• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Неадзначаны юбілей. «Чалавек-мова» Юрась Бушлякоў

    Мовазнаўца, журналіст, перакладчык Юрась Бушлякоў 29 траўня мог бы адзначыць 50-гадовы юбілей. Замест гэтага родныя, сябры, паплечнікі згадваюць іншую жалобную дату — 10 гадоў з моманту яго смерці. 

    Юрася Бушлякова не стала 4 чэрвеня 2013-га, неўзабаве пасля каляндарнага 40-годдзя — арганізм не вытрымаў працяглага змагання з анкалагічным захворваннем. І хоць ад таго часу мінула ўжо цэлае дзесяцігоддзе, пра надзвычай інтэлігентнага, годнага, прыязнага чалавека па-ранейшаму хочацца гаварыць у цяперашнім часе.  

    У апошнім эфіры агучыў ліст Каліноўскага з‑пад шыбеніцы    

    Спектр прафесійных інтарэсаў Юрася Бушлякова быў надвычай шырокі — мовазнаўца, педагог, журналіст, перакладчык. І ўсюды з пазнакай найвышэйшай якасці — ад школьнага залатога медаля ды чырвонага дыплома філфака да бездакорнай абароны звання кандыдата навук пасля аспірантуры. Што самае дзіўнае, да 10-га класа роднай мовы ён не вывучаў — як і многія сталічныя дзеці, быў вызвалены ад лішняй «нагрузкі». Але ўрэшце стаў яе адданым «апекуном». 

    Юрась Бушлякоў не абмяжоўваўся вузкай спецыялізацыяй, а за свой кароткі век паспеў паспрабаваць сябе ў самых розных сферах. Выкладаў на кафедры сучаснай беларускай мовы Белдзяржуніверсітэта, у Беларускім гуманітарным ліцэі, Карлавым універсітэце ў Чэхіі.  Адначасова займаўся журналістыкай, ад 1997-га сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    Працаваў у рэдакцыях тэлекампаніі «ФІТ», «Радыё 101,2», тыднёвіка «Наша Ніва», беларускай рэдакцыі Польскага радыё, «Радыё Рацыя». Усюды хутка «абрастаў» сябрамі і аднадумцамі, маючы ўнікальную здольнасць прыцягваць добрым, спагадлівым характарам.

    Што не ўдалося закрыць тэматычна — дык гэта вялікі спорт. Юрась Бушлякоў быў сапраўднай перасоўнай энцыклапедыяй, акумулюючы веды ў самых разнастайных дысцыплінах. Дзесьці перапала з генамі — бацька быў уганараваным «змагаром-вольнікам» у складзе каманды ўзброеных сіл. Але і сам ён з дзяцінства цягаў «жалеза», падкачыўшыся да ідэальных формаў. Ну а спадарожна заслупаваў інтарэсы ў футболе, хакеі, баскетболе, біятлоне.

    Перад выпускам са школы нават разглядаў магчымасць вывучыцца на «спартыўнага тэарэтыка». Аднак урэшце перамагла гуманітарная сфера — якраз грамадства перажывала бурны ўздым нацыянальнага адраджэння.      

    Фінальным месцам ягонай працоўнай прыпіскі было «Радыё Свабода» — спачатку вёў аўтарскую перадачу «Жывая мова», а пасля па сталым кантракце перабраўся ў Прагу. Сімвалічны і апошні прыжыццёвы выхад Юрася Бушлякова ў эфір — гэта агучванне знакамітага ліста Кастуся Каліноўскага з‑пад шыбеніцы.  

    У моўных спрэчках нязменна выяўляў алмазную цвёрдасць

    Колішні дырэктар беларускай службы «Радыё Свабода» Аляксандр Лукашук якраз рыхтуе мемуары «Перад Свабодай», дзе сваё пачэснае месца мае і Юрась Бушлякоў. «Чалавек-мова» — так яго лаканічна называе аўтар, дазволіўшы Беларускай асацыяцыі журналістаў скарыстацца ўрыўкам яшчэ нявыдадзенай кнігі.   

    «Яго помнік на могілках у Менску зроблены ў выглядзе вокладкі кнігі «Бібліятэкі Свабоды», якую ён даводзіў апошнія месяцы свайго жыцця  паміж аперацыямі, хіміятэрапіяй і радыяцыяй. Кніга «Жывая мова» паводле любімай слухачамі перадачы выйшла праз месяц пасля смерці, і маці Юрася папрасіла скульптара паўтарыць яе ў помніку… Самы мяккі, далікатны, ветлівы журналіст з усіх, з якімі я працаваў, ён тым не менш рэгулярна даводзіў да сардэчнага прыпадку прадзюсараў, тэхнікаў і калег у радыёстудыі, куды няспешна заяўляўся за паўсекунды да эфіру. Спакойны, ураўнаважаны, флегматычны», — піша колішні бос Юрася Бушлякова.

    Аляксандр Лукашук з іроніяй адзначае, што народны паэт, прызнаны «эпіграматыст» Рыгор Барадулін раўніва ставіўся да гараджан-граматыкаў новай генерацыі, прысвяціўшы «моўнаму рэформатару» такія радкі:

    Капрызная беларуская мова!

    І як яе выправіць ні стараецца,

    Ня хоча слухацца Бушлякова —

    Упіраецца…

    «Але яго алмазная цвёрдасць у моўных спрэчках магла раптам ператварыцца ў спагадлівы пошук выйсця з нявыкруткі, — працягвае Аляксандр Лукашук. — Наша апошняя размова, калі ён яшчэ змог прыйсці на працу, адбылася за пару месяцаў да смерці. У мяне выходзіла кніжка, якую я назваў трохі па-афрыканску «Зкімбы-Зымбы», маючы на ўвазе з кім бы хацеў апынуцца на бязлюднай выспе. Спытаўся Юрася, ці правільна напісаны мой наватвор. Той задумаўся, маўляў, трэба праз апостраф, «з’імбы». Я прызнаўся, што кніга ў друкарні. «Спыніце», — як пра нешта само сабой зразумелае. «Позна», — сказаў я. Тады Юрась: «Ці загаловак на вокладцы набраны друкаванымі літарамі?» Я пацвердзіў. «Тады нічога. Можна падумаць, што гэта тарашкевіца, праз мяккі знак: з, ь, і». Упарты, як мова. І такі ж гнуткі…»  

    Кола навуковых інтарэсаў Юрася Бушлякова ахоплівала шырокі спектр —  ад феномена моўнага пурызму да пытанняў нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы, яе стылістыкі і культуры. Але не толькі, таксама з вялікай ахвотай займаўся перакладамі. Дзякуючы яму выйшлі па-беларуску паасобныя творы Чэслава Мілаша, Эдгара По, Вітальда Гамбровіча, Збігнева Герберта, Яраслава Сейферта ды іншых сусветных класікаў. 

    Агульная эрудыцыя спалучалася з уменнем працаваць у камандзе

    Прозвішча Юрася Бушлякова значыцца ў адным шэрагу з многімі аўтарытэтнымі калегамі, у прыватнасці, ён адзін з суаўтараў кнігі «Беларускі клясычны правапіс» разам з Вінцуком Вячоркам, Змітром Саўкам і Змітром Саньком. А пасля смерці пабачыла свет аўтарская праца пад назвай «Жывая мова», якую ён перад тым сістэмна адточваў на хвалях «Радыё Свабода». 

    Як кажа філолаг Вінцук Вячорка, асабіста для яго Юрась Бушлякоў увасабляе новае, адкрытае, абсалютна несавецкае пакаленне беларускіх мовазнаўцаў. Бо мець прызнаны лінгвістычны талент і шчыра любіць беларускую мову — не такое частае спалучэнне.

    «Юрась скарыстаў непрацяглае «вакно магчымасцяў» і ўпершыню ў Беларусі абараніў дысэртацыю пра беларускі моўны пурызм — тэорыю і практыку мабілізацыі ўласных моўных рэсурсаў. Дакладней, пра аднаго з найярчэйшых нашых пурыстаў, ініцыятара вяртання ў мову слова «спадар» Янку Станкевіча, укладаў ягоныя зборы твораў. Фактычна вярнуў у поле зроку «афіцыйнага» мовазнаўства стратэгічна важную для разумення лёсу беларускай мовы ў ХХ стагоддзі праблему — без ранейшых ідэалягічных шораў. Аднак у сваёй моўнай практыцы заўсёды быў вытрыманы, аб’ектыўны, зважаў на рэальны моўны стан».

