«Ніва»: 70 гадоў разам з беларусамі Беласточчыны
«Хочам штодзённа быць з Вамі, супольна перамагаць усялякія цяжкасці ў жыцці і працы, а таксама разам з Вамі цешыцца з дасягнутых поспехаў…», — такімі словамі вітала рэдакцыя чытачоў першага нумара тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва». Адбылося гэта 4 сакавіка 1956 года. БАЖ гутарыць з нагоды 70-годдзя з былымі і дзейнымі сябрамі беластоцкага калектыву газеты.

«Ніва». Фота з архіва Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку
«Наша газета, якая пісала пра нашыя справы»
Журналіст, рэжысёр дакументальных фільмаў, адзін з заснавальнікаў фэсту «Басовішча» Мікола Ваўранюк працаваў у штаце «Нівы» ў 90‑х.
«Але фактычна «Ніва» са мной, як і з іншымі беларусамі Беласточчыны, — з дзяцінства, — кажа Мікола.
— У школьныя гады нейкія вершы публікаваў. Потым у другой палове 80‑х там з’явілася «Студэнцкая старонка» — пачаў там публікавацца і рэдагаваць. Яна была ўвесь час неяк побач, беларусы Беласточчыны прывыклі час звяраць з календаром «Нівы» — нават у літаральным сэнсе, там жа пазначаныя ўсе святы: каталіцкія, праваслаўныя, дзяржаўныя і ўсе важныя даты ўвогуле.
«Ніва» была сапраўды такой, можна сказаць, народнай газетай. Шмат карэспандэнтаў па розных мясцовасцях было. Фактычна, гэта быў час, калі ў Беластоку выходзілі дзве газеты — адна штодзённая «Gazeta Białostocka» і тыднёвік «Ніва».

Мікола Ваўранюк. Фота: Tomasz Pienicki
Паводле Міколы Ваўранюка, газета была важнай для мясцовага беларуса: «Тэлевізія была далёка, у Варшаве, яна была не мясцовай. Было яшчэ «Радыё Беласток», у якім таксама былі раз на тыдзень беларускія праграмы. Але памятаю, як людзі гаварылі, што ў нашай газеце хтосьці штосьці напісаў пра іх, пра знаёмых — і гэта было важна».
Журналіст называе яе «проста нашай газетай без такіх высокіх слоў, без высокага нейкага патрыятызму, прынамсі, мне так бачыцца».
«Яна была нашай газетай, якая пісала пра нашыя справы і пра падзеі, якія адбываліся вакол нас.
Пісала па-беларуску, бо чытачы гаварылі па-беларуску і школы беларускія былі тады. Яна была проста наша беларуская — без нейкага там пафасу, высокіх слоў, яна была народная, можна так сказаць.

