«Настоящее время. Беларусь» спыняе сваё існаванне
У беларускай рэдакцыі «Настоящего времени. Беларусь» БАЖу пацвердзілі, што ў паловы супрацоўнікаў апошні працоўны дзень сёння, 14 лістапада 2025.

Другая палова супрацоўнікаў будзе звольненая бліжэйшым часам.
БАЖ звярнуўся да генеральнага дырэктара тэлеканала «Настоящее Время» Паўла Буторына па каментар. Прыводзім ягоны адказ наконт прычын закрыцця рэдакцыі:
— Мы пастаянна ацэньваем нашыя праекты і карэктуем іх з улікам прыярытэтаў, якія мяняюцца, і развіцця падзеяў. Закрыццё беларускай рэдакцыі «Настоящего времени» адбылося на фоне правядзення РСЕ/РС крытычна важных рэформаў па аптымізацыі рэсурсаў. Мы неверагодна ганарымся матэрыяламі, падрыхтаванымі рэдакцыяй, — яны ўражваюць.
Пытанне пра далейшы лёс калектыва беларускай рэдакцыі «Настоящего времени» засталося без адказу.
Тэлеканал «Настоящее Время» створаны Радыё Свабода/Радыё Свабодная Еўропа (RFE/RL) пры ўдзеле «Голаса Амерыкі». Фінансаваўся з грантаў Кангрэса ЗША праз Агенцтва па глабальных медыях (USAGM).
Current Time Belarus — частка тэлеканала «Настоящее Время», які ў 2023 годзе адмыслова ствараўся для рускамоўнай аўдыторыі з Беларусі. Як тады расказваў у інтэрв’ю БАЖ дырэктар тэлеканала Павел Буторын, перад праектам ставілася задача паведамляць беларусам цікавую і карысную інфармацыю без цэнзуры і абмежаванняў, а таксама распавядаць пра актуальныя праблемы, перш за ўсё ўнутры краіны, але таксама і за яе межамі.
14 сакавіка прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, накіраваны на скарачэнне сямі федэральных агенцтваў, у тым ліку Агенцтва ЗША па глабальных медыях (USAGM), якое курыравала Радыё Свабода/Радыё Свабодная Еўропа (RFE/RL) і іншыя дзяржаўныя мэдыярэсурсы.
Дональд Трамп сваім указам спыніў дзеянне гранта, якім фінансавалася дзейнасць «Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода».
У сярэдзіне красавіка 2025 года ўсе супрацоўнікі беларускай рэдакцыі праекта ўжо сыходзілі ў адміністрацыйны адпачынак праз фінансавыя складанасці. Пазней беларуская рэдакцыя аднавіла сваю парцу, але, як аказалася, ненадоўна.
@bajmedia