    На перакананне Вінцука Вячоркі, ягоны малады паплечнік цалкам мог зрэалізавацца як сапраўдны лідар новай плыні беларускага мовазнаўства, калі б не падступны лёс. 

    «Мне пашчасціла працаваць з Юрасём некалькі гадоў у валанцёрскай лабараторыі сучаснай кадыфікацыі беларускага класічнага правапісу. Разам з ім, Змітром Саўкам (на жаль, таксама пакінуў нас) і Змітром Саньком уклалі мадэрнізаваныя нормы несавецкай беларускай правапіснай традыцыі, зважаючы на сучасную практыку. Юрась дасканала ведаў гэтую традыцыю, яго агульная і лінгвістычная эрудыцыя, моўная памяць, адчуванне нормы і мяжы магчымых зменаў (ён імпэт і мой, і іншых нярэдка рацыянальна стрымліваў), а яшчэ ўменне працаваць у камандзе — рысы абсалютна канечныя для такой працы».

    Заслугі Юрася Бушлякова як педагога і «моўнага» журналіста сувымерныя з навукова-тэарэтычнымі здзяйсненнямі, — канстатуе Вінцук Вячорка, дадаючы, што, напрыклад, для яго кніга «Жывая мова» стала «настольнай».

    А яшчэ часцяком звяртаецца да аўдыягутарак на сайце «Радыё Свабода», дзе па-ранейшаму гучыць непаўторны, інтэлігентны і таму пераканаўчы голас.  

    «Мяккі стыль ягоных парадаў цалкам пазбаўлены катэгарычнасці. Ён паказвае чытачу/слухачу перадгісторыю праблемы моўнага выбару, якую кожны раз вычарпальна даследуе, а тады проста раіць: грэцкі, а ня «грэчаскі». Хоць апошняе слова ўпарта ўводзяць акадэмічныя слоўнікі, яно цалкам выбіваецца з беларускіх прыметнікавых мадэляў, — упэўнена і карэктна заўважае Юрась. І, маючы шырокі лінгвістычны, беларусазнаўчы, культурны кругагляд — падказвае чытачу: хутчэй за ўсё моўныя працэсы сярод некалькіх варыянтаў выведуць у лідэры вось гэтае слова (форму, выраз). І ўявіце — прагнозы спраўджваюцца! Прыкладам, «звяз» упэўнена пашырае сваю нішу коштам пазычанага і ідэалягізаванага «саюзу». Зрэшты, калі на моўную практыку паўплывала рэкамэндацыя Бушлякова, дык выдатна, што маем такія сучасныя моўныя аўтарытэты», — падсумоўвае мовазнаўца Вінцук Вячорка.

    29 траўня 2013-га Юрасю Бушлякову споўнілася 40 гадоў. Без аніякай падставы да радасці ад круглай лічбы, бо сумны фінал быў толькі справай часу — меней чым праз тыдзень яго не стала. 

    Хвароба прыйшла нечакана — сапраўды, хто чакае медыцынскага прысуду ў 30 з невялікім? Тым не менш, лекары канстатавалі рак скуры. Аднойчы хваробу нібыта адолеў, але аказалася, што толькі адтэрмінаваў рэцыдыў. Лекаванне ў найлепшых спецыялізаваных клініках плёну не дало, адзінае, на 4 гады адклала развітанне з гэтым светам. Перад самай смерцю вярнуўся да маці ў Мінск. У яе на руках і адышоў…

    У Юрася Бушлякова застаўся сын Ян Міхал, цяпер яму 12 гадоў. Хто ведае, можа носьбіт унікальных генаў некалі працягне мовазнаўчую справу, якую не паспеў дарабіць бацька… 

    Чытайце яшчэ:

    Маці журналіста Дзмітрыя Завадскага памерла, так і не даведаўшыся праўды пра зніклага сына

    «Государство защищает не человека, а себя». Об исторической памяти и законодательной рамке

    На шыі і руках — шнары. Больш за 3 месяцы няма лістоў ад палітзьняволенага журналіста Свабоды Ігара Лосіка

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці