• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ноч расстраляных (не толькі) паэтаў. Што варта ведаць і памятаць пра чорную дату ў гісторыі Беларусі

    «Салідарнасць» прыгадавае некалькі важных момантаў.

    Ноч растраляных паэтаў

    Сёння беларусы згадваюць тых, каго савецкія ўлады расстралялі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. У апошнія гады за гэтай трагічнай памятнай датай замацавалася назва «Ноч расстраляных паэтаў».

    А ўсё таму, што ў тым жахлівым расстрэльным спісе значыліся 22 літаратары — адны з найлепшых тагачасных паэтаў, пісьменнікаў і літаратурных крытыкаў. І з гэтай нагоды ў некаторых даследчыкаў тых змрочных падзей ёсць пытанні да такой назвы.

    Чарговая гадавіна тых чорных падзеяў — акурат тая нагода, каб прыгадаць, каго яшчэ з прадстаўнікоў тагачаснай нацыянальнай эліты пазбавілі жыцця сталінскія забойцы.

    З поўным спісам можна азнаёміцца тут, мы ж прывядзём колькі прыкладаў, якія яскрава сведчаць, што ноч 29 кастрычніка 1937-га, пры ўсёй павазе да забітых творцаў, стала апошняй не толькі для двух дзясяткаў нашых паэтаў.

    У тую ноч у Курапатах былі забітыя чатыры супрацоўнікі Віцебскай навукова-даследчай ветэрынарнай станцыі — Элізар Мазэль, Павел Мухін, Іван Карпенка і ўраджэнец Кубані Міхаіл Капітанакі.

    А таксама загадчык кафедры анатоміі Віцебскага ветэрынарнага  інстытута Барыс Абухоў і ягоны калега дацэнт Навум Замалін. Разам з імі быў рассталяны Канстанцін Гурскі, старшы ветэрынарны доктар, супрацоўнік ветупраўлення Наркамзема БССР.

    «Ноч расстраляных паэтаў» у Беластоку

    «Ноч расстраляных паэтаў» у Беластоку. Архіўнае фота

    Разам з паэтамі і празаікамі загінулі дырэктар трэсту «Галоўхлеб» Георгі Барзуноў, наркам унутранага гандлю Нохман Гурэвіч, начальнік упраўлення шкляной прамысловасці Мікалай Кандрашук, дырэктар Белпрамторга Саламон Кантар і начальнік службы Днепра-Дзвінскага параходства ў Гомелі Віктар Яркін.

    У курапацкі жоўты пясочак палеглі наркам саўгасаў БССР Андрэй Турлай і ягоны намеснік Леанард Лашкевіч, начальнік аддзела землеўпарадкавання Наркамата земляробства Ісак Фрыдман і намесьнік наркама земляробства Оскар Сапрыцкі. А таксама дырэктар конесаўгаса № 120 Георгі Стрэле.

    Важна памятаць і пра тое, што жахлівы акт масавага вынішчэння нацыянальнай эліты Беларусі ў 29 на 30 кастрычніка быў адным з эпізодаў доўгай ночы сталінскіх рэпрэсій, хоць і самым трагічным.

    Хваля вынішчэння расцягнулася на дзесяцігоддзе — з 1929-га па 1938‑ы. Яна закранула больш за паўтысячы літаратараў, навукоўцаў, выкладчыкаў, журналістаў і чыноўнікаў.

    Памяць пра іх дзесяцігоддзямі метадычна сціралася. Рукапісы, дзённікі і фотаздымкі знішчалі. Навуковыя працы і літаратурныя творы прыбіралі з бібліятэк, хавалі ў спецсховішчы, або проста палілі. Прозвішчы забітых і высланых у лагеры прыбіралі з энцыклапедый і даведнікаў.

    І ўсё адно праўда пра тыя чорныя гады прабілася ўверх і дайшла да нас. Гэта ўрок тым, хто ў сённяшняй Беларусі нявечыць чалавечыя лёсы. І ўрок нам — не забываць, каб гісторыя не паўтарылася. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці