• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Бюро: Новае медыя Times.by звязанае з «Сінезіс» — кампаніяй, якая дапамагае ў рэпрэсіях

    Беларуская група IT-кампаній «Сінезіс», якая пастаўляе тэхніку для платформы распазнавання твараў Kipod і знаходзіцца пад санкцыямі ЕС і Вялікабрытані, можа стаяць за стварэннем новага інфармацыйнага парталу Times.by, лічуць расследавальнікі «Бюро». Пра з’яўленне гэтага медыя ў беларускай інфармацыйнай прасторы БАЖ пісаў на пачатку студзеня.

     Новае медыя Times.by звязанае з «Сінезіс»

    Выданне Times.by пазіцыянуе сябе як «мультымедыйны інтэрнэт-рэсурс пра самае важнае і цікавае ў Беларусі і свеце». Яно належыць кампаніі ЗАТ «Таймс Медыя Груп», якая была зарэгістраваная ў ліпені 2025 года.

    Паводле інфармацыі крыніцы «Бюро», летась уладальнікі групы кампаній «Сінезіс» вырашылі стварыць уласнае буйное медыя, каб скласці канкурэнцыю недзяржаўным выданням, што засталіся ў Беларусі.

    Форма ЗАТ не прадугледжвае раскрыцця акцыянераў праз агульнадаступныя базы дадзеных. І хто менавіта валодае кампаніяй, дакладна невядома.

    Аднак «Бюро» знайшло факт, які паказвае на тое, што выданне Times.by звязанае з групай кампаній «Сінезіс». Пры рэгістрацыі дамена times.by быў пазначаны email times@altezza.org. Гэты дамен выкарыстоўваецца як карпаратыўная пошта ў структурах, звязаных з «Сінезісам».

    Электронная пошта на дамене altezza.org, указаная пры рэгістрацыі дамена times.by. Крыніца: анлайн-сэрвіс Whois

    «Бюро» здолела знайсці згадку гэтага паштовага дамена ў галаўной кампаніі «Сінезіс» і фірмах «Сінезіс Стратус», «Атлас Акме» (былая «Сінезіс Атлас»), «24х7 Панаптэс» і іншых.

    Syne­sis – беларуская група IT-кампаній, якая ў санкцыйных дакументах ЕС і Вялікабрытаніі апісваецца як пастаўшчык тэхналогій відэаназірання і відэааналітыкі (уключаючы магчымасці распазнавання твараў) для дзяржаўных сістэм, якімі карыстаюцца сілавыя структуры.

    У абгрунтаванні Вялікабрытаніі прама гаворыцца пра пастаўкі платформы Kipod у склад Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі (РСМГБ), якую выкарыстоўваюць сілавыя органы Беларусі. Саму сістэму ўжываюць з рэпрэсіўнымі мэтамі. З‑за гэтага Syne­sis падпала пад санкцыі ЕС і Вялікабрытаніі ў снежні 2020 года, а таксама была ўключаная ў санкцыйныя спісы OFAC/SDN у ЗША.

    Галоўная рэдактарка Times.by – Алена Круталевіч, былая галоўная рэдактарка БелТА, якая атрымала ў 2025 годзе падзяку асабіста ад Аляксандра Лукашэнкі. Дырэктар – Аляксандр Марцінкевіч, былы намеснік кіраўніка ПВТ.

    Цяпер вядома як мінімум пра восем журналістаў, якія працуюць у гэтым выданні. Гэта былыя або цяперашнія супрацоўнікі выданняў Sput­nik Беларусь, «Минск-Новости», Tochka.by, БелТА, «СБ. Беларусь Сегодня» і іншых.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці