Настасся Панкратава: «Адчула цішыню, якая звінела ў залі. Свет раптам перастаў быць чорна-белым»
Тэатральны крытык Настасся Панкратава ў інтэрв’ю «Салідарнасці» — пра парадоксы кароткай памяці, гонар за нашых і імёны, якія не мусяць знікнуць з летапісу беларускага тэатру.

Настасся Панкратава. Фота з асабістага архіву суразмоўніцы
Днямі ў выдавецтве Skaryna Press убачыла свет кніга «(Не)выкраслены: Беларускі тэатр 2015–2025. Выбраныя старонкі». Яе аўтарка — крытык і журналістка Настасся Панкратава, якая больш чым 20 год даследуе і распавядае, чым дыхае беларускі тэатр. А пад вокладкай — 500+ старонак інтэрв’ю і аналітычных артыкулаў пра «кухню» і жыццё тэатру і людзей тэатру, як унутры краіны, так і па-за межамі.
Дадамо, што выданне падтрымана праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Cаюзам. І тады ўжо — патлумачым, чаму кніга наогул з’явілася, што ў ёй знойдзе недасведчаны чытач, каму ў змрочны перыяд да культуры і чаму беларускі тэатр не забіты палітычным крызісам, а жыве, рухаецца і дакладна пабачыць лепшыя часы.

Фота: skarynapress.com
«Апошніх 10 год жыцця як быццам не было»
— Чаму гэтая кніга сёння раптам спатрэбілася? — перапытвае Настасся. — Самы першы адказ: для нас, для нашай памяці пра людзей, якія ў гэтае дзесяцігоддзе вызначалі рух, развіццё, узровень беларускага тэатру — а сёння гэтыя прозвішчы наўпрост зніклі.
У беларускіх тэатрах ёсць завядзёнка: калі чалавек сыходзіць — прыбіраюць ягоную старонку на сайце. А пра гісторыю пара лічбаў з часу заснавання да сучаснасці, без асобаў: хто ставіў спектаклі, хто граў, хто быў мастаком, кампазітарам? І гэтыя лусткі памяці пастаянна адразаюцца, нібыта яны нам не патрэбныя.
Вельмі балюча, што з асяродку знікаюць прозвішчы, якія вось толькі-толькі былі побач з намі. Летась у ліпені памёр Андрэй Бардухаеў-Арол.
У Беларусі, з падачы расійскіх медыя, пра яго пісалі як пра акцёра, «вядомага па здымках у серыяле «Мухтар». Але гэты факт эпізадычны для яго біяграфіі. Спадар Андрэй — чалавек, які для Гомеля зрабіў вельмі і вельмі шмат! Бо яму балела тэма інклюзіі людзей, якія не чуюць і не бачаць. І толькі дзякуючы ягонаму жаданню і ўцягнутасці з’явіўся «Тым Тэатр», які яны стварылі разам з жонкай, а невідучыя людзі займелі сэнс жыцця.
З гледзішча культурніцкага менеджменту — спадар Андрэй быў адным з першых, хто не пабаяўся пайсці ў грантавую тэму, выйграў конкурс Social Weekend. Паказаўшы тым самым, што ў Беларусі можна атрымаць фінансаванне для інклюзіўных пастановак. Я бачыла, як на ягонай «Снежнай каралеве» для дзяцей, якія сядзелі ў залі, было адкрыццём, што яны могуць паўдзельнічаць у пастаноўцы…
І вось такіх людзей я ўключыла ў гэтую кнігу — каб яны засталіся ў нашай памяці і ў гісторыі.
— Чула, што кнігу давялося збіраць цягам году, у тым ліку аднаўляць выдаленыя тэксты — бо незалежныя медыі ўлады прызналі «экстрэмісцкімі», а дязржаўныя рэдакцыі самі перастрахаваліся і падчысцілі электронныя архівы.
— Так, другі вялікі боль — не толькі дзеячы тэатру, але і крытыкі, культурныя журналісты, якія таксама выпадаюць з увагі чытачоў. У нейкі момант я зразумела, што мае тэксты проста зніклі, апошніх 10 год жыцця як быццам не было.
Маё прозвішча перастала гугліцца, таму што зніклі самі сайты, на якіх усё публікавалася. Гэта праблема многіх калег, якія шмат стваралі, вывучалі, даследавалі, фіксавалі — і раптам аказаліся па-за публічнай прасторай. Нібыта мы ніколі нічога не рабілі.
Агулам трывалая праблема беларускіх тэатраў: не ведаць, што было зроблена да іх. Мой улюбёны прыклад: летась у ТЮГу паставілі «Пітэра Пэна», тэатр заявіў, маўляў, гэта ўпершыню ў Мінску. А я ў 1990‑х была ў нашым Оперным тэатры на музычным спектаклі «Пітэр Пэн», які ставіўся на дзіцячую студыю…
Але ж новае пакаленне, якое прыходзіць працаваць у тэатр, новая маладая публіка (цяпер у тэатр актыўна ходзяць тыя, хто ў 2020‑м быў яшчэ школьнікам) — яны прымаюць за чыстую манету гэтае «ўпершыню». Таму нашыя тэксты, крытыкаў і журналістаў, вельмі патрэбныя — для таго, каб нагадаць, што было раней, да бягучага моманту.
Кніга «(Не)выкраслены: Беларускі тэатр 2015–2025», безумоўна, не закрывае цалкам прагалы ў памяці. Але ж паказвае, што бывае інакш, і што любіць сваю культуру — не значыць, толькі хваліць яе дзеячаў, як гэта цяпер заведзена ў дзяржмедыях.

Фота: skarynapress.com
Акрамя таго, мяркуе аўтарка, шырокая аўдыторыя дазнаецца, які спектр праблем быў актуальным для беларускага тэатру, пакуль у яго была магчымасць развівацца, а не толькі выжываць.
Напрыклад, як размаўляць у дзіцячым тэатры пра смерць? У беларускіх тэатрах, у адрозненне ад еўрапейскіх, гэтая тэма табуяваная. Не дзіўна, што мінскі Тэатр лялек, які паставіў знакамітую п’есу Гаўптмана «Узнясенне Ганеле» пра трагічны лёс і смерць дзяўчынкі, сабраў мноства міжнародных прэмій — але толькі не на радзіме.
Тут, згадвае Настасся, публіка пісала скаргі: «Што за тэма для дзіцячага спектакля?!».
Альбо праблема этычных межаў ва ўзаемадзеянні гледача і акцёраў: што можна, а што недапушчальна? Ці жаночы вобраз у тэатры: не толькі пра прыгажосць, мудрасць, «традыцыйную ролю», але і пра фізіялогію на мяжы фолу (пастаноўка «Камера, якую дала мне маці»)?
Ці закуліссе, якое рэдка хто бачыць. І такіх ракурсаў мноства. Можна не сумнявацца, што многія адкрыюць для сябе ў кнізе беларускі тэатр, якім яго наогул не ведалі.
— Пры тым у кнігу ўвайшлі толькі выбраныя старонкі з гісторыі тэатра, тое, што я бачыла асабіста. Але гэта той фрагмент, які, спадзяюся, дапаможа сабраць гэтую гісторыю — каб не сказалі, што такога не было. У пэўным сэнсе, я і мае калегі працуем на будучыню, каб такімі фрагментамі паступова стварыць плынь, скласці паўнавартасную карціну таго, што адбываецца, — зазначае Настасся Панкратава.
Сёння той, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі, не можа пісаць праўду і не можа аглядаць усё, пойдзе толькі на «дазволеныя» пастаноўкі. Дый тое, калі трапіць у Магілёў і ўбачыць пастаноўку-пераможцу сёлетняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі, спектакль «Бах-бах-бах» паводле расійскай п’есы пра Вялікую Айчынную вайну — шчыра запытаем, ці зможа сказаць пра яе хоць нейкую крытычную заўвагу?
Тыя ж, хто не ў Беларусі — мы абмежаваныя краінамі, у якіх жывем. Знаходзячыся ў Вільні, я не магу проста даехаць у Лондан і паглядзець спектакль Уладізміра Шчэрбаня «Герой нашага часу». А беларускі тэатр класны тым, што ён сёння ёсць у самых розных краінах, апроч Беларусі — у Ізраілю, у Канадзе, у Германіі, Францыі…
Ёсць шыкоўная нашая суайчынніца Вольга Палякова, якая мае два дыпломы беларускіх ВНУ, але паехала ў Францыю па сваю мару — адвучыцца на оперную рэжысуру. Першыя сем год у замежжы яна выжывала, але дабілася свайго. Ужо колькі гадоў спадарыня Вольга ў якасці памочніцы рэжысёра робіць пастаноўкі па ўсіх краінах свету. І наколькі я ведаю, сёлета адбудзецца прэм’ера ўжо яе ўласнага спектаклю. Лічу, што мы павінныя ведаць пра такіх людзей і ганарыцца імі.
І вяртаючыся да пытання пра тэксты — аднавіць шэраг з іх было вельмі цяжка. Я 11 год працавала ў газеце «Культура», там выйшлі больш за чатыры сотні маіх тэкстаў. А пару год таму сайт, на якім быў увесь архіў з пачатку нулявых гадоў, наўпрост адключылі. Мяркую, з прычыны, як бы чаго не здарылася; занадта шмат было прозвішчаў аўтараў, дый герояў, якіх запісалі ў «непажаданыя асобы».
Не кажучы ўжо пра тое, што зніклі тэксты з незалежных медыяў, бо трапілі разам з імі пад агульны каток. Нават праз вэб-архіў адшукаць вельмі складана.
Але ж гэта атрымалася. І таму асабіста для мяне гэтая кніга, акрамя агульнай ідэі аднаўлення імёнаў і падзей — яшчэ і радасць ад таго, што тэксты засталіся. Што я — ёсць. Гэта для многіх беларусаў сёння вельмі важнае адчуванне.
Наклад у кнігі, зазначае Настасся, невялікі — 150 асобнікаў, частка з якіх пойдзе ў беларускія бібліятэкі за мяжой. Таксама выданне можа набыць і для дамашняга чытання, прычым не толькі ў папяровым выглядзе, але і ў электроннай версіі (у тым ліку з Беларусі).

Настасся Панкратава. Фота: Аляксандр А.
«Любоў гледача — тое, што натхняе»
— Ці атрымліваецца адсочваць тэатр унутры Беларусі сёння — і ці гэта цікава? Альбо там засталіся адны толькі «вайна і немцы» ды руская класіка?
— Канешне, цікава. Бо тое, што навідавоку, на паверхні — бачаць усе, як тую рускую класіку, як працяг рэпрэсій у сферы. Але важна зразумець тэндэнцыі.
Так, улетку 2025 года ў Акадэміі мастацтваў раптоўна знік тэатральны факультэт, замест яго з’явіўся факультэт кіно, тэатра і тэлебачання. А па беларускай чыноўніцкай завядзёнцы што самае важнае, тое і стаіць першым у назве — і гэта пацвярджае рыторыка тых жа чыноўнікаў.
З іншага боку, калі мы пра такія падзеі гаворым, то ідзе інфармацыйны ўплыў і на тое, што адбываецца ў Беларусі. Да прыкладу, дырэктарка Тэатра беларускай драматургіі агучвала планы, што хоча паставіць спектакль паводле Z‑дзеяча Прылепіна. І ў тым ліку розгалас за мяжой, на мой погляд, паспрыяў, што гэты спектакль на сёння яшчэ не з’явіўся.
Сярод іншых цікавостак Настасся Панкратава называе ўвагу блогераў да тэатру. І гэта не тое каб кепска. Блогеры прыцягваюць увагу публікі, тэатры гэта разумеюць і запрашаюць іх, нават дазваляюць карыстацца тэлефонамі на спектаклях. Натуральна, гаворка не пра глыбіню, а пра прыгажосць карцінкі. Аднак калі тое ідзе на карысць тэатру, і спрыяе попыту на квіткі, гэта добрая знаходка.
— Цяпер збіраюцца аўтобусы адмыслова, каб паехаць у той жа Магілёў, паглядзець выдатны спектакль Ігара Казакова, — зазначае наша суразмоўніца, — і што цешыць: арганізуе не прафсаюз, не калегі па цэху, а звычайныя гледачы аб’ядноўваюцца.
І гэта на фоне таго, што сёння ў Беларусі збольшага не ідуць нейкія творчыя пошукі, эксперыменты — уключаны рэжым выжывання, захавання. У такіх умовах любоў гледача — тое, што варта ўвагі і што натхняе.
— Калі казаць пра беларускі тэатр па-за межамі краіны — нярэдка яго ўпікалі, што зашмат рэфлексуе на тэму 2020-га, ад якой беларускаму гледачу занадта балюча, а замежнаму — ужо не надта цікава…
— Я і сама была з тых, хто казаў: немагчыма глядзець пастаянна пра адно і тое ж. Праблема не ў самой тэме, а ў тым, што спектаклі ў розных рэжысёраў атрымліваліся досыць падобнымі, факусаваліся на аднолькавых рэчах. А чалавек не можа пастаянна жыць у стрэсавай сітуацыі.
Ды зноў жа, 2026 год, у нас узнікаюць новыя праблемы, мы шукаем, як далей жыць.
Калі бачыш ад розных тэатраў пастаноўкі пра рэпрэсіі і здушэнне пратэсту, то канцэнтрацыя траўматычных успамінаў стварае фальшывую ўстаноўку, быццам беларускі тэатр нічога большага за гэта сказаць не можа. Але ж гэта не так! І самі рэжысёры гэта зразумелі, мне падаецца, таму шукаюць іншыя падыходы.
Мне вельмі падабаецца, як узняў гэтую тэму «BY Тэатр», праект Андрэя Новіка ў Польшчы. Яны зрабілі пастаноўку «Бежанцы 1915», рэтраспектыва стогадовай даўніны паказвае, што наш досвед не ўнікальны, такое ўжо было.

Спектакль «Бежанцы. 1915». Фота: з асабістастага архіва Андрэя Новіка
Летась, пры ўсёй стомленасці ад гэтай тэмы, мяне вельмі захапіў спектакль «Цесля», пастаноўшчыкі якога знайшлі новыю кропку: падзеленыя сем’і і гісторыя маленькага чалавека, які спрабуе ўпісацца ў новыя межы…
Абодва гэтыя прыклады — тое дарагое, чым нашыя тэатры могуць ганарыцца.
«Нагадваць пра тое, хто мы»
— Гэта ў бягучым часе. А калі паспрабаваць адным вокам зазірнуць у будучы: куды рухаецца беларускі тэатр? І ці не атрымаецца так, што гэтыя дзве плыні: тэатр унутры краіны і тэатр па-за межамі — разыйдуцца зусім, як паралельныя сусветы?
— Асабіста я вельмі не хачу, каб так сталася. І ў тым ліку мая кніга (Не)выкраслены: Беларускі тэатр 2015–2025 — тая нітка з іголкай, скобка, каб з’яднаць гэтыя два бакі. Тэатр і ягоныя людзі заўсёды былі агульнай суполкай. Так, мы маглі не любіць адно аднаго, раўнаваць у прафесійным сэнсе, але займаліся адзінай справай. І нам нельга разыходзіцца, трэба памятаць адно аднаго.
І калі тэатру ўнутры краіны цяпер трэба ўспамінаць ці вучыцца наноў эзопавай мове, каб размаўляць з гледачом, то тэатр за мяжой — гэта наш агульны голас, каб кантактаваць з заходнімі краінамі, з калегамі і публікай.
Каб на Захадзе памяталі, што беларусы — гэта не толькі эмігранты, якім патрэбная дапамога, але і носьбіты вельмі якаснай школы тэатральнага мастацтва, якія могуць узбагаціць тэатры іншых краін. Дапамагчы зразумець краінам, дзе мы — нас, а нам — знайсці паразуменне з імі.
Таму нашыя калектывы ў замежжы вельмі важныя. Бачу, як самі творчыя людзі пачынаюць гаварыць: будучыня — за ўваходжаннем у прафесійную супольнасць іншых краін.
Так, Уладзімір Ушакоў (былы СХТ) знаходзіцца ў Фінляндыі, дзе вучыць мову і супрацоўнічае з фінскімі рэжысёрамі, мастакамі і кампазітарамі, ужо нават уваходзіць у мясцовы творчы прафсаюз. І гэта вельмі файна: не «дапамажыце нам, гаротным беларусам», а «паглядзіце, як мы можам разам».
А адкрыццём мінулага года для мяне было, калі трапіла на тутэйшы тэатральны фестываль SIRENOS — ён міжнародны, то-бок, на ім і мясцовая публіка, і замежныя крытыкі — і ўбачыла там спектакль Ігара Шугалеева і Агнеты Лісічкінайте Clap&Slap. Гэта пастаноўка, у якой быў скарыстаны сінтэз і пластыкі, і спеваў, і размоў, распавядае пра напружанасць, што ўзнікла паміж Літвой і Беларуссю пасля 2022 года.
Дзякуючы перформерцы Лісічкінайтэ яны атрымалі фінансаванне міністэрства культуры Літвы. І гэта прыклад таго, як беларускае мастацтва можа не растварацца, а судзейнічаць з іншымі. Хоць абраная тэма вельмі складаная.
Агнета ведала беларускага актора шмат год, яна сама падчас нашых пратэстаў выходзіла з плакатамі «Спыніце гвалт!» да пасольства РБ. Але пачынаецца вайна, Беларусь выступае саўдзельніцай расіскай агрэсіі — і паўстае пытанне: адмовіцца працаваць з усімі рускамоўнымі творцамі, ці тут мусяць быць выключэнні? Хто ёй сёння Ігар Шугалееў — сябра ці вораг?..

Фота: D. Ališausko / New Baltic Dance
Я адчула цішыню, якая звінела ў залі. Бо для гэтай публікі свет раптам перастаў быць чорна-белым, а стаў значна больш складаным.
І будучыня беларускага тэатру, на мой погляд, менавіта ў гэтым — нагадваць пра тое, хто мы.
Ведаю, кажуць пра Мікіту Ільінчыка, які ставіць спектаклі ў Польшчы: ён працуе з тамтэйшымі акцёрамі, у польскіх тэатрах, з п’есамі не наўпрост пра Беларусь — ці можна яго лічыць беларускім рэжысёрам? А чаму не?
Бо нават тое, што ён скажа ў інтэрв’ю, я — беларус, падкрэсліць нашую самасць, каштоўнасць. І тое, што мы можам даць іншым культурам даць нейкую разынку, якая дапаможа ім зрабіць сваё мастацтва больш аб’ёмным.
«Не трэба засяроджвацца толькі на болю, якога шмат»
— Калі ўжо зачапіліся за канкрэтныя імёны — у якасці парады беларускім (і не толькі) гледачам у заходніх краінах, за якімі «сваімі» тэатральнымі праектамі варта сачыць?
— Ох, складанае пытанне. На мой погляд, трэба ў прынцыпе не забывацца, што беларускі тэатр — жыве, што ў нас ёсць класныя калектывы. Трэба абнаўляць афішу.
Гэта ў Беларусі можна сабраць прэс-канферэнцыю ў жніўні і распавесці: мы плануем на гэты сезон тое і гэта.
За мяжой беларусы жывуць у праектным тэатры, і з’яўленне спектакляў залежыць ад таго, ці змогуць яны знайсці фінансаванне. Таму некаторыя з іх узнікаюць даволі нечакана, мы не чуем пра іх загадзя.
Мы ўжо казалі пра Мікіту Ільінчыка: тое, што ён ставіць, цікава, гэта погляд сучаснага рэжысёра, як па-новаму паказаць старыя праблемы. У оперным свеце варта сачыць і за Вольгай Паляковай, і за Іллём Сільчуковым, за іншымі творцамі, якія прыходзяць у сферу тэатру. Уладзімір Шчэрбань у Лондане, Мікалай Халезін, які заўсёды нешта прыдумляе і выдае новае.