Першы нумар «Нівы». Фота: «Радыё Рацыя»
А потым ужо калі чалавек стаў падрастаць, пачынаў набірацца і свядомасці нейкай, і чытаў літаратуру, то інакш глядзеў ужо на тое. Але і свет тады ўжо памяняўся зусім, СМІ з’явіліся розныя, і роля друкаванага слова ўжо не такая зусім стала.
А тады яна была проста, як мне падаецца з сённяшняга пункту гледжання, пастаянным элементам жыцця беларусаў Беласточчыны. Нават калі ты яе рэгулярна не чытаў, яна прысутнічала — там часта пісалі пра кагосьці с твайго наваколля. І ўсе пра гэта напісанае ведалі: ці абураліся, ці радаваліся, але абыякавымі не заставаліся людзі».
Мікола Ваўранюк кажа, што праблемы беларускага грамадства не абмінулі і газеты. «Нядаўна я для нашага часопіса «Беларускі настаўнік», які выходзіць два разы на год, браў інтэрв’ю ў рэдактаркі дадатку для дзяцей «Зоркі» Ганны Кандрацюк, якая пачала працаваць у «Ніве» ў 90‑х. Яна кажа, што дзеці сёння не ведаюць «Ніву». Безумоўна, ужыванне беларускай мовы на Беласточчыне значна звузілася. У новай беларускай дыяспары, дарэчы, таксама яно не шырокае. Самі ведаеце, як гэта сітуацыя выглядае», — заўважае журналіст.
І дадае: «Мне «Ніва» застаецца дарагой проста, там я пабачыў сваё прозвішча першы раз надрукаваным, ну і некалькі, мяркую, нават цікавых тэкстаў там апублікаваў. Для мяне яна заўсёды была больш, чым проста газета. І да сёння застаецца».
«Каго цікавілі праблемы свайго беларускага асяроддзя, той браў «Ніву»
Яўген Мірановіч, беларускі і польскі гісторык, рэдактар «Нівы» ў 90‑х, кажа пра неверагодны ўздым газеты на самым пачатку яе існавання:
«У 50‑х гадах большасць беларускіх вёсак, мястэчак тут гаварыла па-беларуску, і навучанне вялося на беларускай мове ў школах. Не было праблем з веданнем мовы. Фактычна, каго цікавілі праблемы свайго беларускага асяроддзя, той браў «Ніву». Тады газета паказвала наклад у 8 000 экзэмпляраў».

Яўген Мірановіч. Фота: «Польскае радыё для замежжа»
Да таго ж, паводле Мірановіча, сістэма дзяржаўнага распаўсюду прадугледжвала падпіску, «на вёсцы сяляне, якія прадавалі малако, скажам, абавязаныя былі выпісаць альбо «Rolnik Polski», альбо сваю «Ніву».
Безумоўна, у сацыялістычнай Польшчы была цэнзура, «але пры тым у гадах 56–59‑м фактычна не было ніякіх абмежаванняў, каб на старонках «Нівы» паказваць не толькі гісторыю беластоцкіх беларусаў, але таксама і гісторыю ўвогуле Беларусі. Гэта быў сапраўды такі зорны час для «Нівы» і яе чытачоў».
У 60‑х гадах змянілася нацыянальная палітыка ў ПНР: «Калі ў 50‑х улады казалі пра тое, што партыя можа зрабіць для меншасцяў, то ўжо ў 60‑я гады запытвалася пра тое, што меншасці могуць зрабіць для партыі. І ўжо пільнавалася, каб «Ніва» была органам, які на беларускай мове прадстаўляе партыйную праграму, заахвочвае і расказвае казкі пра гісторыю, пра грамадства, характэрныя для той ідэалогіі».

Выстава ў гонар юбілею «Нівы». Фота «Радыё Рацыя»
На пачатку 70‑х гадоў нацыянальная палітыка змянілася яшчэ на больш горшую:
«Была прапанова друкаваць «Ніву» на польскай мове, беларускім аўтарам газеты нават закідаліся абвінавачанні ў праявах нацыяналізму.
Хтось там быў напісаў верш пад загалоўкам «Беларускія кветкі», то цэнзары дачапіліся да гэтай назвы — маўляў, што тут за кветкі такія беларускія ў нас? Аўтар жа пісаў пра беларускіх паэтаў і пісьменнікаў як пра нашыя кветкі. Даволі бурлівая тады была гісторыя «Нівы».
«У 80‑х інтэлігенцыя спрабавала арганізаваць нешта альтэрнатыўнае»
З’яўленне новай беларускай інтэлігенцыі ў Польшчы прыпала на час ваеннага становішча.
«На першы погляд, нічога такога не адбывалася заўважнага, але ж тады ў грамадстве маладая інтэлігенцыя спрабавала арганізаваць нешта альтэрнатыўнае. Маладая інтэлігенцыя ўжо ў першай палове 80‑х гадоў атрымала магчымасць мець сваю старонку ў «Ніве». Там друкаваліся і артыкулы, і проза, і паэзія, якія выразна разыходзіліся з лініяй партыі.
Але ж ужо ў сярэдзіне 80‑х, я б сказаў, у Польшчы фактычна артадоксія камуністычная не існавала. Можна было на вуліцах купіць кніжкі, якія раней ніколі ты пабачыць не мог, ды і гэта б раней было проста небяспечна. У другой жа палове 80‑х у Варшаве ты мог набыць літаратуру самых разнастайных поглядаў.
І ў той час маглі ўжо і ў «Ніве» публікаваць, не аглядаючыся на вока партыі».

