• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Нямецкі парламентарый стаў сімвалічным хросным Людмілы Чэкінай

    У межах кампаніі #WeS­tand­BYy­ou прадстаўнік нямецкай партыі «Саюз 90 / Зялёныя» Канстанцін фон Нотц узяў на сябе сімвалічнае шэфства над беларускай палітвязынкай Людмілай Чэкінай. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

    Канстанцін фон Нотц

    Канстанцін фон Нотц. Фота: з сайта spring96.org

    Дэпутат Бундэстага, прадстаўнік партыі «Саюз 90 / Зялёныя» Канстанцін фон Нотц пераняў сімвалічнае шэфства ў калегі Тэсы Гансэрэр. Спадарыня Гансэрэр больш не балатуецца ў Бундэстаг. 

    — Для мяне — вялікі гонар узяць шэфства.

    Людміла больш за дзесяць гадоў змагаецца за свабоду выказвання ў Беларусі — спачатку як юрыстка, затым як дырэктарка найбуйнейшага незалежнага медыя TUT.BY. За гэта яе ўнеслі ў тэрарыстычны спіс, арыштавалі ды асудзілі да 12 гадоў на закрытым судзе. Як дэмакраты, мы абавязаныя не забываць такіх людзей, як Людміла, і працягваць змагацца за іх вызваленне.

    Спадар фон Нотц падтрымлівае ўжо трэцяга палітвязня з Беларусі. 

    Леанід Судаленка выйшаў на волю ў 2023 годзе і змог з’ехаць у эміграцыю. Тамара Каравай, шэфства над якой я ўзяў у тым жа годзе, таксама была вызвалена. Але, на жаль, больш за 1200 палітычных зняволеных па-ранейшаму несправядліва знаходзяцца за кратамі.

    Я зноў заяўляю: Людміла Чэкіна і ўсе іншыя несправядліва асуджаныя ў Беларусі павінны быць неадкладна вызваленыя. Беларускія ўлады павінны спыніць гвалт, рэпрэсіі і адвольныя арышты, забяспечыць правядзенне свабодных і справядлівых выбараў, а таксама нарэшце гарантаваць выкананне асноўных дэмакратычных стандартаў і вяршэнства закона.

    Людміла Чэкіна пачынала кар’еру юрыстам у Жодзіне, у 2008 годзе пераехала ў Мінск, дзе ў статусе юрысконсульта далучылася да кампаніі «Надзейныя сістэмы» — асабіста рэкамендаваў заснавальнік Tut.by Юрый Зісер. Пасля курсаў Exec­u­tive MBA ў бізнес-школе ІПМ у 2017‑м узначаліла ТАА «Тут Бай Медыя». 

    Яе затрымалі 18 траўня 2021 года ў межах крымінальнай справы, распачатай супраць «Тут Бай Медыя» па абвінавачанні нібыта ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса).

    17 сакавіка 2023 года суддзя Валянціна Зянкевіч агучыла рашэнне суда: галоўнай рэдактарцы Tut.by Марыне Золатавай  і генеральнай дырэктарцы Людміле Чэкінай прызначылі 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці