозу, што навісла над двума «брэндавымі» выданнямі беларускай незалежнай журналістыкі — «Нашай Нівай» і «Народнай воляй», а таксама пра лёс зняволенага калегі Андрэя Пачобута, які чакае суда ў гродзенскай турме. «Усё гэта не дадае добрага настрою. Але за незалежных беларускіх журналістаў сёння не сорамна. Я радуюся, што мы патрэбныя адзін аднаму і што мы — разам», — падкрэсліла Ж. Літвіна.
Старшыня журы Юрась Карманаў нагадаў, што на конкурс было пададзена больш за 60 тэкстаў ад 23 аўтараў. «Сябры журы адзначылі высокі прафесійны ўзровень прадстаўленых твораў», — адзначыў сп. Карманаў.
Ён прэзентаваў кожнага лаўрэата кароткай дасціпнай характарыстыкай яго тэксту і некалькімі найбольш яркімі цытатамі з