У Ізраілю — Дом Чорнай савы Ганны Хітрык, якая не патанула ў праблемах міграцыі, здароўя і шмат чаго яшчэ, а вярнулася да «каранёў» (яна лялечніца паводле дыплому) і робіць сіламі сваёй творчай сям’і тое, што любіць і ўмее. Прычым робіць класна, без аніякіх зніжак на эмігранцкі бэкграўнд. Па відэа я бачу, што гэта прафесійная праца, і яны пачынаюць удзельнічаць у фестывалях.
А тэатр, які знаходзіцца ў Таронта! Акцёр сталічнага Тэатра Лялек Вячаслаў Ясаў, які з’ехаў з Беларусі ў 2008 годзе, расказваў, што тады на трохмільённы горад не было ніводнага тэатра лялек. А прыехалі беларусы — і стварылі паўнавартасную лялечную прастору. Тэатр, які збірае залі, стварыў некалькі дзясяткаў спектакляў для розных узростаў, і летась намінаваўся на тэатральную прэмію Канады.
Гэта толькі невялікая частка тых, за кім варта сачыць і пра каго мы павінны ведаць — імёнаў нашмат больш, безумоўна. І яны вельмі натхняюць. Я перакананая, што нам не трэба засяроджвацца толькі на болю, якога шмат — але трэба глядзець у будучыню і што мы можам для яе зрабіць.
— Але ж гэтыя планы не адмяняюць бягучага стану няпэўнасці і няведання, ці вернецца кожны з нас на радзіму і калі. Калі б дзесяць год таму сказалі, што давядзецца быць тэатральным крытыкам у часы крызісаў і войнаў, калі свету не да культуры — не ўзнікла б жадання, умоўна, сказаць: ну вас усіх, пайду лепш у ІТ?
— Ну ў прафесіі-то я нашмат болей за дзесяць год, — усміхаецца Настасся, — і мушу раскрыць сакрэт Палішынэля: ніводны беларускі крытык не зарабляе грошы сваёй прафесіяй. Гэта пачалося яшчэ да ўсіх нашых эміграцый, таму што культура ў Беларусі ўвогуле ацэньваецца вельмі нізка.
Аднойчы, помню, прыйшло мне запрашэнне на тэатральны фестываль у Баку. Пражыванне там забяспечвалі арганізатары, але дабірацца трэба было самастойна. Ну, і я мусіла адказаць, што мой заробак у дзяржгазеце — 198 долараў, а квіток на самалёт каштуе больш.
Асабіста мяне выручае прафесія журналіста, таму я зарабляю ёй. Многія калегі працуюць хто журналістам, хто выкладчыкам ва ўніверсітэце, хто стварае кантэнт на замову. Таму што тэатральныя крытыкі таксама людзі, якім таксама трэба выхоўваць дзяцей. Як, уласна, і беларускія акцёры і іншыя людзі тэатру ў эміграцыі: мы ведаем, што яны і на будоўлі, і ў таксоўках, і дзе толькі могуць.
Пайсці ў ІТ многія былі б не супраць — але дзеля таго, каб зарабіць грошай і ўкласці іх у сваю прафесію. Мяне цешыць, калі магу даць нейкія карысныя падказкі, заўвагі (крытык — гэта ж не заўсёды пра негатыў), куды лепш развівацца.
Гэта як у Netflix ёсць фокус-група, якая адсочвае рэйтынгі і бачыць тэндэнцыі, так тэатральныя крытыкі — тыя, хто дапамагае творцам разумець, куды рухацца, а публіцы — улюбіцца ў тэатр, успрымаць яго не толькі як баўленне часу, а як псіхолага, люстэрка, суразмоўцу і аднадумца ў адным флаконе. Дзеля гэтага я і застаюся ў прафесіі, якая часта бывае няўдзячнай, але, на мой погляд, застаецца вельмі патрэбнай.
@bajmedia