У Еўрасаюзе анансавалі новы пакет дапамогі для беларускіх СМІ і праваабаронцаў
Падчас свайго візіту ў Брусэль Святлана Ціханоўская сустрэлася з еўракамісаркай па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Мартай Кос. Па выніках сустрэчы Марта Кос анансавала новы пакет падтрымкі для Беларусі, паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская і Марта Кос. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Анансаваны пакет будзе накіраваны на дапамогу:
- незалежным журналістам;
- праваабаронцам;
- актывістам грамадзянскай супольнасці.
Асобна абмяркоўвалася неабходнасць падтрымкі Беларускай службы «Радыё Свабода» і іншых незалежных медыя, якія працягваюць працаваць у выгнанні і супрацьстаяць прапагандзе рэжыму.
«Я вельмі ўдзячная нашым дыпламатычным партнёрам, якія не здаюцца разам з намі ўжо пяць гадоў. Вы ўспрымаеце Беларусь не як страчаную справу, а як надзею на перамены ў нашай краіне. Ніводная барацьба не можа быць выйграная ў адзіночку. І я ўдзячная вам за падтрымку нашай барацьбы супраць рэжыму.
Мы ўяўляем сабой альтэрнатыву «рускаму свету» і ўладзе Лукашэнкі. На гэтым шляху мы не адны. Мы з вамі, мы з усёй Еўропай. І я веру, што аднойчы мы разам адсвяткуем нашу перамогу», — заявіла Святлана Ціханоўская.
У паведамленні Офіса Святланы Ціханоўскай адмыслова адзначаецца, што
«дэмакратычныя сілы Беларусі не ўдзельнічаюць у размеркаванні гэтай дапамогі — яна ажыццяўляецца праз адкрытыя конкурсы і праграмы Еўрасаюза».