Выстава ў гонар юбілею «Нівы». Фота «Радыё Рацыя»
Адначасова сталі відавочнымі іншыя змены: «У 60–70‑х гадах было пастаяннае перамяшчэнне людзей з вёсак у гарады.
Маладыя людзі пакідалі вёску, асноўным жа чытачом «Нівы» заставаліся тыя, хто на вёсках. Дарэчы, у 70‑х гадах фактычна было скончанае навучанне на беларускай мове. Беларуская мова стала толькі прадметам, як цяпер ёсць англійская ці нямецкая мовы, а не мовай навучальнага працэсу. Вывучэнне беларускай мовы маладым пакаленнем сышло да нуля фактычна. На пачатку 70‑х гадоў было каля 15 000 вучняў беларускіх школ, зараз крыху больш за тысячу.
Паўнавартаснага нацыянальнага выхавання ў той час не стала. І ў сувязі з гэтым абмежаваннем грамадскай базы наклад «Нівы» ў 80‑х паменшыўся катастрафічна — з 8 000 да 3 000 асобнікаў. Маладыя людзі не вучыліся гэтай мове, Беласток забраў усіх з вёсак. Фальклорныя гурткі не будуюць нацыянальную свядомасць, штось другое будуе».
Пры гэтым новая, хай і не такая вялікая, грамада менавіта беларускіх дзеячаў, студэнтаў, шукала адпаведны змест у «Ніве», які б зацікавіў іх.
«Беларускія студэнты тады актыўна гуртаваліся, арганізоўвалі рэйды па Беласточчыне, шукалі сляды гісторыі, ладзілі сустрэчы і імпрэзы, арганізаваныя пад назвай Беларускі народны ўніверсітэт. Людзі прыязджалі з Любліна, з Варшавы, з Гданьска, з Кракава — толькі, каб пабыць у пятніцу ўвечары са сваімі, пагаварыць пра гісторыю, пра літаратуру і так далей.
Яны былі пастаяннымі чытачамі «Нівы» і самі прапаноўвалі публікацыі. Але таксама побач з «Нівай» яшчэ быў вялікі рух, я б сказаў, прапаганды нацыянальнай, нічым і нікім некантраляваны, самвыдатаўская прадукцыя — часопіс «Кантакт», беларускія брашуры, лістоўкі і г. д. Фактычна, падпольны самвыдат, хаця на той час ужо наступстваў не было сур’ёзных. Гэта быў рух па-за межамі кантролю», — распавёў Яўген Мірановіч.

Выстава ў гонар юбілею «Нівы». Фота «Радыё Рацыя»
Час вялікага пералому ў Польшчы — 1989‑ы — даў свабоду прэсы, але закрануў фінансава:
«Дзяржаўная датацыя была на закуп абсталявання, але ўжо не на штат Беларускага грамадскага культурнага таварыства, якое выдавала «Ніву». Беларускія арганізацыі з’яўляліся і знікалі, грошай не ставала.
Памятаю, як толькі стаў рэдактарам тыднёвіка, то пабачыў стан фінансаў «Нівы»: за друк было не аплачана за восем месяцаў, за памяшканне — за цэлы год. Цяжкі, вельмі цяжкі час. Можна ўжо было пісаць, што заўгодна, але новыя ўмовы жыцця краіны сталі выклікам.
У нас з’явіўся першы ноўтбук — Ян Максімюк вярнуўся з Амерыкі з падарункам. Гэты лэптоп псаваўся праз два дні, бо пісалі на ім дзень і ноч. Сябры з польскай газеты дазвалялі папрацаваць гадзіну-другую на іхніх друкарках. Такі быў пачатак 90‑х. Мы былі вельмі ашчаднымі гаспадарамі «Нівы» — галоўны рэдактар меў палову мінімальнага месячнага польскага заробку. Можаце сабе ўявіць, як людзі працавалі. Але паціху сітуацыя выпраўлялася».
«Свая цаглінка ў пабудову беларускай справы»
Цяперашні рэдактар «Нівы» Яўген Вапа якраз з той маладой інтэлігенцыі 80‑х, пра якую вышэй сказаў Яўген Мірановіч. Вапа — выпускнік беларускага ліцэя ў Гайнаўцы, вывучаў гісторыю ў Варшаўскім універсітэце. Быў адным з заснавальнікаў Рады культуры студэнтаў нацыянальных меншасцяў. З канца 80‑х гадоў узначальваў Беларускае аб’яднанне студэнтаў. З 1995 года — Беларускі саюз у Польшчы. Акрамя «Нівы», яшчэ кіруе «Радыё Рацыя».

Яўген Вапа. Фота «Радыё Рацыя»
«Калі глядзець з перспектывы часу, то 70 гадоў жыцця для друкаванага беларускага слова ў выглядзе тыднёвіка — гэта проста неверагодная лічба. Бо мы ж добра ведаем, з якімі праблемамі што да беларускай справы мы маем і мелі дачыненне», — кажа Яўген Вапа.
Паводле журналіста, ролю «Нівы» трэба разглядаць заўсёды ў кантэксце агульнабеларускім, кантэксце беларускай культуры, літаратуры, журналістыкі:
«Бо «Ніва», калі ўзнікла ў 1956 годзе, вельмі хутка сталася месцам, дзе друкаваліся аўтары і з Беласточчыны, і з Беларусі. Друкаваліся будучыя класікі беларускай літаратуры і друкаваліся аўтары, якія апынуліся на Захадзе ў час паваеннай эміграцыі. Невыпадкова, што пра «Ніву» так гаварылі: яна, як царква, дзверы яе адкрытыя для ўсіх».

Выстава ў гонар юбілею «Нівы». Фота «Радыё Рацыя»
Да таго ж, «Ніва» несла і адукацыйную місію — «на пачатку справы выданне мела дачыненне да грамадскасці сялянскага кшталту».
«Разам з тым, былі аўтары і чытачы, якія ўцяклі ад савецкага камунізму.
Застаўшыся ў Польшчы і яны дакладалі сваю цаглінку ў пабудову беларускай справы, бо добра ведалі, што без беларускага слова, без беларускай школы, без асветы, без гаварэння штодзённа па-беларуску і пісання па-беларуску, нічога не будзе.
Іхнія перасцярогі наконт пагрозы растварыцца ў моры польскасці альбо ў моры расейскасці мы, на жаль, часта забываем. А пагроза гэтая нікуды не знікла. Цяпер жа паўтараецца тая самая паваенная сітуацыя. У «Ніве» друкуюцца беларусы Беласточчыны і беларусы, якія былі змушаныя з’ехаць з Беларусі. Раней некаторыя з іх былі нашымі карэспандэнтамі ў Беларусі».
Літаратурны ўнёсак
Яшчэ адной важнай справай «Нівы» Яўген Вапа называе дакументаванне гісторыі беларусаў Беласточчыны з нашага пункту гледжання:
«Спачатку матэрыялы такога кшталту друкаваліся на старонках «Нівы», а потым гэта перайшло ў кніжныя выданні.
У «Ніве» напісаныя кнігі, якіх не зрабілі гістарычныя інстытуты ні ў Беларусі, ні ў Польшчы, — пра бежанства падчас Першай сусветнай, пра міжваенны перыяд, пра час вайны і акупацыі, пра пасляваенны перыяд. У 2025‑м гэта гістарычная серыя дапоўненая выданнем пра людзей з Беларусі, якія былі рэпатрыяваныя ці выгнаныя з Беласточчыны ў Беларусь пасля вайны».

Выстава ў гонар юбілею «Нівы». Фота «Радыё Рацыя»
«Нельга абысці і літаратурнае аб’яднанне «Белавежа». Гэта ж аграмадны ўнёсак, паэтаў, празаікаў Беласточчыны ў агульнабеларускую культуру і агульнапольскую культуру. І тут ёсць людзі, якія і па сёння звязаныя з «Нівай», — Ганна Кандрацюк, Міхал Андрасюк, Андрэй Сцепанюк, Міра Лукша. Чатыры асобы, якіх ведаюць у агульнабеларускай культуры. Хіба ж няма чым ганарыцца?!» — зазначае Яўген Вапа.
«Калі няма апірышча ў духоўнай Бацькаўшыне, то меншасць хутчэй памірае»
Галоўнага рэдактара «Нівы» турбуюць асіміляцыйныя працэсы, якія пагражаюць беларускай меншасці:
«Калі няма апірышча ў духоўнай Бацькаўшыне, то меншасць хутчэй памірае. Гэта простая справа. Хачу сказаць чытачам і сябрам-журналістам: зразумейце, што значыць выдаваць 70 гадоў па-беларуску і з беларускага пункту гледжання тыднёвік у Польшчы. Калі мы хочам называцца беларускай прэсай, то яна павінна быць беларускай.
Сёння я гляджу на некаторыя выданні ў выгнанні, якія называюць сябе беларускімі, але ж яны пішуць па-расійску».

Выстава ў гонар юбілею «Нівы». Фота «Радыё Рацыя»
«Калі дзеці не будуць чытаць і гаварыць па-беларуску, то справа нашая можа праіснаваць нейкія лічаныя гады. Не будзе каму чытаць напісанае па-беларуску. І тады дарога — ці ў «рускі свет», ці станавіцца стоадсоткавымі палякамі ў першым пакаленні», — зазначае журналіст.
Яўген Вапа мяркуе, што ёсць магчымасць і яднання з новай беларускай эміграцыяй:
«І «Ніва» можа быць такім яднальным элементам паміж меншасцю і дыяспарай, як і іншыя ініцыятывы, якія робяцца ў Беластоку. Наш горад, на шчасце, ёсць добрым прыкладам адсутнасці разладу паміж меншасцю і дыяспарай, стараемся неяк усё разам ладзіць.
Як прыклад — супольнае святкаванне 25 сакавіка, пэўных культурных падзей. Тым больш, што іх зараз у Беластоку столькі! Толькі хадзі і наведвай».
Яўген Вапа кажа, што «Ніва» плануе рэфармавацца, але гэта патрабуе сродкаў: «Трэба сказаць яшчэ і пра адмоўны дэмаграфічны працэс на Беласточчыне. Традыцыйная Беласточчына адмірае, гэты пераход патрабуе зусім іншых форм журналістыкі.
Мы ведаем, як мяняць і развіваць «Ніву», але на гэта ў нас вельмі абмежаваныя сродкі. Затое ёсць чытачы. Яны для нас — найважнейшыя. І застаемся вернымі той задуме, якая была і ў 1956‑м, — быць памочнікам і спадарожнікам беларуса ад яго дзіцячых гадоў. Так ёсць і сёння».
Да 26 красавіка ў Падляшскім музеі «Ратуша ў Беластоку» можна наведаць юбілейную выставу архіўных фотаздымкаў выдання з гадоў 1956 – 2000. «Ніва. Фотаздымкі».
@bajmedia